Вы тут

Новае пакаленне. Стась Карпаў, кароль срачаў у фэйсбуку

Стась Карпаў / Еўрарадыё

Яны таленавітыя харызматыкі, яны ўжо мяняюць наша жыццё. Яны жывуць па сваіх правілах і ператвараюцца ў новых лідараў. Еўрарадыё і фатограф Таццяна Менская працягваюць праект "Лад жыцця. Новае пакаленне". Сёння наш герой — Стась Карпаў, "дызайнер сайтаў і ўсяго такога", кароль срачаў у фэйсбуку. 

Раней Стась любіў пажартаваць пра тое, што б рабіў, каб знянацку стаў прэзідэнтам. Але цяпер не да прэзідэнцтва. Цяпер Стась піша матывуючыя посты і адначасова лаецца матам. А ў жыцці ён проста мілы чалавек. 

Здымкі і размова для "Новага пакалення" з ім адбыліся ў жніўні, але рукі да іх дайшлі толькі зараз.

Калі вам кепска і ўсё падаецца безнадзейным — вешайцеся. Валіце. Але заткніцеся.

Зараз складана ўсім, і ні ў кога няма ніводнага лішняга, бескарыснага, запаснога граму сіл.

Увесь наш рэсурс — гэта калектыўная вера ў свае сілы.

Аднойчы я чытаў інтэрв’ю з Энтані Хопкінсам, і той расказваў, што перастаў хадзіць у сваю ўлюбёную кавярню ў Лондане таму, што там да яго ўвесь час прыставаў актор-пачатковец, які бясконца ныў пра свае няўдачы. Дык вось Хопкінс тады сказаў, што ныцікаў трэба пазбягаць усімі магчымымі спосабамі, бо яны робяць няўдачнікамі ўсіх навокал.

Гісторыя Беларусі гэта: майго тату забілі фашысты — майго дзеда забілі фашысты, майго прадзеда забілі фашысты — майго тату забілі фашысты.

Калі ў цябе замест твару — яб@ла, то ты ўсё жыццё носіш яб@лаклаву.

Беларус навучыўся любіць і цаніць іншых. Але ён пакуль не можа паверыць у тое, што іншыя перажываюць такую ж самую любоў. Усяму замінае комплекс падлетка, страх нераздзеленых пачуццяў.

Людзі, якія сталі народам, якім баліць за бліжніх, — яны ненавідзяць не толькі карнікаў. ЯНЫ НЕНАВІДЗЯЦЬ СЯБЕ за нерашучаць, за баязлівасць, за несалідарнасць у дзеянні. І калі ім прадставіцца шанс адпомсціць, рызыкуючы меней, яны адпомсцяць страшна.

Лайно на колцах знайшло тваю вуліцу, лайно на колцах шукае твой двор.

Лайно на колцах знайшло твой двор, шукае тваю кватэру.

Лайно на колцах знайшло тваю кватэру, шукае твой сцяг.

Гледзячы на гендарны склад маршаў пенсіянераў (і нашага, і "ябацькаўскага") і наогул у разрэзе гісторыі сёлетняй рэвалюцыі патрабую, каб нацыянальнасць у беларусаў перадавалася па мацярынскай лініі.

Усе мужчыны адрозніваюцца паміж сабой толькі тым, што баяцца розных жанчын.

Псіхалагічна рыхтуюся да перамогі. Але пасля яе мая незадаволенасць усім і арыентаванасць на срач нікуды не падзенуцца. Адразу пасля перамогі напішу прыблізна такое: да вы за@балі са сваім БЧБ. На дарозе БЧБ, на прыпынках БЧБ, на асфальце БЧБ, амаль на кожным слупе БЧБ, на "Табакерках" БЧБ, на дрэвах у лесе (!!!) БЧБ!

Сёння я нарэшце зразумеў сэнс каларыстыкі чырвона-зялёнага сцяга.

Чырвоны — стой. Зялёны — ідзі.

Сцяг інтэлектуалаў.

Слухаючы расійскіх аналітыкаў, якія пасмейваюцца з беларусаў, кажучы, што "яны нічога не дамагліся", хочацца адзначыць адну асаблівасць псіхікі назіральніка. Назіральнік хоча ўбачыць вынік перш, чым яму надакучыць назіраць. Патрабаванні ў яго да вашых дзеянняў такія ж, як і да паўтарагадзіннага фільма: ён абавязкова мусіць быць паўтарагадзінным і ён павінен быць пабудаваны па звыклых для гледача законах жанру.

Інакш кажучы, дарагія беларусы, слухаючы расійскіх аналітыкаў, не трэба ашукваць сябе. Часцей за ўсё вы маеце справу не з аналітыкай, а з глядацкім капрызам.

Пратэст плоскі! Зямля здзьмулася!

Апошні час сам сабе нагадваеш штангіста, які бярэ сваю максімальную вагу. Ён стаіць на памосце і не можа ні ўздыхнуць, ні міргнуць. Уся ягоная ўвага засяроджана толькі на ўтрыманні штангі, бо калі ён страціць канцэнтрацыю — штанга пераломіць яго напапалам.

Дзякуй, божа. Што скажаш тут. Дзякуй, божа.
За тое, што я выходжу, але прыходжу.
Што мы выходзім у горад — нібы у ложу,
У прыпазненні рушыўшы праз двары.
Схадзілі і пакурылі ля агароджы,
І дзень завяршаецца. Дзень такі харошы.
Мы ля ўваходаў скінем свае галошы,
Насвістваючы песеньку пра муры.
О, я там быў! гадзіну пражыўшы фонам,
Са сцягам хутчэй як белым, чым бел-чырвоным.
Затое ад прадзедаў, бла-бла-бла, яго нам
Пакінулі, быццам лепшае са сцягоў.
І дзякуй неверагодным нам і кандыдатцы,
Вось працадзень у нашай нялёгкай нядзельнай працы.
…А ён, бядак. Ён выйшаў, каб там застацца.
Каб мы цяпер прыходзілі да яго.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.