Прэм’ер РБ абяцае не канфіскоўваць грузавікі з літоўскімі нумарамі

Літоўскія грузавікі ў Беняконях

Літоўскія грузавікі ў Беняконях / Мытны камітэт Беларусі

Беларусь не будзе канфіскоўваць фуры з літоўскімі нумарамі, але спагоніць грошы за іх захоўванне. Пра гэта прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын заявіў на сустрэчы з літоўскімі і польскімі перавозчыкамі.

Перавозчыкі звярнуліся да Лукашэнкі з просьбай паспрыяць урэгуляванню сітуацыі з грузавікамі, а той даручыў Турчыну правесці сустрэчу з імі.

"Нягледзячы на магчымасць канфіскацыі транспартных сродкаў, беларускі бок дакладна не мае намераў і жадання гэтым скарыстацца. Наша жаданьне — канструктыўна дамовіцца і выйсці з сітуацыі, што склалася", — перадае дзяржагенцтва БЕЛТА словы Турчына.

Ён дадаў, што літоўскі бок павінен кампенсаваць выдаткі на захоўванне машын. Але, маўляў, іх яшчэ не падлічылі.

Фуры з літоўскімі нумарамі былі затрыманыя ў Беларусі чатыры месяцы таму. Так афіцыйны Мінск адказаў на рашэнне Вільні закрыць дзяржаўную мяжу пасля пастаяннага прылёту з Беларусі метэазондаў з кантрабандай.

Фуры не могуць выехаць з Беларусі з канца кастрычніка 2025 года. Іх адправілі на спецыяльныя стаянкі. Раней Лукашэнка заяўляў, што за кожны грузавік ці паўпрычэп спаганяецца штодзённая плата 120 еўра. Таксама беларускія ўлады пагражалі канфіскаваць аўтамабілі праз чатыры месяцы стаянкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.