Вы тут

Новае пакаленне: Саша Раманава, у якой "хімія" з медыя

Саша Раманава / Тут і далей фота Еўрарадыё

Яны таленавітыя харызматыкі, яны ўжо мяняюць наша жыццё. Яны жывуць па сваіх правілах і ператвараюцца ў новых лідараў. Еўрарадыё і фатограф Таццяна Менская працягваюць праект "Лад жыцця. Новае пакаленне". Сёння наша гераіня — дзёрзкай знешнасці журналістка Саша Раманава, аўтар баябука "Марцаў" і дырэктар кампаніі "Мінт Медыя", якая выпускае KYKY.org і "The Village Беларусь".

Мама ў мяне філолаг. Бацька — аўтагоншчык. Ён не жыў з намі, але, мабыць, мне перайшлі дзве яго генетычныя вар'яцінкі — любоў да гоначных аўто і азарт прымаць рашэнні. Бо мне прыйшлося ў вельмі сціслыя тэрміны перавучвацца з галоўнага рэдактара на кіраўніка, пераскокваць са штаноў журналіста ў кіраўнікі кампаніі. Скакала на хуткасці.

Я навучылася арганізоўваць сваё жыццё так, каб ні ад кога наўпрост не залежаць. Прыдумала свой свет, які пакуль мяне задавальняе цалкам. Ганаруся, што ні дня ў жыцці не прапрацавала на дзяржаву.

Мне цікавыя аўтаномныя моцныя мужчыны. Перш за ўсё тыя, каму цікавая я сама. Калі партнёру важная мая рэакцыя на тое, што адбываецца, мяне захапляе ідэя рабіць нешта разам. Але ёсць табу — ён не павінен быць са сферы журналістыкі. Гэта мая ніша, і я ў ёй разбіраюся занадта добра, каб адчуваць прыемнае ўзбуджэнне ад чужога досведу.

Стварэнне СМІ — гэта хімія. Майстэрства, чуйка, мастацтва. Ты павінен сам навучыцца адчуваць, як працуе слова, разумець тую мяжу, дзе правакацыя ператвараецца ў пошласць.

Думаю, калі б я выпусціла кнігу "Марцаў", не папрацаваўшы тры гады ў KYKY, мяне б змялі з твару зямлі: "Хто гэтая выскачка, адкуль яна ўзялася? Чаму піша кнігу яна, Пятра ж мы ведалі лепш, нам ён гэтых гісторый не расказваў?!" Я на сто працэнтаў упэўнена ў сваёй праваце, у мяне захаваліся падрадкоўнікі гутарак з Пятром. Час ужо паказаў: цікавасць да Марцава не загасла, кніга "працуе" значна даўжэй, чым я чакала.

Самае сур'ёзнае, што адбываецца з часам, — незваротныя абмежаванні, якія на цябе накладвае тваё ўласнае цела. У мяне няма аднаго пазваночнага дыска і цалкам адсутнічае адчувальнасць правай пяткі. Я павінна займацца спортам 2-3 разы на тыдзень, каб не разваліцца на кавалкі. Чым у больш юным узросце ты пачнеш "ламацца", тым раней атрымаеш ад дактароў выразную інструкцыю па эксплуатацыі арганізма. Мне здаецца, у 50 гадоў перажыць сур'ёзную хваробу, якая раптоўна трушчыць абсалютна здаровага чалавека, значна складаней.

Баюся, я з тых, хто рана ці позна можа ператварыцца ў бурклівую старую. Нават рэдактарам я была досыць непрыемным. Калі ў часопісе "Доберман" мне па нейкай прычыне не падабаўся тэкст, то я яго "паляпшала" перапісваннем. Прымудралася перапісваць нават Віцю Марціновіча — тут я, вядома, дала маху. Ён ад гэтага ў захапленні не быў і друкаваў свае ж калонкі для "Добермана" без рэдактуры ў ЖЖ. Карацей, я многіх пакрыўдзіла. (Смяецца.)

Кожныя 10 гадоў у Мінску і ў Беларусі абсалютна абнуляецца памяць спажыўца. Пры такім лішку інфармацыі цяперашняя моладзь нагадвае мне рыбку Доры з мультфільма "У пошуках Нэма", якая хварэла на правалы ў памяці. Можна нават правесці эксперымент — раз на пяць гадоў паказваць у "Фэйсбуку" адно і тое ж фота. Напрыклад, "Лі Харві Освальд у Мінску. Забойца Джона Кенэдзі на заводзе "Гарызонт" у 1960 годзе". Рэакцыя будзе заўсёды аднолькавая: "Э, не можа быць! Гэта фоташоп?" Перада мною ўжо трэцяе новае пакаленне, якое ніфіга не памятае з мінулага. А мне трэба зразумець, што яго чапляе, а што не, і займацца нейкімі тлумачальнымі функцыямі.

З натхняльнікаў-мужчын, акрамя Пятра Марцава, у мяне ў галаве заўсёды Саша Васілевіч [кіраўнік рэкламнага агенцтва Vondel/Hepta. — Еўрарадыё]. Саша мае дзівосную ўласцівасць матываваць цябе на рашучыя дзеянні. І яшчэ ён да гэтага часу верыць у журналістыку.

Стараюся не зачароўвацца людзьмі і не весціся на першае ўражанне. Чаму важна адключаць чуйку? Уявіце, у каманду прыйшоў неймаверна разумны чароўны суразмоўнік, з якім можна гадзіны дзве размаўляць пра будучыню чалавецтва. Але толку з яго, калі ён дэдлайна не выконвае? Ці, наадварот, у вас з калегам неймаверная розніца ў бэкграўндах, і ён не ведае, чым Уільям Гібсан адрозніваецца ад Мэла Гібсана. Пры гэтым укалвае як мегамонстр, расце штосекундна і развіваецца. Важны вынік: якасны і галоўнае — рэгулярны. Як секс.

Дакладна не маю ніякага дачынення да luxury. Жыву ў невялікай багемнай кватэрцы з высокімі столямі, не маючы ахвоты атачаць сябе супердарагімі рэчамі. Мне бліжэйшыя старызна, антыкварыят і дызайнерская думка. Хоць я і шапаголік, які абажае рэдкія брэнды, але адзяваюся так, каб было зручна. Мне важна адчуваць сябе ў вобразе, інакш псуецца настрой. Мая дачка называе маю звычку адзявацца бомж-стайлам, але гэта, хутчэй, бліжэй да панка.

Мне па-сапраўднаму балюча ад выродлівай архітэктуры. У мінулым жыцці я была архітэктарам. У Мінску ёсць некалькі будынкаў-аддушын, і я будую свае штодзённыя маршруты так, каб заліпаць на хвілінку паміж Чырвоным касцёлам справа і шэдэўрам канструктывізму Лангбарда злева [Дом урада. — Еўрарадыё]. У любым спальніку пачынаецца дэпрэсія.

Я ўлюблівы чалавек, які ўмее старанна хаваць эмоцыі. Не люблю расказваць пра асабістае. Пры гэтым ведаю свае слабасці і магу з сябе пасмяяцца.

Страшэнна баюся сцэны і за 15 хвілін да любога публічнага выступу пачынаю рэпеціраваць у прыбіральні. Проста зачыняюся і расказваю ўнітазу сваю прамову.

Я магу і ўмею выкарыстоўваць жаночыя чары ў справе і бізнесе, але які ў гэтым сэнс? Давайце мы проста зробім свой абяцаны кавалак працы добра! Адпаведна, я плаўна саскокваю з недарэчных размоў. Марыць — ну, хай мараць.

Вельмі хачу нешта зрушыць з месца ў інфармацыйным парадку дня, каб краіна стала менш саўковай і прарасійскай — дзеля гэтага і займаюся медыя. Вось проста хочацца хоць нейкія сакавітыя гады пажыць цывілізавана. Вядома, можна памарыць пра жыццё на дзве краіны, але поўны пераезд я нават не разглядаю. Не хачу ўсё страціць і зноў пачынаць з нуля — гэта ўжо было са мной. Там знікне каштоўнасць асобы, і я не веру ў аддаленую працу.

Не магу сказаць, што цяпер у мяне праца мары, таму што зарабляць на журналістыцы — гэта пекла і кроў, пот і слёзы. Але сёе-тое я рабіць навучылася. Ужо магу (у сваіх неспакойных снах) памарыць пра будучае кіраўніцтва нармальным вялікім холдынгам.

Фота, ідэя, інтэрв'ю — Таццяна Менская
Візаж — Надзея Сліжэўска

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.