Кіраўнік МУС расказаў, колькі цяпер у Беларусі мігрантаў з Пакістана
У Беларусі толькі каля 300 мігрантаў з Пакістана, ілюстрацыйнае фота / pexels.com
На сёння ў Беларусі знаходзяцца 324 мігранты з Пакістана. Такую колькасць назваў міністр унутраных спраў Іван Кубракоў на пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў падчас разгляду законапраекта аб ратыфікацыі Мемарандума аб узаемаразуменні паміж Беларуссю і Пакістанам па супрацоўніцтве ў сферы працы і працаўладкавання.
Кіраўнік МУС заявіў, што праблем з пакістанскімі мігрантамі няма і парушаюць яны хіба што міграцыйнае заканадаўства: "Гэта значыць пражываюць не па месцы, дзе яны зарэгістраваныя, альбо парушылі тэрміны рэгістрацыі і гэтак далей. Парушэнняў грамадскага парадку з боку гэтых грамадзян намі не зафіксавана за 2025 год".
Пры гэтым ён дадаў, што "было адно злачынства, якое было здзейснена групай асоб, дзе быў і грамадзянін Пакістана". Аднак падрабязнасці гэтай справы Кубракоў не агучыў.
Раней Міністэрства ўнутраных спраў паведамляла, што за ўвесь 2025 год у Беларусь прыбыў 561 працоўны мігрант з Пакістана. Мяркуючы па цяперашняй колькасці, ладная частка мігрантаў не затрымалася на працы ў Беларусі.
Афіцыйны Мінск заклапочаны дэфіцытам працоўных рук. Аляксандр Лукашэнка спрабаваў дамовіцца з уладамі Пакістана аб прыездзе да 150 тысяч працоўных мігрантаў з гэтай краіны. Такая колькасць абурыла многіх беларусаў. Эксперты выказвалі меркаванне, што арганізаваць такую працоўную міграцыю не ўдасца, бо Беларусь не можа прапанаваць пакістанцам заробкі нашмат большыя, чым у іх на радзіме.