Вы тут

"Ганаруся, што ён не вырас падонкам": гутарка з бацькам адваката Андрэя Мачалава

Уладзімір і Андрэй Мачалавы / калаж Еўрарадыё​

“Распраўляцца з генафондам і будучыняй нацыі такім чынам — гэта злачынства”, — абураецца Уладзімір Мачалаў, адвакат з больш чым 30-гадовым прафесійным стажам.

16 чэрвеня стала вядома, што яго сына Андрэя Мачалава — таксама адваката, які абараняў палітычных зняволеных, — асудзілі на два гады "хіміі"

Справу супраць яго завялі яшчэ ў 2021 годзе, калі ён прыйшоў абараняць кліента ў суд, дзе даведаўся, што яго пазбавілі ліцэнзіі. Суддзя палічыла, што паказаны ёй адвакатам ордар — падроблены, і напісала на яго заяву.

У інтэрв'ю Еўрарадыё бацька Андрэя называе прысуд несправядлівым і ўсё яшчэ спадзяецца дамагчыся праўды.

Еўрарадыё: Давайце пагаворым пра тое, што здарылася, але адразу дамовімся: мы размаўляем з вамі як з бацькам, а не як з адвакатам. Ні адно з нашых пытанняў не датычыць вашай прафесійнай дзейнасці. 

Уладзімір Мачалаў: Што тут скажаш... Усё ясна і зразумела. Калі краіна так распраўляецца са сваімі грамадзянамі, прычым законапаслухмянымі, то з кім яна застанецца потым? З гэтымі "наркаманамі", са "збеглымі", якія гаўкаюць за мяжой, а не з патрыётамі, якія не бягуць як пацукі з карабля. Застаюцца на Радзіме і абараняюць яе — гэта не высокія словы, разумееце? 

Андрэю ўжо даўно казалі, каб з'язджаў. Ён адказваў: "Не, я не магу. Гэта мая Радзіма. Калі Радзіма ў небяспецы, я не магу яе кінуць". І за гэта чалавека судзяць? Гэта наогул нонсэнс. З кім мы застанёмся? З кім застанецца Беларусь? Пытанне, вядома, рытарычнае. 

Вы памятаеце, хто ў 1937 годзе забіў маршала Міхаіла Тухачэўскага? І таксама з добрапрыстойнай, быццам бы, прычыны... А што было потым? Як заліло нас крывёю? Бо кожны трэці беларус загінуў, гэта потым мы ўсвядомілі, што адбылася памылка. Тое самае і тут: цяпер здзяйсняецца памылка. Мы зразумеем гэта, але потым будзе позна. Проста намі маніпулююць і па-майстэрску гуляюцца лялькаводы. 

Генрых Ягода, Аляксандр Ягораў, Клімент Варашылаў, Міхаіл Тухачэўскі і Ян Гамарнік, 1935 год / © ТАСС

Еўрарадыё: Каго вы называеце лялькаводамі?

Уладзімір Мачалаў: Не хачу называць. Кажу ў цэлым: лялькаводы сядзяць за мяжой.

Еўрарадыё: Як вы ставіліся да таго, што Андрэй вёў даволі гучныя палітычныя справы ў такі небяспечны час? Ён, вядома, многім дапамог і ўсе яму вельмі ўдзячныя, але…

Уладзімір Мачалаў: Вядома, ён усё правільна рабіў, таму што мы яго так выхоўвалі: любіць сваю Радзіму і дапамагаць слабым. Але гэта, аказваецца, не трэба краіне. Беларусі гэта не трэба. Я гляджу цяпер па баках і думаю: а ці варта было? Хто гэта ацэніць?

На волі фігурантка "справы пра 0 праміле" журналістка Кацярына Барысевіч, якую абараняў Андрэй Мачалаў / "Фэйсбук"

Еўрарадыё: Можа, людзі, якім ён дапамог?

Уладзімір Мачалаў: Ведаеце, я пакуль гэтага не бачыў. Не адчуваю падтрымкі. А вердыкт — вось ён. Наогул, тут важнае стаўленне дзяржавы да таго, што адбываецца.

Еўрарадыё: Вы расчараваныя?

Уладзімір Мачалаў: Вядома. Я патрыёт сваёй краіны і так выхоўваў сына. Я расчараваны. Ці варта было?

Можа, трэба прыгінацца, як усе, усміхацца, пераабувацца своечасова і прыстасоўвацца? Можа, правільна быць падхалімам? Я цяпер ужо не ведаю, чаму верыць. 

Вядома, расчараваны. А іншыя людзі проста глядзяць... у нас у сям'і яшчэ двое дзяцей. Вось што я ім скажу? Як буду ў вочы глядзець? Яны ж спытаюць потым, маўляў, тата, ты нас няправільна выхоўваў. Што я павінен адказаць ім? Вядома, гэта кашмар і страшна.

Але я лічу, што гэты прысуд — памылка, і хтосьці гэтым умела карыстаецца. Заўсёды ж можна разыграць нейкую карту: пад выглядам расправы з непажаданымі можна прыдумаць што заўгодна. Вядома, так не павінна быць.

Еўрарадыё: Што будзеце рабіць і ці можна наогул нешта зрабіць?

Уладзімір Мачалаў: Хм ... вядома, будзем думаць і трэба абскардзіць. І яшчэ я лічу, што ў Беларусі павінныя ведаць, што робіцца. Такога не мусіць быць у нашай краіне.

Ён не забойца, не наркаман, не педафіл, разумееце? Даваць такі тэрмін! Нават педафілам часам менш даюць, якія разбэшчваюць маленькіх дзяцей. Уяўляеце? А па цяжкасці што страшнейшае? У вас ёсць маленькае дзіця? 

Вы толькі ўявіце, калі да маленькага дзіцяці вашага ... ай, не хочацца нават агучваць.... а яму даюць менш. Штраф, напрыклад... А такому чалавеку, як Андрэй — фактычна пазбаўленне волі…

Выхаваўчы працэс у аўтазаку, лета-2020 / Еўрарадыё

Еўрарадыё: Гледзячы на палітычныя рэпрэсіі, якія адбываюцца ў Беларусі, многія знаёмыя раілі Андрэю з'ехаць. Андрэй адказваў — не: "Вось мая зямля, мой дом, куды я паеду?” 

Уладзімір Мачалаў: Калі Андрэй быў маленькі, я чытаў яму, крыху перафразаваўшы, верш Сяргея Ясеніна:

 

Если крикнет рать святая:

"Кинь ты Беларусь, живи в раю!"

Я скажу: "Не надо рая,

Дайте родину мою".

 

Мы заўсёды з ім чыталі гэтыя вершы. Я лічу, што так і павінна быць. Вось гэта патрыятызм сапраўдны, а не такі наносны, калі сёння адно, а заўтра іншае. Зменіцца ўлада, і ўсе пярэкруты памяняюць сваё меркаванне: пабягуць як пацукі з карабля.  

Еўрарадыё: Вы размаўлялі апошнім часам з Андрэем? Як ён жыў? Які ў яго настрой?

Уладзімір Мачалаў: Ну як... Жыў, быў шчаслівы, будаваў планы, верыў у будучыню і лічыў, што Беларусь — еўрапейская цывілізаваная дзяржава, якая павінная абараняць. А атрымалася што? Асудзілі, як там напісана, "імем Рэспублікі Беларусь". Гэта цяжка ўсведамляць.

А прысуд мае і выхаваўчую ролю, правільна? Іншыя паглядзяць і скажуць: "А навошта нам гэта патрэбна. Можа, уцячы ў Польшчу?" І адтуль будуць пісаць, як добра ў Польшчы, што вы там, беларусы, седзіце, давайце сюды! Працу даюць, дзяцей — у садок. Кідайце ўсё!

Не... але пасля такога прысуду, можа, сапраўды варта задумацца? Як вы лічыце?

Еўрарадыё: Многія задумваюцца, многія з'язджаюць…

Уладзімір Мачалаў: Так, можа, гэтыя лялькаводы, пра якіх я кажу, і разлічваюць на нашую беларускую свядомасць? Я ж вам не выпадкова прывёў прыклад з Тухачэўскім. Яго ж таксама расстрэльвалі нашы НКВДшнікі і лічылі, што робяць правільна, што ён — вораг народа. 

Але пасля таго як мы абмыліся крывёю і страцілі кожнага трэцяга беларуса, мы раптам усвядомілі, маўляў, ой, праўда, за што ж мы яго забілі? Калі пачалі ваяваць, а як — военачальнікаў няма. Больш за 20 000 афіцэраў расстралялі перад вайной. Кагосьці — спецыяльна. 

Гітлер напаў, а ваяваць і няма каму. Цяпер год гістарычнай памяці, дык давайце ўсё ўспамінаць. Не толькі як фашысты расстрэльвалі мірных жыхароў, а тых, каго расстрэльвалі мы самі. Тухачэўскага давайце ўспомнім. Яго не Гітлер расстраляў, не эсэсаўцы і не гестапа, а мы — праваахоўныя доблесныя органы. Проста нам яго падвялі так прыгожа... далі ілжывыя дакументы, што ён агент Гітлера. 

Тое ж самае і цяпер адбываецца. Намі хтосьці кіруе. Усім зразумела, хто. Наша задача — не весціся на гэты выкрут.

Еўрарадыё: Апошняе пытанне: вы ганарыцеся вашым сынам?

Уладзімір Мачалаў: Вядома, ганаруся. Безумоўна. Натуральна. Я ўсіх дзяцей выхоўваў у патрыятычным духу. Я сам патрыёт і не збіраюся нікуды з'язджаць. Я ганаруся, што ён не вырас падонкам, не наркаман і не тарчок нейкі. Мне за яго не сорамна і маё сумленне чыстае.

Адвокат Андрей Мочалов в программе "Неверагодныя"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.