На расійскім дзяржрэсурсе паставілі і прыбралі калонку пра "яшчэ адну СВА" — у Літве
Вайсковец, ілюстрацыйнае фота / t.me/vvmvdrb
На расійскім дзяржаўным рэсурсе РІА "Новости" выйшла калонка пра "яшчэ адну СВА" — гэтым разам у Літве. Тэкст Аляксандра Насовіча з'явіўся зранку, а праз некалькі гадзінаў быў выдалены.
Насовіч з'яўляецца чальцом Савета па знешняй і абароннай палітыцы і экспертнага савета пры камітэце Дзярждумы. Калонку ён напісаў у адказ на тое, што парламент Літвы вырашыў адмяніць забарону на размяшчэнне ядзернай зброі. Тэкст называўся "Расію чакае яшчэ адна СВА. Яна будзе вельмі кароткай".
"Ваенны канфлікт у Прыбалтыцы проста ў сілу геаграфіі не можа быць такім жа, як ва Украіне", — заяўляў аўтар.
Калонка пратрымалася некалькі гадзін, пасля чаго знікла з сайта. Пазней у выданні патлумачылі выдаленне тым, што тэкст "не адпавядае меркаванню рэдакцыі, рэдакцыйнай палітыцы і дзяржаўнай палітыцы РФ".