Вы тут

Новае пакаленне: зорны барытон Ілля Сільчукоў і шамаценне купюр

Ілля Сільчукоў у праекце "Новае пакаленне" / Еўрарадыё

Яны таленавітыя харызматыкі, яны ўжо мяняюць наша жыццё. Яны жывуць па сваіх правілах і ператвараюцца ў новых лідараў. Еўрарадыё і фатограф Таццяна Менская працягваюць праект "Лад жыцця. Новае пакаленне". Сёння наш герой — оперны спявак Ілля Сільчукоў.

Ілля — барытон. Запрошаны саліст вядучых опер свету. Ён выступае ў бельгійскай Каралеўскай оперы La Monnaie, у італьянскіх Teatro dell' Opera di Roma і Teatro Verdi Trieste, Oper Frankfurt у Германіі, Théâtre du Capitole Тулузы і Оперы Манпелье ў Францыі, у польскім Teatr Wielki — Opera Narodowa у Варшаве і ізраільскай "Опера Тэль-Авіў". А з Вялікага тэатра ў верасні 2020-га быў звольнены праз тры словы — "Стужкай, словам, дзеяннем", — сказаныя ў роліку "Культура за забастоўку". Ну вы ж самі ўсё разумееце.

Ілля Сільчукоў / Еўрарадыё

Самы лепшы камплімент свайму голасу я прачытаў у каментарах да майго выканання гімна "Магутны Божа" на ютубе. Адна дзяўчына напісала, што, калі ў яе не застаецца сіл жыць, яна слухае гэты гімн і зноў набывае надзею.

Ілля Сільчукоў / Еўрарадыё

Гумар — гэта галоўны засцерагальнік ад выгарання ў маім жыцці.

У мяне ёсць свае рытуалы перад выступам: для пачатку пажадана не рагатаць у кулісах. Гэта моцна бянтэжыць калег на сцэне, ужо цалкам паглыбленых у мастацкія вобразы.

Жарты жартамі, але ў выніку важна наладзіцца, ужыцца ў кантэкст, абжыць касцюм, грым, пластыку.

Ілля Сільчукоў / Еўрарадыё

З раніцы ўва мне часта гучыць: "Вставай, страна огромная!". Але іншы кантэкст цяпер...

Ілля Сільчукоў / Еўрарадыё

І ў рэстаране спяваць даводзілася, але, прабачце, гэта з рубрыкі: "Я быў малады, і мне патрэбныя былі грошы". Ну і на жалобных набажэнствах спяваю даволі часта, на жаль. Гэта частка майго рэгенцкага служэння ў пратэстанцкай суполцы, да якой я належу.

Верыць трэба, каб не толькі спяваць, але і для таго, каб проста жыць. Таму я — хрысціянін.

Ілля Сільчукоў / Еўрарадыё

Страшна-вясёлыя сны ў оперных спевакоў аднолькавыя. Стаіш на крутой сцэне ў святле сафітаў, і... нічога не відаць у тэксце, белы ліст у галаве. Глядзіш угору, на купал, спрабуючы ўспомніць хоць нешта. Потым на свой касцюм. А тут р-р-раз — і няма яго на табе! А-а-а-а-а, дык ты голенькі перад публікай!

На гэтым месцы звычайна ўсе оперныя спевакі прачынаюцца. Але бывае, што і не прачынаюцца.

Ілля Сільчукоў у студыі / Еўрарадыё

Дзіўная гісторыя: упершыню я трапіў у оперу з бацькамі. І менавіта на "Пікавую даму" Чайкоўскага. Ох, як жа я тады ўразіўся Графіняй — гэта была Алена Абразцова!

Прайшло 25 гадоў. На праекце "Вялікая Опера" Алена Васільеўна раптам, звяртаючыся да мяне, кажа: "Быў бы ў мяне свой тэатр — там абавязкова б спяваў Ілля Сільчукоў". Шчасце ёсць!

А потым: "Ілюха, чакай мяне ў Мінску, праспяваем разам "Пікавую даму".

На жаль, спектакль быў адменены праз хваробу Алены Васільеўны. У памяці засталася толькі афіша.

Ілля Сільчукоў у студыі / Еўрарадыё

Які ён, ідэальны гук? (Усміхаецца.) У 2010 годзе ў касе бухгалтэрыі "Крокус Сіці Хола" купюрная машынка двойчы пералічвала мае прызавыя — $15 тысяч наяўнымі за перамогу ў І Міжнародным конкурсе імя Мусліма Магамаева ў Маскве. А я стаяў і слухаў: фррррррр... шшш... фррррррр... шшш... М-м-м, якое гучанне!

Калі сур'ёзна, гэтыя грошы тады вельмі моцна нам, маладой сям'і, дапамаглі. Першы салідны ганарар на той час!

Ілля Сільчукоў пазіруе ў студыі / Еўрарадыё

Мастацтва павінна максімальна вызваляць мужнае ў мужчыне і жаноцкае ў жанчыне. Гэта тое, што засцерагае нас ад банальнай пошласці і манернасці.

Ілля Сільчукоў / Еўрарадыё

Ішоў 1997 год. Паездка нашага хору хлопчыкаў на гастролі ў Італію. Заблудзілі на серпантынах, а такая ўжо прыгажосць — сіл няма. Але і часу няма на прыпынак, спяшаемся. Адзін з нашых аднакласнікаў пайшоў наперад аўтобуса папрасіць у кіраўніцтва спыніцца. Але яго так моцна ўкалыхала, што ён не паспеў нічога сказаць. Вынік — першая ў жыцці шыкоўная фотасесія ў горах з сапраўднымі альпійскімі каровамі, каааайф!

Ілля Сільчукоў / Еўрарадыё

Не стаў бы музыкам — стаў бы садоўнікам. Люблю газонам вось займацца. Усё па Брэдберы.

 

Фота, ідэя — Таццяна Менская.
Візажыст — Іна Цімафеева.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.