Вы тут

Новае пакаленне. Крэатарка Кацярына Ізафатава ў правільнай прасторы

Тут і далей фота: Таццяна Менская / Еўрарадыё

Яны таленавітыя харызматыкі, яны ўжо мяняюць наша жыццё. Яны жывуць па сваіх правілах і ператвараюцца ў новых лідараў. Еўрарадыё і фатографка Таццяна Менская працягваюць праект “Лад жыцця. Новае пакаленне”. Сёння наша гераіня — мастацтвазнаўца Кацярына Ізафатава, загадчыца аддзела сучаснага беларускага мастацтва ў Нацыянальным мастацкім музеі.

Зараз Кацярына рыхтуе экспазіцыю "Игры. Гульнi" да  II Еўрапейскіх гульняў. Мы сілай адарвалі яе ад працы, каб пагаварыць пра мастацтва.

Іду наперад, нават калі вельмі баюся. Але, думаю, гэта больш перфекцыянізм, чым страх і няўпэўненасць. Заўсёды турбуюся за вынік. Мне вельмі важна, ЯК гэта атрымаецца, я не магу не хвалявацца.

Успамінаючы Сальвадора Далі, разумею, што не трэба баяцца ўласнай дасканаласці (усміхаецца). Яе проста не дасягнуць! Але спрабаваць трэба. Я за дасканаласць ва ўсім. Пасля дыплома мастацтвазнаўцы пайшла "магістратурыцца" і "аспірантурыцца". Беларускі авангард канца XX стагоддзя абрала падсвядома, хоць мае эстэтычныя перавагі на той момант былі бліжэй да мадэрнізму.

Экспрэсія жыве ўва мне. Першы мой даклад на студэнцкай канферэнцыі быў на тэму экспрэсіянісцкіх тэндэнцый у творчасці Хаіма Суціна. І калі б спыталі, якую карціну я б павесіла ў сябе дома, — не задумваючыся абрала б што-небудзь з яго творчасці.

Задаю сабе пытанні, чаму так мала зрабіла ў 20, 22, 25? Цяпер мне 35, але паспяваю ў разы больш. Думаю, той час мне патрэбен быў для атрымання вопыту, таго бэкграўнду, што маю цяпер. Прыйшло разуменне, што ты цікавы, цябе слухаюць і чытаюць, тут немалаважны водгук арт-калег. Не ператварыцца ў зануду, наадварот, навучыцца спалучаць розныя методыкі публічных выступаў і ў выніку выйсці на сваю і навучыцца свабодна думаць у ідэалагічна "правільнай" прасторы — заслуга маіх настаўнікаў і асяроддзя.

Пафасныя павярхоўныя веды мяне раздражняюць.

Экскурсія — гэта міні-спектакль. Трапляліся такія складаныя групы, што прымушалі літаральна падключацца да космасу, спрабаваць усё методыкі ўступлення: ад клаўнады і атракцыёна да вяшчання з выглядам вучонага з вялікім імем. Апагеем была амаль нервовая сесія на разрыў: "Так, я хачу вам спадабацца!" І нават гэта не спрацавала! Потым я даведалася, што гэта была група страхавальнікаў: яны застрахавалі ў сваім жыцці ўсё, нават эмоцыі... Цяпер у мяне склаўся свой стыль вядзення экскурсій: я і насычаю расповед тэрміналогіяй — люблю "грузануць", і раблю разрадкі.

Мама хацела, каб я стала музыкам. Любоў да візуальных мастацтваў перамагла, але рукі ў мяне жывуць сваім жыццём: калі не граюць на фартэпіяна, то граюць у паветры, такая ўжо маторыка. Рухі "расхінуць-захінуць футра"— гэта ўжо некантралюема. А, прыйшоўшы дадому пасля якога-небудзь праекта, магу ізаляваць сябе ад родных, уключыць музыку і танцаваць. Такая псіхатэрапія мне дапамагае.

Калі б я не стала мастацтвазнаўцам, працавала б у свеце моды — мама да гэтага часу ўзгадвае парэзаны мною дэфіцытны японскі шоўк на бермуды. Мяне здзіўляе, калі чалавек з мастацтва выглядае як прараб. У нас і такое бывае, не хачу пакрыўдзіць прарабаў.

Мастацтвазнаўца павінен мець must have "нагледжанасці" — не толькі чытаць, але і ездзіць-глядзець. Я забылася пра пляжны адпачынак, выбар краіны для адпачынку напрамую залежыць ад выставачнай дзейнасці музеяў. У кастрычніку выбралі Мадрыд — у музеі Цісэна-Барнемісы была рэтраспектыва Макса Бекмана. Выстава аб'яднала самыя буйныя музейныя зборы з усяго свету. Толькі калі сам бачыш гэтае святло, колер, архітэктуру, расстаноўку экспанатаў— поўны дызайн-праект, не кажучы ўжо пра канцэпт — разумееш, якая гэта падзея і вар'яцкая праца куратараў.

У 2012 годзе пашчасціла быць у Парыжы на рэтраспектыве Хаіма Суціна. Іншых слоў, акрамя "вау-вау-вау", я не магла вымавіць. Тры гадзіны ў зале мяне не адпускала ні адна карціна... Шок. Ад мастацтва, ад падачы. Пасля такіх паездак ясна бачыш сваю задачу — сістэматызаваць убачанае і рэалізаваць у нас. Я паспрабавала з дапамогай сваіх калег гэта зрабіць у выставе Ізраіля Басава летам 2018 года.

Самае страшнае, калі разумееш, як нам далёка, бо нарадзілася новая экспазіцыйная культура, дзе сама выстава — твор мастацтва. Мая мара — мадэрнізаваць усё, і тычыцца гэта не толькі сучаснага мастацтва! На выставе ў Барселоне іспанскі абстракцыяніст XX стагоддзя Тапіас суседнічае з раманскіх фрэскамі XII стагоддзя, і гэта глядзіцца як адзінае цэлае. Чаму не выкарыстаць гэты прыём у нас?

Тыя, хто не ведаюць мяне блізка, думаюць, што я халерык. Гэта выяўляецца перш за ўсё ў тэмпарытме маўлення, пластыцы рухаў. Я ўсё раблю хутка: рыхтую, набіраю тэксты, кажу.

А сярод усіх відаў спорту аддаю перавагу бегу. Калі справа тычыцца тэкстаў, тады, гаворачы музычнымі тэрмінамі, я — andante. А ў жыцці — бясконцае vivo і vivace.

Я запальчывая — хутка заводжуся, магу і агрызнуцца, часам рэзка заплакаць і нават загарлапаніць. Але гэта непрадуктыўныя станы. А вось сум люблю. Сумаваць добра. У суму ёсць свае прычыны і "беспрычыны". Галоўнае, каб ён не пераходзіў у пакуты — гэта цяжка, калі дыхаць немагчыма... Нейкая я паталагічная атрымліваюся?

Якое такое какецтва? У мяне такая колькасць працы, што, здаецца, я не кветка, а бясконцы садоўнік.

Неяк так падбіраецца па жыцці, што ў асяроддзі маім не проста мастацтвазнаўцы, музейшчыкі, журналісты, а людзі, якія цэняць і разумеюць гумар. Падколы, прыколы, гучны рогат — гэта ў нас як спорт. Аднойчы на дні нараджэння мы арт-кампаніяй так рагаталі, што на наступны дзень адчуванне было, як быццам я пасля доўгага перапынку разоў сто мацавала прэс.

А вы б так змаглі?

Фота, ідэя, тэкст — Таццяна Менская
Стылістка — Надзея Сліжэўская