30-40% беларусаў прыехалі ў Літву з сем'ямі і хочуць тут застацца
Акцыя салідарнасці з беларусамі ў Вільні / LRT
Каля 30-40% беларусаў, якія прыехалі ў Літву з семʼямі, хочуць тут застацца. Да такіх высноваў прыйшлі даследчыкі Інстытута сацыялогіі Літоўскага цэнтра сацыяльных навук, якія вывучаюць беларускую дыяспару ў Літве, піша LRT.
Даследаванне беларускай дыяспары займаюцца Аляксандр Чубрык і Наталля Шчарбіна. Яны заяўляюць пра памылковасць уяўлення, быццам беларусы працуюць пераважна дальнабойнікамі і не плануюць заставацца ў Літве.
Паведамляецца, што агулам у Літве пражывае каля 60 тысяч беларусаў. Як адзначае Чубрык, людзі, якія прыехалі сем'ямі, больш схільныя застацца ў краіне. Праўда, дакладная колькасць беларускіх сем'яў у Літве невядомая. Таму навукоўцы стварылі мадэль даных, якая паказвае, што з сем'ямі ў Літву пераехалі 30-40% беларускіх мігрантаў. У гэты лік уваходзяць і дзеці, якіх у Літве жыве каля 4,2 тысячы.
Эксперты падкрэсліваюць, што гэтыя лічбы не зʼяўляюцца дакладнымі і грунтуюцца на дапушчэнні, што беларусы ў Літве па сваіх характарыстыках падобныя да насельніцтва Беларусі. Большасць эмігрантаў прыехалі пасля пратэстаў 2020 года.
Па словах даследчыкaў, тыповая беларуская сямʼя ў Літве мае двое дзяцей, абодва бацькі працуюць, а дзеці вучацца ў беларускіх, рускіх ці літоўскіх школах. Найбольш сурʼёзныя цяжкасці ў інтэграцыі беларусаў у Літве — гэта мова, асабліва ў сістэме адукацыі. Самы вялікі выклік — абмежаваныя магчымасці навучання літоўскай мове.