Без намёкаў. Як Турцыя больш за 100 гадоў адмаўляе генацыд армян

33 краіны свету прызналі гэты генацыд. Сярод іх няма той, якая яго ўчыніла. 

Еўрарадыё ў рубрыцы “Без намёкаў” згадвае, як Турцыя больш за 100 гадоў адмаўляе генацыд армян. Гэта экскурс у сусветную гісторыю. Усе паралелі з сучаснай Беларуссю і яе хаўруснікамі — выпадковыя.

24 красавіка 1915 года асманскія ўлады ў Канстанцінопалі — сённяшнім Стамбуле, арыштавалі, а потым забілі каля 800 прадстаўнікоў армянскай інтэлігенцыі. З гэтага пачалася кампанія мэтанакіраванага знішчэння хрысціянскага насельніцтва Асманскай Турцыі: акрамя армян, пацярпелі таксама грэкі і асірыйцы. Працягвалася гэта да 1922 года. 

Армян дэпартавалі і масава забівалі з такой інтэнсіўнасцю, што ў некаторых раёнах Усходняй Турцыі, населеных у той час пераважна армянамі, іх не засталося зусім. Усяго, паводле розных ацэнак, за гэтыя гады загінулі ад 800 тысяч да паўтара мільёнаў армян. Падлічана, што з 913 гістарычных армянскіх будынкаў у Турцыі 464 былі цалкам разбураныя, 252 знаходзіліся ў руінах, а 197 мелі патрэбу ў тэрміновым рамонце.

Паводле перапісаў, у Турцыі пражывалі каля двух з паловай мільёнаў армян, а пасля Першай сусветнай вайны іх засталося вельмі мала, але колькі людзей загінула, а колькі эмігравала, за даўнасцю гадоў дакладна вызначыць нельга.

У тыя часы асманскія ўлады тлумачылі неабходнасць “пазбаўлення ад армян” тым, што яны нібы здраднікі, якія дапамагаюць праціўнікам Турцыі ў Першай сусветнай вайне. Усе наступныя 100 гадоў улады і кіраўнікі Турцыі займаюцца паслядоўным замоўчваннем ці нават адмаўленнем генацыду на дзяржаўным узроўні. Яны сцвярджаюць, што армяне былі варожай сілай і што іх разня была вынікам умоў вайны.

Рэджэп Таіп Эрдаган

У 2014 годзе тагачасны прэм'ер-міністр і цяперашні прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган нечакана выказаў спачуванні ўнукам армян, якія “загінулі ў падзеях пачатку XX стагоддзя”. Тым не менш у краіне патрабаванне прызнаць генацыд армян афіцыйна з'яўляецца крымінальным злачынствам па артыкуле, які карае за ”абразу турэцкай нацыі і яе дзяржаўнасці”.

“Фальсіфікацыямі” ж аб'яўляюцца ўсе сведчанні армян або заходніх дыпламатаў, якія не спасылаюцца на турэцкі дзяржаўны архіў. Пры гэтым, як стала вядома з дыпламатычнай уцечкі з консульства ЗША ў Турцыі, звесткі пра генацыд у гэтым архіве паслядоўна знішчаюць.

Турэцкія ўлады да гэтага часу не толькі адмаўляюць сам факт генацыду, але і пазіцыянуюць менавіта турак як “сапраўдных ахвяр генацыду”. Напрыклад, у горадзе Ыгдыр ва Усходняй Турцыі знаходзяцца помнік і музей генацыду, але прысвечаны ён “туркам — ахвярам генацыду з боку армян”, які нібыта адбыўся ў пачатку XX стагоддзя. Выпадкі забойстваў турак армянамі ў тыя гады сапраўды былі, але іх маштабы непараўнальныя з “чысткамі”, якія праводзілі туркі.

Сам тэрмін “генацыд” увёў у 1944 годзе амерыканскі юрыст Рафаэль Лемкін, яго ён ужыў да халакосту і разні армян.

Падзеі 1915 года, акрамя Арменіі, афіцыйна прызнаюць генацыдам 32 краіны. Беларусі, дарэчы, у гэтым спісе няма. Што і не дзіўна. Навошта Лукашэнку непатрэбнымі для яго заявамі псаваць адносіны з Турцыяй і Азербайджанам?

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.