Вы тут

"Дата генератар": 15 кастрычніка ў гісторыі Беларусі — Гарадзенска-Трокская унія

Анатоль Тарас / Еўрарадыё

На Еўрарадыё з'явіўся "Дата генератар" — новы праект пра беларускую гісторыю. Працуе ён так: мы выбіраем дату, а пісьменнік Анатоль Тарас распавядае пра важную падзею, якая шмат гадоў таму адбылася ў гэты дзень у Беларусі ці ў нашых суседзяў.

Сённяшні выпуск прысвечаны Гарадзенска-Трокскай уніі:

15 кастрычніка 1432 г. была складзена Гарадзенска-Трокская унія паміж ВКЛ і каралеўствам Польскім, якая дзейнічала 7 гадоў. 

Пытанне пра уніі з Польшчай — балючае для нашай гісторыі. За 200 гадоў іх было 9, справа скончылася Люблінскай і Брэсцкай уніямі. Так, палякі моцна жадалі інкарпарацыі ВКЛ, нашай старажытнай дзяржавы. Але чаму продкі беларусаў згаджаліся з уніямі і нават самі прасілі?

Чыннікі я бачу наступныя:

1) і ў ВКЛ, і ў Польшчы панавалі прадстаўнікі адной і той жа дынастыі Гедымінавічаў;

2) адчуванне сваёй роднасці з часткай польскай нацыі (з мазурамі);

3) вайсковая слабасць ВКЛ для супрацьстаяння Маскве ў адзіночку. 

Вялікі князь Вітаўт памёр на 4 гады раней за Ягайлу — 27 кастрычніка 1430 г. (Ягайла памёр 1 чэрвеня 1434 г.). 

Пасля смерці Вітаўта паны і баяры ВКЛ сабраліся ў Вільні ў лістападзе 1430 г. і абралі вялікім князем 60-гадовага Свідрыгайлу Альгердавіча (1370–1452), малодшага брата Ягайлы. Яго сапернікам на выбарах быў малодшы брат Вітаўта, 65-гадовы Жыгімонт Кейстутавіч. Але Свідрыгайла атрымаў большасць галасоў, акрамя таго, яго кандыдатуру падтрымаў Ягайла (кароль Уладзіслаў). 

Практычна адразу ўзнік канфлікт паміж Свідрыгайлам і польскімі магнатамі. Галоўным чыннікам яго з'явілася апора Свідрыгайлы на праваслаўнае баярства ВКЛ. Пачалася вайна паміж ВКЛ і Польшчай за Падолле і Валынь. Яна не дала перавагі нікому. Таму 1 верасня 1431 г. супраціўнікі падпісалі перамір’е на 2 гады. По яго ўмовах магнаты прызналі Свідрыгайлу вялікім князем Літвы і Русі. Адначасова ўсе папярэднія уніі і дамовы з Польшчай страцілі сваю сілу. 

Увесну 1432 г. палякі паспрабавалі навязаць ВКЛ новую унію, але Свідрыгайла ў адказ на гэта падпісаў дамову з Тэўтонскім ордэнам аб вайскова-палітычным саюзе. 

Тады палякі арганізавалі змову з мэтай забойства Свідрыгайлы. Людзі нейкага Лаўра Зарэмбы напалі на вялікага князя ў Ашмянах уночы з 31 жніўня на 1 верасня 1432 г., аднак ён здолеў адбіцца і збег у Полацак. ВКЛ раскалолася на два лагеры. Прадстаўнікі заходняй яго часткі абралі вялікім князем Жыгімонта Кейстутавіча. Пачалася грамадзянская вайна, якая доўжылася ажно 7 гадоў.

 
У канцы верасня 1432 г. у Гародню да Жыгімонта прыехал пасольства з Польшчы (7 чалавек) на чале з кракаўскім біскупам Збігневам Алясніцкім. Каб атрымаць вайсковую дапамогу ад палякаў, Жыгімонт прыняў усе іх умовы.

У выніку 15 кастрычніка 1432 г. быў падпісаны Гарадзенскі акт, які аб'явіў унію дзвюх дзяржаў. Жыгімонт абавязаўся лічыць сябе васалам польскага караля. Ён абяцаў, што пасля яго смерці ўсе землі ВКЛ пяройдуць у валоданне караля Уладзіслава (Ягайлы) і Польскага каралеўства. Толькі Трокі як удзел застанецца за яго дзецьмі.

   
Жыгімонт адмовіўся ад правоў на Падолле, а Валынь абвясціў не часткай ВКЛ, а сваім асабістым пажыццёвым валоданнем. Аднак памежныя валынскія воласці з замкамі Ветла, Гародла, Лапацін, Ратна ён аддаў Польшчы.  

Жыгімонт абавязаўся дапамагаць Польшчы ў барацьбе з Тэўтонскім ордэнам і адмовіўся ад дамоваў Свідрыгайлы з крыжакамі. 

Новага вялікага князя паны і баяры ВКЛ маглі цяпер абіраць толькі з удзелам прадстаўнікоў ад Польшчы. 
Польская дэлегацыя ў той жа дзень (15.Х) выдала прывілей пра роўныя правы каталіцкіх і праваслаўных паноў ВКЛ (князёў, баяраў) на радавыя маёнткі і падараванні вялікага князя. Жыгімонту тое было неабходна для пагаднення з русінскай часткай ВКЛ, якая прыняла бок Свідрыгайлы, але зрабілі гэта прадстаўнікі Польшчы, падмяніўшы такім чынам палнамоцтвы вялікага князя.

  
3 студзеня 1433 г. кароль Уладзіслаў-Ягайла зацвердзіў Гарадзенскую дамову. А Жыгімонт выдаў ідэнтычны акт у Троках 20 студзеня. Таму унія і завецца Гарадзенска-Трокскай. Гэты акт засведчыў 41 чалавек, сярод якіх не было нікога ад усходняй часткі ВКЛ — Русі.

 
Безумоўна, Гарадзенская унія з'явілася трыумфам польскай інкарпаратыўнай палітыкі. Яна пераўтварала ВКЛ у аўтаномную частку Польскага каралеўства. Менавіта так разумелі унію 1432 г. польскія магнаты, урадавыя службоўцы ды каталіцкія святары. Але далейшыя падзеі пайшлі зусім не так, як спадзяваліся палякі.

Каб пашырыць сваю апору ў дзяржаве, Жыгімонт прызначаў на пасады дробных баяраў, асабіста адданых яму. Гэта выклікала незадаволенасць сярод магнатаў і князёў. Акрамя таго, ён быў вельмі падазроны, усюды бачыў змовы і жорстка караў падазраваных — канфіскаваў маёнткі, выносіў смяротныя прысуды. 
Жыгімонт хоць і аддаў Падолле ў валоданне Польшчы, вельмі часта спрачаўся з Кракавам і хутка страціў падтрымку палякаў. 

У гэтых абставінах князь Аляксандр Чартарыйскі (з-пад Луцка на Валыні), віленскі ваявода Даўгірд і трокскі ваявода Лялюша (гэтыя двое былі прыхільнікамі Свідрыгайлы) склалі змову супраць Жыгімонта. 20 сакавіка 1440 г. Чартарыйскі разам з нейкім Скабейкам прыехаў у Трокскі замак са сваімі людзьмі, якіх схаваў у вазах з сенам, удвух яны хітрасцю ўвайшлі ў палац Жыгімонта і забілі яго. 

Паны і баяры Літвы пасля забойства Жыгімонта зноў падзяліліся: адны хацелі зрабіць вялікім князем Уладзіслава III Ягайлавіча (які з 1434 г. быў каралём Польшчы); прыхільнікі Жыгімонта хацелі мець на пасадзе яго сына Міхаіла; трэція хацелі вярнуць Свідрыгайлу.

 
Больш за іншых было прыхільнікаў Уладзіслава. Але ўвосень 1439 г. вугорцы абралі 15-гадовага Уладзіслава сваім каралём пад імем Ласла V і прасілі як мага хутчэй прыехаць у Вугоршчыну. Ліцвіны таксама запрашалі яго да сябе. Пасля доўгіх нарад польскія вяльможы і біскупы вырашылі, што Уладзіслаў паедзе ў Вугоршчыну, а ў Літву — яго малодшы брат, 13-гадовы Казімір (1427–1492), але не як вялікі князь літоўскі, а як намеснік караля Уладзіслава.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.