Як Беларуская АЭС пасварыла Літву з балтыйскімі сёстрамі

Беларуская АЭС, ліпень 2020 года / Еўрарадыё
Беларуская АЭС, ліпень 2020 года / Еўрарадыё

Першы энергаблок Беларускай атамнай электрастанцыі (БелАЭС) цалкам увядуць у эксплуатацыю ў першым квартале 2021 года. Фізічны пуск запланаваны ўжо ў жніўні. Аднак у Літве не губляюць надзеі на тое, што праект яшчэ можа быць спынены хаця б часткова. Рэспубліка заклікае партнёраў блакаваць пастаўкі электраэнергіі з Беларусі, але перамоўны працэс на ўзроўні краін Балтыі замарожаны. Латвія і Эстонія не падзяляюць пазіцыю суседа — прэзідэнт Літвы ў адказ крывіць рот, а літоўскія правыя пікетуюць латвійскую амбасаду. "Новая газета — Балтия" разбіралася, калі паміж Вільняй, Рыгай і Талінам прабегла чорная кошка і чаму латышы і эстонцы бачаць у БелАЭС не столькі пагрозу, колькі магчымасць заткнуць прабоіны на балтыйскім энергарынку.

Ад варот паварот

У канцы чэрвеня кіраўнік Літвы Гітанас Наўседа байкатаваў штогадовую сустрэчу лідараў краін Балтыі. Прычына — адсутнасць узгодненай пазіцыі краін па пытанні гандлю электраэнергіяй з БелАЭС.

Гэтай падзеі папярэднічалі перамовы міністраў энергетыкі, у выніку якіх пад удар трапіў кіраўнік літоўскага Мінэнерга Жыгімантас Вайчунас. Сябра кабміна падрыхтаваў кампрамісны праект мемарандума, у якім прапісана наступнае: Літва адмаўляецца ад куплі электраэнергіі з БелАЭС, Латвія дае гарантыі, што беларуская электрычнасць у Літву не пранікне, а Вільня не патрабуе ад суседзяў перакрыць імпарт прадукцыі, вырабленай на БелАЭС. Гэтае рашэнне задавальняла Латвію і Эстонію, але ў працэс умяшаліся іншыя сілы: літоўскага міністра раскрытыкавала і апазіцыя ў асобе правых, і калегі ў кабміне, і прэзідэнт. Кожны заявіў пра тое, што такая здзелка для краіны непрымальная, на адрас Вайчунаса пасыпаліся абвінавачанні. Эдгар Рынкевіч, які прыбыў у Вільню, паспрабаваў расставіць кропкі над "i", падкрэсліўшы, што пілотны праект пагаднення — "найлепшы з кампрамісаў", але гэта не дапамагло.

Потым міністр Вайчунас заклікаў умяшацца ў перамоўны працэс Еўракамісію. Брусель умяшаўся, адказаўшы, што не забараняе гандляваць электраэнергіяй з трэціх краін, Літва адхіліла некалькі варыянтаў прапаноў Еўракамісіі. Прадстаўнікі Мінэнерга Эстоніі далі зразумець, што не гатовыя ўводзіць законы, якія забараняюць імпарт электраэнергіі з канкрэтных АЭС, а кіраўнік латвійскай парламенцкай камісіі па замежных справах Рыхард Колс паказаў, што Вільня разыгрывае карту салідарнасці балтыйцаў, але прэтэнзіі Літвы "абсурдныя". Па словах дэпутата, афіцыйная Вільня выкарыстоўвае пытанне пра балтыйскае адзінства як разменную манету — яго падымаюць, калі гэта выгадна.

Расійскае лобі

Барацьба з БелАЭС на ўсіх палітычных узроўнях — паслядоўная пазіцыя літоўскіх уладаў. Розніца заключаецца толькі ў тым, як палітыкі глядзяць на выбудоўванне адносін з Беларуссю ў кантэксце гэтага канфлікту. Адны заклікаюць вынесці пытанне па атамнай электрастанцыі за дужкі, іншыя, наадварот, патрабуюць адмовіцца ад якіх-небудзь зрухаў у двухбаковых перамовах, пакуль Мінск не задаволіць прэтэнзіі Вільні. Асабліва шчыруюць кансерватары. Непрымірымасць да Астравецкай АЭС стала горадаўтваральнай ідэяй гэтай партыі — правым традыцыйна ненавісная палітыка паўмер. Яны выкарыстоўваюць БелАЭС як лакмусавую паперку і ставяць пытанне рубам: калі ты за станцыю — значыць, супраць Літвы, калі вагаешся — ты патэнцыйны здраднік, калі супраць "атамнага монстра" — значыць, ты патрыёт.

Гаворачы пра спрэчкі з Латвіяй, варта нагадаць, што ў чэрвені кансерватары пікетавалі амбасаду сяброўскай рэспублікі ў Вільні, яны звярнуліся да кіраўніка дыпмісіі і калег у латвійскім Сейме, заклікаўшы пачуць суседзяў, але на гэтым правыя не спыніліся. Напярэдадні дэпутат Еўрапарламента былы міністр абароны (2008–2012) Раса Юкнявічэне адкрыта заявіла пра ўплывовае расійска-беларускае лобі на латвійскім энергарынку.

"На жаль, павінна прызнаць, што там мае месца велізарны лабізм на энергетычны сектар — і з боку Расіі, і з боку Беларусі, і ў гэтым няма сакрэту", — сказала яна ў эфіры нацыянальнага радыё.

Как Белорусская АЭС рассорила Литву с балтийскими сёстрами
Беларуская АЭС, ліпень 2020 года / Еўрарадыё

Загуляліся ва ўльтыматумы

Відавочна, што карані энергетычнага канфлікту паміж Літвой, Латвіяй і Эстоніяй глыбокія, аднак спробы дамовіцца толькі пагаршаюць праблему. Рыторыка палітыкаў усіх бакоў на адрас адно аднаго стала значна больш рэзкай. Першыя асобы ўсё яшчэ спрабуюць захаваць добрую міну пры дрэннай гульні, але ўзаемныя супярэчнасці і непрыемныя заўвагі множацца. Яркім пацвярджэннем таму сталі тыя ж пасажы Расы Юкнявічэне і Рыхарда Колса — вельмі аўтарытэтных і ўплывовых палітыкаў на ўзроўні сваіх краін.

БелАЭС застаецца адной з галоўных тэм абмеркаванняў у літоўскай прэсе. Пазіцыя Літвы як дзяржавы добра вядомая калегам па ЕС, лідары краіны не раз называлі яе "экзістэнцыяльнай пагрозай" для ўсёй Еўропы. Вільня перакананая, што атамная электрастанцыя — геапалітычны праект Крамля, "ядзерны монстр", "бомба запаволенага дзеяння". МУС заклікае муніцыпальныя ўлады быць гатовымі да магчымых аварый і інцыдэнтаў, паказваючы на тое, што ў выпадку няшчасця пад ударам апынецца Вільня: сталіца знаходзіцца ўсяго за 50 кіламетраў ад Астраўца.

Тым часам у Латвіі і Эстоніі панікі не відаць. Урады цалкам падзяляюць заклікі Літвы гарантаваць усебаковую бяспеку на станцыі, але не бачаць сэнсу адмаўляцца ад паставак электраэнергіі і ўжо тым больш патрабаваць ад беларусаў спыніць будоўлю.

"Новая газета – Балтия" паспрабавала зразумець, якой логікай кіруюцца ў Рызе і Таліне. У размове з выданнем прадстаўнікі Латвіі і Эстоніі гаварылі пра розныя аспекты, але былі аднадушныя ў адным — весці перамовы на мове ўльтыматумаў непрымальна для найбліжэйшых партнёраў.

"Пазіцыя ўрада Латвіі — правільная. У кабміна не засталося ніякага выбару праз дзеянні літоўскіх калег. Літва сама стварыла сабе капкан — Літва не раілася з балтыйскімі краінамі, Літва проста высунула ўльтыматум, што, маўляў, будзе так і ніяк інакш. Усе павінны прыняць яе пункт гледжання, але так справы не робяцца, — сцвярджае дэпутат Сейма, эксперт па энергетыцы Іварс Зарыньш. — Пазіцыя Літвы бесперспектыўная. Больш за тое, пытанне БелАЭС далёка не адзінае, дзе мы не можам нармальна весці перамовы. Тое ж самае можна сказаць пра газавы рынак. Літва лічыць за лепшае шантажаваць і гаварыць ультыматумамі з Латвіяй і Эстоніяй".

Па словах Зарыньша, сітуацыя на балтыйскім энергарынку даволі складаная, у агляднай будучыні краіны могуць сутыкнуцца з дэфіцытам электраэнергіі, пры гэтым адным з віноўнікаў таго, што адбываецца, ён называе Літву.

"Чаму нам цікавыя кантакты з Беларуссю па пытаннях энергетыкі? Пасля спынення Ігналінскай АЭС Літва нічога не зрабіла для аднаўлення сваіх базавых энергетычных магутнасцяў, калі б яна гэта зрабіла, то пытанне пра Беларусь сёння б, хутчэй за ўсё, не стаяла. У плане энергамагутнасцяў на рынку краін Балтыі ўтварылася дзірка, але Літва нічога не рабіла, нічога не прапануе, шантажуе суседзяў, патрабуючы, каб у Беларусі мы нічога не куплялі. Гэта цалкам ірацыянальна", — рэзюмаваў Іварс Зарыньш.

З ім згодны латвійскі геолаг, спецыяліст па мадэляванні экстрэмальных прыродных сітуацый Канстанцін Ранкс. Ён сцвярджае, што цяпер у краін Балтыі няма іншага варыянта, акрамя як скарыстацца магчымасцю, якую прапануюць беларусы.

"Пасля закрыцця Ігналінскай АЭС было вырашана будаваць новую атамную электрастанцыю ў Вісагінасе, паколькі электраэнергіі нам не хапае, а гэта вельмі сур'ёзна тармозіць развіццё вытворчасці ў рэгіёне — гэта факт. Тым не менш неўзабаве высветлілася, што дапамагаць Літве будаваць новую АЭС ніхто не спяшаецца, але дэфіцыт электрычнасці існаваў і існуе. Найбуйнейшыя вытворцы электрычнасці сёння — эстонцы, якія паляць гаручыя сланцы, але гэта не вяжацца з палітыкай паляпшэння экалогіі. Калі мы будзем паслядоўна змагацца са шкоднымі выкідамі, нам патрэбна альтэрнатыва. Электраэнергія патрэбна нам ужо цяпер, а калі Эстонія адмовіцца ад сланцаў, гэтае пытанне стане яшчэ вастрэйшым. У сваю чаргу, Беларусь прапануе такую альтэрнатыву, яна можа прадаваць электрычнасць па адэкватных канкурэнтных цэнах", — кажа ён.

Как Белорусская АЭС рассорила Литву с балтийскими сёстрами
Беларуская АЭС, ліпень 2020 года / Еўрарадыё

У эпоху дэфіцыту

У Эстоніі кіруюцца той жа логікай, паказваючы на недахоп электрычнасці, які стрымлівае вытворчасць. У найбліжэйшы час эстонцы будуць планамерна згортваць сланцавую прамысловасць — БелАЭС становіць для іх пэўную цікавасць.

"У будучыні Еўропа ў рамках свайго зялёнага парадку дня будзе ўводзіць нейкія правілы гульні па пастаўках электраэнергіі з трэціх краін, якія будуць звязаныя з аховай навакольнага асяроддзя, паколькі энергетыка павінна быць чыстая. Электрон, выраблены не ўмоўным зялёным спосабам, будзе проста даражэй абыходзіцца пакупніку на еўрапейскім рынку. Аднак увесь фокус у тым, што атамныя электрастанцыі пад гэтыя абмежаванні не трапляюць, таму што па сваіх параметрах яны не адносяцца да забруджвальнікаў. Атамныя электрастанцыі будуць працаваць без праблем, таму БелАЭС, якая стаіць на мяжы, знаходзіцца ў вельмі выгодным становішчы — у яе ёсць перспектывы", — сказаў "Новой газете — Балтия" былы міністр дзяржаўнага кіравання, экс-міністр транспарту, эксперт па пытаннях эканомікі Райва Варэ.

Па словах Варэ, з дэфіцытам электраэнергіі ў найбліжэйшыя дзесяць гадоў сутыкнуцца не толькі краіны Балтыі, але і ўвесь рэгіён. Наступствы такога развіцця падзей ясныя — электрычнасць будзе даражэць, запыт на вытворчыя магутнасці будзе расці, умоўная прабоіна будзе толькі павялічвацца, значыць, праблему трэба пачынаць вырашаць ужо сёння.

Беларусь вядзе будаўніцтва АЭС побач з горадам Астравец у Гродзенскай вобласці па расійскім праекце ВВЭР-1200. Яна будзе складацца з двух энергаблокаў магутнасцю 1200 МВт кожны. Генпадрадчыкам будаўніцтва АЭС з'яўляецца "Атамбудэкспарт" (АБЭ, структура "Расатама").

У 2017 годзе Літва прыняла закон аб забароне імпарту электраэнергіі з трэціх краін, дзе працуюць небяспечныя АЭС.

Нягледзячы на тое, што краіна займае прынцыповую пазіцыю па пытанні атамнай электрастанцыі, пасля парламенцкіх выбараў, запланаваных на кастрычнік, сітуацыя можа змяніцца. Так, Сацыял-дэмакратычная партыя Літвы заявіла пра гатоўнасць перагледзець погляды на гэты праект. На думку партыйных функцыянераў, якія абапіраюцца на меркаванне экспертаў у галіне энергетыкі, блакада электраэнергіі з БелАЭС тэхнічна немагчымая — яна ўсё роўна трапіць на літоўскі рынак праз суседзяў, толькі цана на яе будзе вышэйшая.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі