За чатыры дні з Беларусі ў Літву спрабавалі незаконна перабрацца 117 замежнікаў
На беларуска-літоўскай мяжы / VSAT
Ад 30 сакавіка па 2 красавіка мяжу Літвы з боку Беларусі спрабавалі незаконна перайсці 117 замежнікаў. Гэта амаль столькі ж, як за ўсе папярэднія тры месяцы 2026-га, адзначаюць у Службе аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.
Да гэтага тыдня за амаль тры месяцы памежнікі спынілі 135 нелегальных спробаў перасячэння мяжы з Беларусі. У некаторыя дні ўвогуле не было спробаў перайсці мяжу.
Таксама літоўскія памежнікі намалявалі партрэт сярэдняга парушальніка мяжы: "Апошнім часам мігранты, якія спрабуюць пранікнуць з Беларусі, часцей за ўсё гэта мужчыны прыкладна 20-40 гадоў, фізічна моцныя, здаровыя, нярэдка дзёрзкія, якія намагаюцца пазбягаць кантакту з супрацоўнікамі памежнай службы".
У ведамстве дадалі, што для мігрантаў Літва не мэта: яны проста хочуць праз яе трапіць далей у Заходнюю Еўропу, часцей за ўсё — у Германію.