Мельнікава магла трапіць у пастку спецслужбаў — Латушка
Анжаліка Мельнікава / Каардынацыйная рада
Дзейнасць Анжалікі Мельнікавай не адпавядала інтарэсам беларускіх спецслужбаў. Але яна магла трапіць у іх пастку. Пра гэта ў размове з журналістамі з Centrum Europy заявіў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка, заўважыў "Белсат".
Латушка звярнуў увагу, што адназначнай інфармацыі наконт знікнення Мельнікавай няма і ў Польшчы працягваецца расследаванне.
Ён звяртае ўвагу на факты, якія сведчаць пра антылукашэнкаўскую пазіцыю Мельнікавай. Дзякуючы яе намаганням у студзені 2025-га Сенат Польшчы прызнаў Каардынацыйную раду беларускім парламентам у выгнанні, была прынятая рэзалюцыя ПАСЕ аб непрызнанні Лукашэнкі прэзідэнтам Беларусі пасля "выбараў" у 2025 годзе і аб прызнанні КР, Аб'яднанага пераходнага кабінету і Святланы Ціханоўскай. Таксама Мельнікава са сваіх грошай аплаціла канферэнцыю па адказнасці Лукашэнкі за злачынствы, калі ад яе фінансавання адмовіліся ЗША.
Латушка падкрэслівае, што тэарэтычна Мельнікава магла б спыніць ці перашкодзіць шмат якім ініцыятывам, якія заміналі інтарэсам беларускіх і расійскіх спецслужбаў, але не зрабіла гэтага. "Пераходзячы ад фактаў да спекуляцыі, я не магу выключыць, што на нейкім этапе яна магла трапіць у пастку спецслужбаў. Што адбылося далей, я не ведаю. Следства вядуць афіцыйныя органы Польшчы, якія, магчыма, ведаюць пра гэта больш", — заявіў палітык.
Пракаментаваў ён і фатаздымкі Мельнікавай у Мінску, якія з'явіліся некалькі тыдняў таму. Латушка не выключае, што гэта было зроблена знарок перад візітам у Беларусь спецпасланніка прэзідэнта ЗША Джона Коўла. Пры гэтым ён заявіў, што на здымках "вельмі падобная да Анжалікі асоба", якая, магчыма, была знятая ў Беларусі. "Усё астатняе — здагадкі", — падсумаваў кіраўнік НАУ.
Спікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава апошні раз выходзіла на сувязь у канцы сакавіка 2025 года. Пазней стала вядома, што з рахунку яе фонду ў тым жа месяцы было выведзена каля 150 тысяч долараў. Журналісты выявілі, што жанчына пакінула тэрыторыю Польшчы і ЕС яшчэ 26 лютага 2025 года: праз Вялікабрытанію і Шры-Ланку яна прыляцела ў ААЭ, дзе яе сляды згубіліся. Таксама расследавальнікі выявілі яе магчымыя сувязі з супрацоўніком КДБ Беларусі Аляксеем Лабеевым.
19 сакавіка 2026-га ў інтэрнэце зʼявіліся здымкі жанчыны, падобнай да Мельнікавай. Яны былі зробленыя ў адным з мінскіх спартзалаў, які пачаў працаваць толькі ў студзені 2025 года. Бацька Мельнікавай сказаў журналістам "Нашай Нівы", што яна ўжо год як у Беларусі і тэлефануе яму са схаванага нумару.