У Грузіі падчас рэйду супраць нелегальнай міграцыі затрымалі беларусаў
Затрыманне падчас рэйду супраць незаконнай міграцыі ў Грузіі / MadlobaBatumi
Падчас чарговага рэйду супраць незаконнай міграцыі ў Грузіі быў затрыманы 31 чалавек. Сярод іх – грамадзяне Індыі, Турцыі, Узбекістана, Кеніі, Пакістана, Кітая, Беларусі і Казахстана. Пра гэта паведамляе тэлеканал "Белсат" са спасылкай на МУС Грузіі.
Адзначаецца, што падчас рэйду супрацоўнікі Дэпартамента міграцыі праверылі канкрэтныя лакацыі для выяўлення замежных грамадзянаў. Замежнікаў даставілі ў цэнтр часовага размяшчэння Дэпартамента міграцыі і пачалі працэдуры па высылцы іх з краіны.
У паведамленні МУС не ўдакладняецца, колькі менавіта беларусаў сярод затрыманых і якія парушэнні ставяцца ім у віну.
Пра тое, як праходзяць рэйды супраць мігрантаў, расказаў у адным з мясцовых тэлеграм-каналаў жыхар Батумі: "Супрацоўнікі падышлі, прад’явілі дакументы (раён старога гораду). Папрасілі пашпарт і таксама страхоўку. Сфатаграфавалі, адправілі запыт. Усе дакументы былі ў парадку (мы і так гэта ведалі), пажадалі добрага дня і адпусцілі".
Папярэдняя дэпартацыя замежнікаў з Грузіі адбылася 10 сакавіка. Тады ў МУС краіны паведамілі пра 74 высланых чалавек, сярод якіх былі беларусы.