Камандзір РДК расказаў, як спрычыніўся да нападу на коміка ідрака Мірзалізадэ
Ідрак Мірзалізадэ / Stand-Up Club #1 / Youtube
Камандзір Рускага добраахвотніцкага корпуса (РДК) Дзяніс Капусцін у інтэрв’ю Юрыю Дудзю расказаў, як ён спрычыніўся да нападу на стэндап-коміка Ідрака Мірзалізадэ ў 2021 годзе, заўважыла "Наша Ніва".
Тады Мірзалізадэ расказваў пра цяжкасці з арэндай кватэры ў Маскве, бо "нярускім не здаюць", а таксама пажартаваў пра рускіх і брудны матрац: "Мы з братам выкідалі абасраны матрац, а ў гэтай кватэры быў абасраны матрац. Папярэднія здымшчыкі, калі што, рускія. Мабыць, рускія абмазваюцца лайном і кладуцца спаць".
Праз нейкі час яго выступ раскрытыкавалі тэлеканал "Царград" і журналіст Уладзімір Салаўёў. А Капусцін напісаў такі пост наступнага зместу: "Ідрак Мірзалізадэ… фух, ледзь вымавіў. Ды зразумела (…) абнаглелы у**ак, нясмешны (…) клоўн. Няма чаго дадаць да гэтага абсалютна. Гэта ўжо добрая традыцыя, калі ўсякая дрэнь прыязджае ў Расію, расцвітае тут, а потым палівае ядам і лайном дарагіх рускіх суграмадзян".
Праз некалькі тыдняў пасля публікацыі Капусцін выклаў пост пра тое, як яго "неабыякавыя падпісчыкі" напалі на Ідрака. У каментары Дудзю Капусцін прызнаецца, што заклікаў да гэтага нападу: "Я не магу сказаць, што я яго арганізаваў, але я заклікаў да таго, каб мне даслалі відэа. (…) Я лічу, што жарт быў нясмешным. Я лічу, што ён быў зняважлівым і непаважлівым. Таму я сказаў, што я плачу 50 000 рублёў (каля 700 долараў. — Заўв.) таму, хто пакажа мне альбо відэа з прабачэннямі Ідрака, альбо відэа з… лайном, рускім лайном, якое ён згадваў у сваім фельетоне, якім яго, не ведаю, абальюць ці там нешта зробяць".
Праз некалькі дзён на Мірзалізадэ напалі невядомыя. Потым, як кажа Капусцін, яны самі з ім звязаліся, даслалі відэа і адмовіліся ад грошай — маўляў, дзейнічалі з "ідэалагічных меркаванняў".
Пасля нападу Капусцін і Мірзалізадэ ўступілі ў перапіску, якая доўжылася некалькі дзён. Капусцін кажа, што спрабаваў данесці сваю пазіцыю пра зняважлівае стаўленне стэндапера "да публікі, краіны, якая яго прыняла".
Капусцін лічыць, што без нападу Мірзалізадэ яго не пачуў бы і праігнараваў спробу патлумачыць усё на словах: "Ну давай уявім: ты ўмоўна папулярны стэндапер, і табе проста піша нейкі тып з 50 падпісчыкамі ў інстаграме і нешта там табе пачынае прад'яўляць. (…) Я нейкі ноўнэйм у яго вачах на той момант абсалютна. І ён што, стане рэагаваць ці стане выбачацца? (…) Тады б і размовы б не пачалося, разумееш?"