Вы тут

Масленіца па-за законам: чыноўнікі ставяць крыж на мясцовым самакіраванні

Масленіца, якую арганізаваў КОТГС №127

Чыноўнікі папярэдзілі жыхароў Брылевічаў — мікрараёна на паўднёвым захадзе Мінска — што Масленіца, якую яны хацелі адсвяткаваць 13 сакавіка, будзе лічыцца несанкцыянаваным мерапрыемствам. Здаецца, нічога новага: за апошнія паўгода грамадзяне Беларусі сутыкаліся і не з такімі забаронамі. Але ўсё ж гэты выпадак — асаблівы. Лістом за подпісам намесніка кіраўніка Адміністрацыі Маскоўскага раёна Віталя Брэля мінскія ўлады фактычна ставяць крыж на КОТГСах — органах мясцовага самакіравання, якія ў апошнія гады развіваліся ў мікрараёнах.

Дваровае свята павінна было прайсці ў ЖК "Мегаполіс" — адным з пратэстных мінскіх кварталаў. Тым самым, са шпіля на высотцы ў якім сілавікі сем разоў здымалі БЧБ-сцяг. А арганізатарам Масленіцы выступаў мясцовы КОТГС №127 — калегіяльны орган тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, які працуе ў Брылевічах.

— Мы склалі план [святаў] на 2021 год. У студзені адаслалі ў ЖЭУ і адміністрацыю раёна. У лютым падалі апавяшчэнне з просьбай уключыць у план мікрараёна нашы святы, у адпаведнасці з Законам аб самакіраванні і ў адпаведнасці з планам, які мы, ініцыятыўныя грамадзяне і КОТГС, зацвердзілі — распавядае Таццяна Дзяшкевіч, старшыня КОТГСа №127. — І тут прыходзіць адказ ад адміністрацыі, што Масленіца будзе лічыцца несанкцыянаваным мерапрыемствам — у адпаведнасці з законам "Аб масавых мерапрыемствах".

Еўрарадыё: Атрымліваецца, што цяпер да вас на Масленіцу можа прыехаць аўтазак?

— Да нас і раней прыязджаў аўтазак, але ён нікога не чапаў, — працягвае Таццяна. — Я брала з сабой апавяшчэнне і адказ адміністрацыі, што яны ведаюць пра нашае мерапрыемства. Але нам ніколі раней не пісалі, што мерапрыемства не санкцыянаванае. На тым жа "Зубры" [светлавая фігура зубра — традыцыйнае месца збору жыхароў Брылевічаў. — Еўрарадыё] стаялі аўтазакі, але нас не чапалі. Проста назіралі: каб не было сцягоў, ніякіх лозунгаў. Цяпер я не ведаю, што будзе.

Што такое КОТГСы?

У Мінску існуе больш за сотню калегіяльных органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання — КОТГСаў. Простымі словамі — гэта група жыхароў раёна, якія хочуць зрабіць жыццё больш камфортным, развіваюць мясцовыя ініцыятывы і вырашаюць пытанні мясцовага значэння пры падтрымцы дзяржавы.

КОТГСы дзейнічаюць у рамках закона "Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні". Ім дазваляецца добраўпарадкоўваць прыдамавых тэрыторыі, падтрымліваць санітарны стан пад'ездаў, дапамагаць сацыяльна неабароненым катэгорыям грамадзян. Фактычна КОТГС — легальнае лакальнае кам'юніці, якое падтрымліваецца ўладамі. У асобных выпадках ён спакойна можа звярнуцца па дапамогу ў адміністрацыю раёна, ЖЭК, ЖКГ, сацслужбу або да "свайго" дэпутата. 

Ёсць і задачы, якія ўлады ставяць перад органамі тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання. Напрыклад, клапаціцца аб ахове правапарадку: актывісты КОТГСа могуць хадзіць з участковым па "праблемных" сем'ях або дапамагаць адаптавацца зняволеным, якія вярнуліся з-за кратаў. 

Актыў КОТГСа абіраецца адкрытым або таемным галасаваннем на мясцовым сходзе. Кандыдаты ў актыў могуць вылучацца жыхарамі, а таксама мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі ўлады. Як правіла, у актывістаў ёсць памяшканне ў будынку ЖЭУ, дзе яны могуць праводзіць сходы, прыёмы жыхароў па тых ці іншых пытаннях, а таксама іншыя мерапрыемствы.
 

Раней дазвалялі, цяпер не

КОТГС №127 у Брылевічах — адзін з самых першых у Мінску.

Мы некалькі разоў займалі прызавыя месцы, у 2019 годзе занялі трэцяе месца ў арганізацыі працы ў КОТГСе, — распавядае Таццяна Дзяшкевіч. — Мы арганізавалі кучу мерапрыемстваў рознай накіраванасці: ад дзіцячых калядак да дарослых мерапрыемстваў па захаванні культурнай спадчыны. Гэта значыць раней нам усё гэта дазвалялі, узгаднялі.

Свята, якое арганізаваў КОТГС №127 / Таццяна Дзяшкевіч

Але апошнім часам стасункі ўладаў і 127-га КОТГСа змяніліся, і гэтыя змены нельга назваць канструктыўнымі. Спачатку мясцовыя актывісты не атрымалі ўзгаднення адміністрацыі Маскоўскага раёна на свята на лепшы навагодні двор. Але правялі яго. Потым былі Калядкі.

Мы паслалі апавяшчэнне, але там адказалі, што, маўляў, паводле закону аб масавых мерапрыемствах звярніцеся ў Мінгарвыканкам. Мы звярнуліся ў Мінгарвыканкам, а там адказалі, што зварот пададзены не па форме. І сказалі звярнуцца ў адміністрацыю, каб нас паставілі ў план раёна.

Працяг гісторыі вы ўжо ведаеце: адміністрацыя раёна настойвае, што КОТГС павінен арганізоўваць свае святы ў адпаведнасці з законам "Аб масавых мерапрыемствах". Але гэта хітрасць. Еўрарадыё невядома ніводнага выпадку, калі б чыноўнікі дазволілі масавае мерапрыемства ў пратэстным двары, заяўка аб якім пададзеная ў адпаведнасці з гэтым законам.
 

Чаму КОТГСы наогул вырашылі, што маюць права нешта арганізоўваць?

Згодна з артыкулам 26 закона "Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні", адна з задач тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання — "садзейнічанне ў арганізацыі вольнага часу грамадзян". А што ёсць арганізацыя дваровага свята як не садзейнічанне ў арганізацыі вольнага часу жыхароў двара?

Каб праясніць сітуацыю, Таццяна Дзяшкевіч звярнулася за дапамогай да дэпутата Вольгі Цесаковай. Тая ў сваю чаргу накіравала запыт у адрас старшыні Мінгарвыканкама. Яна звярнула ўвагу чыноўнікаў на тое, што адміністрацыя раёна перастала ўзгадняць мерапрыемствы КОТГСа. І папрасіла растлумачыць: "Дваровыя мерапрыемствы, чаяванні, як і любая прыяцельская размова двух людзей — гэта масавае мерапрыемства? Спатканне двух маладых людзей — гэта таксама масавае мерапрыемства, від якога — сход?”.

З Мінгарвыканкама дэпутатцы прыйшоў адказ за подпісам намесніка старшыні Арцёма Цурана. Акрамя пералічэння дакументаў, якімі рэгламентуецца тое ці іншае дзеянне, там сказана: "Грамадзяне маюць права мець зносіны з суседзямі, знаёмымі, займацца спартыўнымі гульнямі ў спецыяльна адведзеных месцах, пры гэтым выконваць агульнапрынятыя нормы зносін, не ствараючы цяжкасцяў, а таксама перадумоў для шкоды ў дачыненні да іншых грамадзян".

Цесакова лічыць, што ад Цурана яна атрымала "некаторую інфармацыю, звязаную з нашымі пытаннямі, і няпоўнасць адказу". Ад сябе дадамо, што з рэакцыі чыноўніка ніяк не вынікае, што на Масленіцу ў ЖК "Мегаполіс" не прыедзе аўтазак.
 

Што далей?

КОТГС плануе даказваць, што вольны час, які ён арганізоўвае для жыхароў двара, не падпадае пад закон "Аб масавых мерапрыемствах".

— Мы маем права, як органы самакіравання, самаарганізавацца ў сваіх дварах. У дварах мы маем права праводзіць любыя мерапрыемствы. Якая санкцыя нам патрэбна? Чаму мы павінны яго ўзгадняць? — задае рытарычныя пытанні Таццяна Дзяшкевіч.

Яна кажа, што КОТГС збіраецца дзейнічаць у рамках закона. А значыць, наперадзе шмат бюракратычнай барацьбы. Што да Масленіцы, запланаванай на 13 сакавіка — звярнуцца ў суд для абароны свайго права на яго арганізацыю актывісты не паспелі. Таму КОТГС яе больш не арганізоўвае.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.