"Не склалася" — Ціханоўская не даехала да Украіны ў Дзень Волі, хаця столькі размоваў было

Уладзімір Зяленскі і Святлана Ціханоўская

Уладзімір Зяленскі і Святлана Ціханоўская / tsikhanouskaya.org

У канцы студзеня Уладзімір Зяленскі запрасіў Святлану Ціханоўскую прыехаць у Кіеў. Было шмат размоваў пра тое, што яе першы афіцыйны візіт ва Украіну адбудзецца на Дзень Волі.

Але напярэдадні стала вядома, што Ціханоўская застаецца ў Варшаве. Да ўдзельнікаў арганізаванага ў Кіеве 25 сакавіка форуму "Шлях да Волі" лідарка дэмсілаў звярнулася анлайн.

Чаму візіт перанеслі з прыгожай і сімвалічнай даты? "Не склалася", — проста адказвае на гэтае пытанне суарганізатар форуму, кіраўнік "Украінскай прызмы" Яраслаў Чарнагор.

Намеснік дырэктара Міжнароднага цэнтра супрацьдзеяння расійскай агрэсіі Зміцер Грамакоў мяркуе, што карты Ціханоўскай зблытаў… Іран. Паводле яго, развіццё адносінаў афіцыйнага Кіева з дэмсіламі трэба разглядаць у кантэксце ўзаемадзеяння Украіны з ЗША. А вайна ў Персідскім заліве дадала ў і так няпростае ўраўненне некалькі новых пераменных.

На змену палітыкі ЗША — але на гэты раз ужо ў дачыненні да афіцыйнага Мінска — звяртае ўвагу і начальнік Упраўлення несяброўскіх краінаў МЗС Украіны Ілля Квас. Адказваючы на пытанне пра стратэгію Украіны ў дачыненне да Беларусі, ён кажа пра неабходнасць кансалідаванай пазіцыі Украіны і яе заходніх саюзнікаў. І калі еўрапейцы ў сваёй пазіцыі паслядоўныя, дык амерыканцы, якія актыўна працуюць над вызваленнем беларускіх палітвязняў, пайшлі на пэўнае пацяпленне стасункаў з Лукашэнкам. І ўкраінцам складана гэта ігнараваць.

Такім чынам, імаверна, візіт Ціханоўскай у Кіеў будзе адкладацца, пакуль не суцішыцца турбулентнасць на Блізкім Усходзе. А таксама — пакуль не стане зразумела, наколькі па сутнасці змяніліся адносіны Беларусі і ЗША.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.