"Дзень яднання" — гэта шыльда, за якой хаваецца знішчэнне нашай незалежнасці

Святлана Ціханоўская

Святлана Ціханоўская / прэс-служба палітыка

2 красавіка ўлады адзначаюць "Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі". Святлана Ціханоўская назвала ахарактарызавала яго як "ледзь не самае цынічнае так званае свята".

Паводле яе, "яднанне" — гэта толькі шыльда, за якой ідзе павольнае знішчэнне нашай ідэнтычнасці і незалежнасці. Бо ў Крамлі беларускі народ, беларуская культура і гісторыя разглядаецца толькі як дадатак да расіян.

"Гэты саюз ніколі не разглядаўся Расіяй як роўны, бо рабіўся дзеля павольнага знішчэння нашай ідэнтычнасці і незалежнасці. Каб потым проста растварыць Беларусь у "рускім свеце", аб якім так мараць. Як сказаў Карал Гаўлічак-Бораўскі, рускія часта называюць усё рускае "славянскім", каб потым назваць усё славянскае "рускім", — гаворыцца ў звароце Ціханоўскай. 

Яна нагадвае, што беларусы маюць сваю гісторыю, адрозную ад расійскай: "Яна еўрапейская: Статут ВКЛ, гарады з магдэбургскім правам, Скарына, нашыя школы, літаратура, традыцыя самакіравання. Нічога агульнага з тым, каб быць проста "малодшым братам".

Паўсюдную сёння прысутнасць Расіі ў Беларусі яна называе не сяброўствам, а цаной, якую з кішэні беларусаў плаціць Лукашэнка за ўтрыманне ўлады.

"Аднак за гэта беларусы плацяць сваёй бяспекай, суверэнітэтам, будучыняй. Беларусам не патрэбнае такое яднанне. Нам патрэбная Беларусь, якая сама вырашае, куды ісці, з кім сябраваць і як жыць. Беларусь, дзе паважаюць нашую мову, наш выбар і нашую годнасць", — заяўляе Ціханоўская.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.