Еўракамісія назвала неабгрунтаваным затрыманне літоўскіх грузавікоў у Беларусі
Фуры, ілюстрацыйнае фота / fecebook.com
Непрымальнымі і неабгрунтаванымі назвала Еўракамісія дзеянні афіцыйнага Мінска, праз якія была затрыманая тэхніка літоўскіх ды іншых перавозчыкаў з краін ЕС. Пытанне іх затрымання разглядаецца на вышэйшым узроўні Еўрапейскага Саюза і ўжо вынесенае на міжнародны парадак дня, заявілі ў Еўрапейскай камісіі.
Такі адказ ад Еўракамісіі атрымала нацыянальная асацыяцыя аўтаперавозчыкаў "Linava", перадае LRT. На пачатку сакавіка літоўскія перавозчыкі звярнуліся ў Еўракамісію з нагоды затрыманых фураў і прычыненай шкоды.
У Еўракамісіі заяўляюць, што Беларусь павінна неадкладна стварыць умовы для вяртання грузавікоў законным уладальнікам.
Напярэдадні з літоўскімі і польскімі перавозчыкамі, чые грузавікі не выпускаюць з Беларусі, сустракаўся прэм'ер-міністр Аляксандр Турчын. Ён заявіў, што беларускія ўлады не плануюць канфіскоўваць грузавікі, але давядзецца заплаціць за чатыры месяцы, якія яны стаялі на беларускіх спецстаянках.