Без намёкаў. Ваеннае злачынства, якое прывяло да экалагічнай катастрофы

Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснай Беларуссю і яе хаўруснікамі выпадковыя / калаж Улада Рубанава
Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснай Беларуссю і яе хаўруснікамі выпадковыя / калаж Улада Рубанава

Войска па загадзе дыктатара выкарыстала прыродны рэсурс як зброю масавага паражэння, што прывяло да адной з самых страшных экалагічных катастроф.

Еўрарадыё ў рубрыцы “Без намёкаў” узгадвае тактыку “спальвання нафты” падчас вайны ў Персідскім заліве. Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснай Беларуссю і яе хаўруснікамі выпадковыя.

У 1990-м годзе лідар Ірака Садам Хусэйн прымае рашэнне захапіць суседні Кувейт, самастойнасць якога ён ніколі не прызнаваў. У ноч з 1 на 2 жніўня 120-тысячнае іракскае войска пры 350 танках уварвалася ў краіну і за суткі ажыццявіла захоп усёй тэрыторыі.

Ірак адказаў па-свойму

19 студзеня лідар Ірака Садам Хусэйн аддаў загад скінуць тысячы тон сырой нафты ў воды Персідскага заліва і падпаліць нафтавыя свідравіны. Так ён спадзяваўся прыкрыць адыход іракскіх войскаў з Кувейта.

У Персідскім заліве ля берагоў Кувейта і Саудаўскай Аравіі з'явілася вялізная нафтавая пляма, якая хутка павялічвалася. Яе максімальныя памеры складалі 162,5 км у даўжыню і 67,6 км у шырыню. Такім чынам, агульная плошча — каля 11 тысяч квадратных км. Таўшчыня нафтавай плёнкі ў некаторых месцах дасягала 12,7 см.

Спадарожнікавыя фатаграфіі Нацыянальнага ўпраўлення акіянічных і атмасферных даследаванняў ЗША дапамаглі вызначыць крыніцы ўцечкі нафты — нафтаналіўны тэрмінал для супертанкераў у галоўным нафтавым порце Кувейта Міна-эль-Ахмадзі і пяць танкераў з сырой іракскай нафтай, якія стаялі на якары ля кувейцкіх берагоў.

Без намёкаў. Ваеннае злачынства, якое прывяло да экалагічнай катастрофы
Фота: Ulrich Baumgarten via Getty Images

Паводле дадзеных урадавых структур ЗША, у вадзе аказалася ад 4 да 8 млн барэляў нафты (545 тысяч — 1,1 млн тон).

Па адной з версій, разліў быў патрэбны, каб прадухіліць высадку дэсанта Шматнацыянальных сіл на кувейцкім узбярэжжы. Па іншай — гэта спроба нанесці моцную шкоду заводам па апрасненні марской вады ў Саудаўскай Аравіі. Ваду, забруджаную нафтай, немагчыма перапрацаваць у прыдатную для піцця. Пад пагрозай апынуўся гіганцкі завод па апрасненні вады ў Эль-Джубайле, які забяспечвае вадой палову краіны. Дэфіцыт вады мог адбіцца і на дзеяннях Шматнацыянальных сіл.

У Саудаўскай Аравіі каля 700 км берагавой лініі было забруджана нафтай. Пацярпелі таксама прыбярэжныя тэрыторыі Кувейта, Ірана, Бахрэйна і Катара.

Да чаго гэта прывяло? 

Разліў нафты нанёс вялізную шкоду жывым арганізмам у моры і на сушы. Нафтавыя вуглевадароды таксічныя. У рыб наступствы выяўляюцца ў затрымцы росту, эрозіі плаўнікоў, парушэннях дыхання і працы сэрца, парушэннях рэпрадуктыўнай сістэмы. Марскія чарапахі могуць памылкова прымаць камякі нафты за ежу і паглынаць іх, а потым хварэюць і паміраюць. 

Вымерлі 50-90% крабаў, іншых ракападобных і малюскаў. Па дадзеных Greenpeace, памерлі больш за 15 тыс. птушак. Пацярпелі дэльфіны, дзюгоні, марскія выдры, марскія змеі, крэветкі. Моцна дасталася прыбярэжнай расліннасці.

Без намёкаў. Ваеннае злачынства, якое прывяло да экалагічнай катастрофы
Фота: J. Scott Applewhite / AP

Міжнародны інстытут прыкладнога сістэмнага аналізу апублікаваў у 2004 годзе даклад "Экалагічныя наступствы вайны ў Персідскім заліве 1991 года". У ім прыводзяцца наступныя дадзеныя. Разліў нафты прывёў да гібелі 22-50% папуляцыі бакланаў і паганак у выніку забруджвання пёраў нафтай і трапляння нафты ў арганізм. Забруджванне прама ці ўскосна датычна да смерці каля 100 тысяч кулікоў.

Пекла ў пустыні

21 студзеня, на пяты дзень вайны, іракскія вайскоўцы сталі падпальваць нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы ў Кувейце. Моцныя вятры разнеслі дым па вялікай тэрыторыі.

22 лютага прэзідэнт ЗША Джордж Буш прад'явіў Іраку чарговы ультыматум: вывесці войскі з Кувейта да поўдня наступнага дня.

У адказ іракскі бок яшчэ больш стаў знішчаць нафтавую інфраструктуру Кувейта: з 940 нафтавых свідравін у краіне было падпалена або пашкоджана, па розных ацэнках, ад 605 да 732. 

Без намёкаў. Ваеннае злачынства, якое прывяло да экалагічнай катастрофы
Фота: Corbis via Getty Images

24 лютага, больш чым праз месяц бамбардзіровак, ШНС пачалі паветрана-наземную аперацыю супраць іракскіх войскаў, якая завяршылася перамогай раніцай 28 лютага.

У выніку разліву нафты з разбураных, але непадпаленых свідравін і іншых аб'ектаў нафтавай інфраструктуры, паводле ацэнкі міністэрства нафты Кувейта, узнікла каля 250-300 нафтавых рэк і азёр. У іх знаходзілася прыкладна 25-50 млн барэляў нафты. Нафтай аказаліся залітыя 5% тэрыторыі Кувейта.

У пажарах на радовішчах згарэла ад 500 млн да 2 млрд барэляў нафты. Падчас наймацнейшых пажараў штодня згарала прыкладна 44 млн барэляў. Гэта 6 млн тон!

Без намёкаў. Ваеннае злачынства, якое прывяло да экалагічнай катастрофы
Фота: Russell Boyce / Reuters

Ад падпальвання нафтасвідравін у Кувейце наступіла “ядзерная восень”. Большая частка сонечных прамянёў не даходзіла да паверхні зямлі.

На тэрыторыі Кувейта і на поўначы Саудаўскай Аравіі ў лютым-кастрычніку 1991 года назіралася зніжэнне сярэдняй тэмпературы на 10°С у параўнанні з паказчыкамі мінулых гадоў.

Тэмпература вады ў Персідскім заліве таксама была ніжэйшай за звычайную. Халодная вада нашкодзіла насельнікам мора мацней, чым разліў нафты. У 1991-1992 гадах нераставая біямаса крэветак у Саудаўскай Аравіі зменшылася больш чым у дзесяць разоў, а агульная біямаса — у чатыры разы. Аб'ём лоўлі крэветак у Бахрэйне ўпаў удвая. Забруджвальныя рэчывы, якія ўзніклі ў выніку згарання нафтапрадуктаў, назапашваліся ў паверхневым мікрапласце марской вады, і ён станавіўся таксічным для планктону і лічынак марскіх арганізмаў.

Забруджванне расліннасці прадуктамі згарання прывяло да смерці вялікай колькасці хатніх жывёл, у першую чаргу авечак. У перыяд ад уводу іракскіх войскаў у Кувейт да заканчэння вайны ў Персідскім заліве загінула больш за 80% хатняй жывёлы, якая належала кувейцкім фермерам.

Пажараў такога маштабу на нафтавых радовішчах у гісторыі яшчэ не было. На іх тушэнне ўлады Кувейта выдаткавалі каля $1,5 млрд. Улетку тэмпература паветра ў краіне падымалася да +55°C. Побач з падпаленай нафтай паветра было значна гарачэйшае. Каля 20 пажарных падчас тушэння нафтавых свідравін атрымалі працоўныя траўмы. Па аналогіі з ваеннай аперацыяй "Бура ў пустыні" яны называлі сваю місію "Пекла ў пустыні".

З кожнай патушанай свідравінай паветра над Кувейтам рабілася чысцейшым і празрысцейшым. Жыхары Эль-Кувейта ўпершыню за доўгі час змаглі ўбачыць захад сонца не праз дымавую заслону толькі 24 кастрычніка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі