Вынікі рэферэндуму ў Казахстане — амаль як у Лукашэнкі
Галасаванне за новую Канстытуцыю Казахстана / Даніяр Мусіраў
15 сакавіка ў Казахстане прайшоў рэферэндум, на якім галасавалі за новы варыянт Канстытуцыі. Яна ўзмацняе прэзідэнцкія паўнамоцтвы і скарачае паўнамоцтвы парламента.
Паводле папярэдніх звестак, удзел у галасаванні прынялі 73,12% грамадзян і новую Канстытуцыю падтрымалі 87,15% з іх. Такія папярэднія лічбы назваў на пасяджэнні Цэнтральнай камісіі рэферэндуму яе старшыня Нурлан Абдзіраў, перадае выданне vlast.kz.
Ён удакладніў, што за прыняцце новай Канстытуцыі прагаласавалі 7 954 667 грамадзян, а супраць — 898 099 чалавек.
Цяперашні кіраўнік краіны Касым-Жамарт Такаеў паведаміў, што наступныя прэзідэнцкія выбары пройдуць, як і планавалася раней, у 2029 годзе. Таксама ён заявіў, што новую Канстытуцыю можна было прымаць ужо ў 2022 годзе, але тады абмежаваліся толькі праўкамі ў папярэдні закон.