Драматычныя выбары ў Венгрыі. Хто пераможа, і пры чым тут Зяленскі?

Петэр Мадзьяр на мітынгу

Петэр Мадзьяр на мітынгу / AP

Парламенцкія выбары ў Венгрыі адбудуцца ўжо 12 красавіка, і гэтым разам прэм’ер-міністр краіны Віктар Орбан і яго нацыянал-кансерватыўная партыя “Фідэс” (Fidesz) сапраўды рызыкуюць іх прайграць. Паводле незалежных апытанняў, за іх гатовы прагаласаваць каля 35–37% венграў, у той час як апазіцыйная партыя “Ціса” (Tisza) набірае каля 56–58%.

На галасаванне зарэгістравалася рэкордная колькасць грамадзян Венгрыі за мяжой — 91 тысяча чалавек (на мінулых выбарах 2022 года было 65 тысяч).

Супрацьстаянне паміж галоўнымі апанентамі настолькі моцнае, што лідар “Цісы” Петэр Мадзьяр назваў у інтэрв’ю AP будучыя выбары “рэферэндумам пра месца краіны ў свеце”. Палітык мае на ўвазе дзве магчымыя дарогі для Венгрыі: яна працягне ісці шляхам аўтакратыі ці зможа вярнуцца да дэмакратычнай часткі Еўропы.

Пры гэтым некаторыя аналітыкі асцерагаюцца: у кантэксце будучых выбараў галоўнае пытанне не ў тым, хто пераможа, а ў тым, ці пройдуць яны ўвогуле свабодна.

Галоўная пагроза Орбану — яго былы прыхільнік

Лідар нацыянал-кансерватыўнай партыі “Фідэс” Орбан займае пасаду кіраўніка венгерскага ўрада з 2010 года. Калісьці актыўны антысаветчык, а цяпер абвінавачваны ў сімпатыях да Крамля, ён збірае прыхільнікаў, якіх агітуе галасаваць за яго — як за абаронцу ад “знешніх пагроз”.

Паказальна, што такімі пагрозамі ён лічыць прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага і прэзідэнтку Еўракамісіі Урсулу фон дэр Ляен. Менавіта іх твары часцей за ўсё з’яўляліся на перадвыбарных плакатах партыі “Фідэс” у Венгрыі (і, вядома, Петэра Мадзьяра як галоўнага праціўніка і “марыянеткі” вышэйзгаданых). На думку Орбана, менавіта гэтая тройца спрабуе ўцягнуць Венгрыю ў вайну.

Драматычныя выбары ў Венгрыі. Хто пераможа, і пры чым тут Зяленскі?
Перадвыбарчыя плакаты ў Будапешце / AP

Галоўны апанент Орбана на выбарах — юрыст і палітык Петэр Мадзьяр — яшчэ да 2024 года быў не самай прыкметнай фігурай у кіроўнай партыі “Фідэс”. Усё змяніў унутрыпартыйны скандал: прэзідэнтка Каталіна Новак памілавала намесніка дырэктара дзіцячага дома, асуджанага за ўтойванне злачынстваў супраць непаўналетніх. Гэта прывяло да адстаўкі прэзідэнткі і сыходу з палітыкі міністаркі юстыцыі Юдзіт Варга (былой жонкі Мадзьяра), якая падпісала дакумент.

Тады ж Мадзьяр апублікаваў у Facebook пост, які выклікаў вялікі рэзананс. Ён сцвярджаў, што Орбан несправядліва наклаў палітычныя санкцыі на абедзвюх жанчын. Палітык пакінуў пасады ў дзяржаўных кампаніях і даў некалькі гучных інтэрв’ю, у якіх, як інсайдар, раскрыў парушэнні ўнутры кіроўнай партыі.

З таго часу ён пачаў набіраць папулярнасць як новы лідар апазіцыі. Мадзьяр далучыўся да партыі “Ціса”, з якой атрымаў месца на выбарах у Еўрапарламент, і імкліва прыцягваў усё больш прыхільнікаў.

Драматычныя выбары ў Венгрыі. Хто пераможа, і пры чым тут Зяленскі?
Петэр Мадзьяр / Reuters

“Як умераная правацэнтрысцкая сіла, “Ціса” таксама здолела эфектыўна выкарыстоўваць нацыяналістычную рыторыку і прыцягнуць кансерватыўных выбаршчыкаў — тое, што доўгі час не ўдавалася прагрэсіўнай гарадской апазіцыі. Гэта дазволіла партыі замацавацца ў рэгіёнах і выйсці на тэрыторыю ключавога электарату “Фідэс”. Паводле апытанняў, партыя Орбана здолела захаваць перавагу толькі ў сельскіх раёнах, дзе выбаршчыкі застаюцца залежнымі ад дзяржавы і матэрыяльна зацікаўлены ў падтрымцы цяперашняй улады”, — піша Даніэль Хегедзюш для выдання The Insider.

Эканамічны крызіс і Уладзімір Зяленскі

Калі на выбарах 2022 года перадвыбарчая рыторыка “Фідэс” з запалохваннем наконт уцягвання ў вайну сыграла ім на руку, то сёлета гэты прыём ужо не спрацаваў. Кіроўная партыя абрала стратэгію запалохвання знешнімі пагрозамі, пакінуўшы ў цені важныя для венграў эканамічныя праблемы.

Краіна з насельніцтвам 9,5 млн чалавек адчувае падзенне эканомікі з 2020 года. Напрыклад, у 2025 годзе ВУП Венгрыі на душу насельніцтва з улікам парытэту пакупніцкай здольнасці склаў 76% ад сярэдняга па ЕС. Гэта пяты з канца паказчык.

Таму “Фідэс” нічога не застаецца, як працягваць канцэнтравацца на знешняй палітыцы, абвяшчаючы галоўнымі ворагамі Украіну, якая хоча ўступіць у Еўрасаюз і “пагражае бяспецы Венгрыі”, і сам Еўрасаюз, які нібыта імкнецца паставіць на чале Венгрыі “сваю марыянетку”, гэта значыць Мадзьяра.

Нягледзячы на тое, што Мадзьяр сам паходзіць з кансерватыўных колаў, ёсць чаканні, што ён не будзе блакіраваць дапамогу Украіне. Палітык таксама робіць стаўку на нармалізацыю адносін Венгрыі ў ЕС і разблакіроўку сродкаў, якія саюз замарозіў праз парушэнне прынцыпу вяршэнства права і рызык для бюджэту, звязаных з карупцыяй на найвышэйшым узроўні ў Венгрыі.

Сістэму выбараў перабудавалі супраць апазіцыі

Палітычная сістэма Венгрыі пачала змяняцца яшчэ з першай кадэнцыі “Фідэс” пры ўладзе. У краіне адбыліся трансфармацыі дэмакратычных інстытутаў, якія былі на карысць кіроўнай партыі: шэраг рэпрэсіўных змен у Канстытуцыю і судовая рэформа, што паставіла гэтую галіну ўлады ў залежнасць ад урада. Але самае важнае — выбарчая сістэма.

Выбарчая сістэма Венгрыі заснавана на прынцыпе змяшанага прадстаўніцтва. Грамадзяне абіраюць 199 дэпутатаў аднапалатнага парламента: 106 па аднамандатных акругах і 93 па агульнанацыянальных партыйных спісах.

Драматычныя выбары ў Венгрыі. Хто пераможа, і пры чым тут Зяленскі?
Віктар Орбан / Reuters

У бюлетэні для галасавання выбаршчык мае два галасы: адзін — за кандыдата ад акругі, другі — за партыйны спіс без магчымасці выбару канкрэтнага чалавека. Сістэма дадаткова заахвочвае партыю, якая атрымлівае найбольш галасоў у аднамандатных акругах. Пераможца тут часта можа быць упэўнены ў агульнай перамозе.

Межы акруг былі вызначаны на карысць Орбана. У больш апазіцыйных акругах насельніцтва большае, а ў “орбанскіх” — меншае, што павялічвае іх вагу. У выніку выбаршчыкі з невялікіх гарадоў маюць большы ўплыў на склад парламента, чым выбаршчыкі з буйных гарадоў і сталіцы.

Таму Петэр Мадзьяр, калі ўдзельнічае ў мітынгах у рэгіёнах, прадстаўляе не толькі праграму партыі, але і мясцовага кандыдата, які будзе балаціравацца ад “Цісы” ў канкрэтнай аднамандатнай акрузе.

Ёсць і яшчэ адзін, не менш важны, нюанс выбараў 12 красавіка. Некаторыя эксперты асцерагаюцца, што галасаванне можа быць сфальсіфікавана. Перадумовы для гэтага існавалі і на мінулых выбарах, якія місіі назіральнікаў Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ ацанілі як “свабодныя, але несправядлівыя”.

Калі “Фідэс” прыме паражэнне, не выключана, што зробіць гэта з разлікам на рэванш у будучыні, асабліва ўлічваючы ступень кантролю партыі над дзяржаўнымі органамі (значная частка дзяржаўных рэсурсаў у апошнія гады была накіравана ў прыватныя фонды, якія кантралюе партыя). Вядома, калі пасля гэтага паражэння не адбудзецца шэраг крымінальных пераследаў за карупцыю ў 2010–2026 гадах.

Вялікі сябар на Усходзе

Калі “Фідэс” пераможа, гэта будзе азначаць, што антыўкраінскі наратыў у Венгрыі працуе. Але калі перамога будзе дасягнута падманным шляхам, краіна можа стаць яшчэ больш ізаляванай у межах ЕС і больш залежнай ад падтрымкі Расіі.

Выданне Bloomberg апублікавала стэнаграму званка Віктара Орбана прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну ад 17 кастрычніка, дзе ён параўнаў сябе з “мышшу, якая дапамагае льву”. Журналісты таксама нагадалі пра даўняе сяброўства паміж двума кіраўнікамі дзяржаў. За гэтымі адносінамі стаіць і інтарэс Венгрыі да расійскіх энерганосьбітаў.

Драматычныя выбары ў Венгрыі. Хто пераможа, і пры чым тут Зяленскі?
Віктар Орбан і Уладзімір Пуцін / AP Photo

Згодна з дакладам Цэнтра даследавання дэмакратыі (CSD), у 2025 годзе доля расійскай сырой нафты ў венгерскім імпарце складала 93%, тады як у 2021 годзе гэты паказчык быў “усяго” 61%. Залежнасць Будапешта ад расійскага газу і атамнай энергіі за гэты перыяд таксама ўзрасла. І гэта нягледзячы на тое, што Венгрыя была вымушана далучыцца да санкцый ЕС супраць Масквы ў 2022 годзе.

Таксама напярэдадні выбараў стала вядома, што кіраўнік МЗС Венгрыі Петэр Сійярта неаднаразова паведамляў свайму расійскаму калегу Сяргею Лаўрову інфармацыю пра абмеркаванні на пасяджэннях у ЕС.

Апанент Орбана Петэр Мадзьяр у інтэрв’ю AP заявіў, што яго ўрад у выпадку змены ўлады будзе прытрымлівацца прагматычнага падыходу ў адносінах з Расіяй, які будзе грунтавацца на ўзаемным неўмяшанні ва ўнутраныя справы.

“Прагматызм азначае, што мы не ўмешваемся ва ўнутраныя справы РФ, а яны не ўмешваюцца ў нашы справы. Мы — дзве суверэнныя краіны, і паважаем адна адну, але нам неабавязкова падабацца адна адной”, — растлумачыў палітык.

Мадзьяр прызнае, што хуткая адмова ад расійскіх рэсурсаў немагчымая, але ў планах пасля перамогі на выбарах — дыверсіфікаваць пастаўкі нафты і газу, прыцягваючы рэсурсы ЕС для будаўніцтва новай інфраструктуры.

Вялікі сябар на Захадзе

У аўторак перад выбарамі ў Будапешт прыляцеў і яшчэ адзін саюзнік цяперашняга венгерскага ўрада — віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Дзі Вэнс. Чакалася, што візіт здзейсніць сам прэзідэнт Дональд Трамп, які публічна падтрымаў Віктара Орбана ў сваіх сацсетках.

Драматычныя выбары ў Венгрыі. Хто пераможа, і пры чым тут Зяленскі?
Віктар Орбан і Джэй Дзі Вэнс / Reuters

Падчас сумеснай прэс-канферэнцыі з Орбанам Вэнс казаў пра “відавочнае і сур’ёзнае” ўмяшанне заходніх разведвальных службаў у выбарчы працэс у Венгрыі.

Ён таксама сцвярджаў, што брусельскія бюракраты спрабуюць разбурыць эканоміку Венгрыі, бо “ім не падабаецца іх лідар”.

А Петэр Мадзьяр раскрытыкаваў візіт віцэ-прэзідэнта ЗША, назваўшы яго, у сваю чаргу,  “умяшаннем у венгерскія выбары”.

Наколькі венграў уразіла падтрымка ЗША, стане зразумела ўжо ўвечары 12 красавіка. Пакуль жа апытанні паказваюць, што стратэгія апазіцыі, дзякуючы якой ёй удалося прыцягнуць кансерватыўны электарат, выглядае выйгрышнай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.