Вы тут

Як у Казахстане знікаюць згадкі пра Нурсултана Назарбаева

Са сцяны знікла прозвішча Назарбаева, але засталася цытата / twitter.com/zhapisheva

У Казахстане заўважылі, як паступова знікаюць згадкі пра экс-прэзідэнта краіны Нурсултана Назарбаева. На фота ў зале дэпартамента паліцыі яшчэ нядаўна на сцяне была яго цытата з прозвішчам. На ўчорашняй нарадзе ў тым жа памяшканні, якую праводзіў прэзідэнт Касым-Жомарт Такаеў, цытата на сцяне засталася, але знікла прозвішча Назарбаева. Ціхае змаганне з "культам асобы"?

Падчас нядаўняга палітычнага крызісу ў Казахстане "лідар нацыі" Нурсултан Назарбаеў знік. Ён кіраваў краінай з савецкіх часоў, але некалькі гадоў таму здзейсніў "транзіт улады" — прэзідэнтам стаў Такаеў, але рэальная ўлада заставалася ў Назарбаева. Аднак у студзені 2022-га Касым-Жомарт Такаеў забраў у Нурсултана Назарбаева пасаду кіраўніка Саўбеза, замяніў шэраг яго людзей ва ўладзе (а некаторых арыштаваў) і паабяцаў "раскулачыць" буйны бізнес, звязаны з экс-прэзідэнтам (з яго кланам). Дагэтуль дакладна невядома, дзе знаходзіцца Назарбаеў. Такаеў пра яго проста не згадвае. 

А на гэтым фота прозвішча Назарбаева яшчэ ёсць / twitter.com/zhapisheva

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.