Вы тут

Новае пакаленне. Святлана Ціханоўская: буду сумаваць па гэтым стане ўсё жыццё

Святлана Ціханоўская / Еўрарадыё

Яны таленавітыя харызматыкі, яны ўжо мяняюць наша жыццё. Яны жывуць па сваіх правілах і ператвараюцца ў новых лідараў. Еўрарадыё і фатограф Таццяна Менская працягваюць праект "Лад жыцця. Новае пакаленне". Сёння наша гераіня — Святлана Ціханоўская, хатняя гаспадыня, якая за два месяцы вырасла ў рэальную пагрозу для Аляксандра Лукашэнкі.

Кожнае выступленне я нейкая новая. Раней было прасцей: штанішкі-маечкі. Цяпер мне стала цікава нават — кожны раз быць рознай.

Ямачкі? Так, я ведаю пару сакрэтаў! (усміхаецца). У мяне своеасаблівы твар, але я навучылася сёму-тому. Заўважыла, што на фотаздымках стала атрымлівацца агрэсіўней і больш упэўнена — ніколі раней такога не было.

Кудзеры? Бачу сябе больш сціплай, а гэтыя кудзеры дадаюць мне нейкага шыку, ці што... Няма ў мяне ў гэтым неабходнасці.

Святлана Георгіеўна? Ды не, я — Света.  Мне крычаць на ўсіх мітынгах у падтрымку: "Света, Света!" І я ні разу не задумвалася, што для іншых, можа, я і Святлана Георгіеўна... (уздых). А калі сталі падыходзіць на вуліцы, каб зрабіць сэлфі, я адчула, што ў людзей таксама сэрца калоціцца — хвалююцца. Мне і самой няёмка: рабяты, вы чаго, ды я такая ж, як вы!

За месяц ты не зменішся, не пойдзеш супраць сваёй прыроды. Мне цяжка вытрымліваць столькі ўвагі. Калі давялося выйсці на сцэну — дрыжаў голас. Ды ўсё!

Мой страх нікуды не знік. Але гэта не страх перад людзьмі — яны ж мяне так падтрымліваюць. Страх, што забуду нешта важнае сказаць, не знайду патрэбнае слова, пераблытаю з-за хвалявання. За апошні месяц у мяне сышло 12 кг.

Хто першы да каго падышоў? Сяргей ці я?

У адзін з панядзелкаў мы са студэнткамі-сяброўкамі пайшлі ў клуб, гэта было ў Мазыры, дзе я вучылася. Для студэнтаў у гэты дзень было ўсё бясплатна, але людзей у клубе зусім не было. Селі за бар, і раптам з падсобкі выйшлі два чалавекі, адзін з іх быў такі гучны ў прасторы, харызматычны вельмі — яго нельга было не заўважыць. Гэта і быў Сяргей.

Дзяўчынкі, а чаго вы сёння прыйшлі? Прыходзьце ў пятніцу, я вам зараз папрашу запрашальны ў дырэктара.

— А вы хто? — спыталі мы яго тады, і Сяргей прадставіўся электрыкам. Ужо на наступны ж дзень Сяргей нейкім чынам знайшоў маю сяброўку і праз яе перадаў, што запрашае мяне на спатканне. І аказаўся зусім не электрыкам, ён быў уладальнікам таго самага клуба. Мы сталі сустракацца, вечарамі я вучыла свае студэнцкія ўрокі ў яго кабінеце, пакуль ён вырашаў свае справы. Сяргей хацеў, каб я была побач, а гэта быў адзіны спосаб.

Я падсвядома адчувала сваю прывабнасць, але вось упэўненасці ў сабе такой, як у многіх дзяўчынак, ніколі не было. Магла, ведаючы ўрок амаль ідэальна, расхвалявацца ля дошкі перад класам. Увага з боку — не мой канёк. Найвышэйшай асалодай для мяне было проста сядзець і чытаць. Я вельмі, вельмі хатняя.

У дзяцінстве адпачывала ў бабулі ў вёсцы. Колькі ж любові я тады атрымлівала ад усіх вакол! Усё ж такі сямейныя каштоўнасці ў нас былі заўсёды на першым месцы. Я расла ў любові, адчувала гэтую любоў. Напэўна, яна перадалася мне на нейкім генетычным узроўні. Гэтай любоўю, якую я з лішкам атрымала ў дзяцінстве, я і дзялілася потым з мужам. Магчыма, нават нешта мяняла ў ім.

А адносіны з Сяргеем былі асаблівыя. Вось кветкі ён не любіць дарыць. І падарункі таксама неяк так... ды і для мяне гэта было не галоўнае. Але на працягу года мог раптам здзівіць. Ён быў часта ў раз'ездах, а я ўвесь час з дзецьмі, — ну сапраўдная такая мама. Аднойчы ноччу раптам прыехаў і моцна здзівіў, працягнуўшы ліст: "Дарагая жонка! Мы пражылі 10 гадоў разам, і гэта былі шчаслівыя гады майго жыцця. У знак падзякі хачу запрасіць цябе ў Парыж". Ён ужо і прывёз маю маму, каб яна пасядзела з нашым сынам. А праз 4 гадзіны ў нас ужо быў самалёт.

Сяргей занадта самастойны, і ўсе рашэнні прымаў заўсёды сам. Мы спачатку нават спрачаліся! Не часта, а толькі тады, калі адбываліся рэчы, якія чаплялі мае ўнутраныя каштоўнасці. Упэўненая ў сваёй праваце, я магла даць адпор. Тады Сяргей саступаў.

Муж ніколі не ўцягваў мяне ў свае справы, каб не перажывала за яго. Вядома, я разумела, што ўсё гэта можа быць небяспечна, але паўплываць не магла. Ён жа самадастатковы чалавек, і я магла яго настроіць супраць сябе.

Калі Сяргея арыштавалі перад самай падачай заявы ў ЦВК, я кідалася з кута ў кут: як дапамагчы яму, бо ён так даўно ішоў да гэтага. І падала сваю заяву, а старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына чамусьці ўзяла яе і зарэгістравала. Ну не апускаць жа мне рукі, раз ужо ўзялася. Тым больш — столькі падтрымкі вакол.

Я, напэўна, з тых жанчын, што сама на сябе выдаткаваць шкадую. Шопінг? Які шопінг? Часам разам з мужам мы хадзілі на яго, каб купіць нешта мужу (усміхаецца).

Для мяне ўсё, што цяпер адбываецца вакол, дзіўна і страшна. Але я іду наперад з добрымі намерамі, можа, нават да канца не ўсведамляючы гэтую ступень страху. Я дакладна ведаю, што буду сумаваць па гэтым стане эйфарыі... і змене сябе. Хутчэй за ўсё, усё жыццё.

Фота, ідэя, стыль — Таццяна Менская
Візаж, стыліст — Іна Цімафеева

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.