Вы тут

Выказваем заклапочанасць: кіберскандалы і адна вустрычная праблема

Коратка пра навіны ў свеце

Алімпіяда яшчэ не пачалася, а ў Токіа ўсё новыя праблемы. І ўсяму віной вустрыцы.

Але праблемы Японіі не такія вялікія, як праблемы Кітая. Усе вакол абвінавачваюць Пекін у шпіянажы. Ці праблемы зусім не ў Кітая, а ва ўсіх вакол — праз Кітай?

Даведаецеся з нашага кароткага агляду навін.
 

Рускія хакеры ўжо не тыя

Белы дом не ўтрымаўся ад параўнання. Там расказалі пра меркаваную сувязь Кітая з атакай на серверы Microsoft Exchange. І выйшла, што Расія не такая агрэсіўная ў кіберсферы, як Кітай.

"З расійскага боку мы часам бачым людзей, якія "падзарабляюць начамі". І мы бачым некаторыя сувязі паміж расійскімі спецслужбамі і асобнымі асобамі", — растлумачылі ў Белым доме.

Кітайскія хакеры — зусім іншая рэч. Іх выкарыстоўвае, на думку Вашынгтона, Міністэрства дзяржбяспекі наўпрост.

"Гэта асаблівы выпадак", — сказаў прадстаўнік Белага дома.

Кітай адмаўляе абвінавачанні ў свой адрас. А яны, тым часам, сыплюцца з усіх бакоў. Вялікабрытанія і ЕС літаральна сёння таксама абвінавацілі КНР у кібератацы на Microsoft Exchange. Велікабрытанія запатрабавала ад кітайскага ўрада пакласці канец "гэтаму сістэматычнаму кіберсабатажу".

Шпіёнскі скандал з выкарыстаннем ПЗ

СМІ мяркуюць, што праваабаронцы, журналісты і юрысты па ўсім свеце сталі ахвярамі шкоднага ПЗ Pegasus. ПЗ працуе на тэлефонах, яго нібыта прадавала аўтарытарным урадам ізраільская фірма NSO Group. Мяркуецца, што ў спісе патэнцыйных аб'ектаў сачэння прыкладна 50 тысяч тэлефонных нумароў.

Гэта сумеснае расследаванне сямнаццаці камандаў журналістаў з розных краін. Узначальвае яго французскае Forbidden Stories. Расследаванне адначасова апублікавалі Washington Post, The Guardian, Le Monde і 14 іншых сусветных СМІ.

Але ў ім шмат цёмных плям: незразумела, адкуль узяўся спіс патэнцыйных аб'ектаў для шпіянажу, незразумела, колькі тэлефонаў на самай справе было ўзламана.

Сама кампанія адмаўляе абвінавачанні і заяўляе, што гэта ПЗ выкарыстоўвалася толькі ў дачыненні да злачынцаў і тэрарыстаў. Яно было даступнае толькі праваахоўным органам і спецслужбам у краінах "з добрай рэпутацыяй у галіне правоў чалавека".

Высновы справаздачы журналістаў у кампаніі назвалі "непацверджанымі тэорыямі".

Сярод краін-кліентаў гэтай ізраільскай кампаніі Беларусі няма.

Алімпіяда становіцца ўсё даражэйшай

Алімпіядзе ў Токіа ўжо перашкодзіў COVID-19. А цяпер яшчэ і вустрыцы.

Водная траса "Марскі лес" у заліве Токіа павінна была прымаць спаборніцтвы па веславанні. Трасу падрыхтавалі з апярэджаннем графіка. Усе разлічвалі, што аб'ект спадабаецца спартсменам, але яшчэ раней ён спадабаўся вустрыцам.

Яны прымацаваліся да паплаўкоў, якія патрэбныя, каб нівеліраваць хвалі на трасе. І чыноўнікі заўважылі гэта, толькі калі паплаўкі пачалі тануць. Аказалася, што іх цягне да дна 14 тысяч тон вустрыц!

У выніку абсталяванне давялося выцягваць на бераг і рамантаваць. Часам групы вадалазаў адпраўляліся да паплаўкоў, каб чысціць іх на месцы.

Прытым, як аказалася, да гэтых паплаўкоў прымацаваліся не простыя малюскі, а вельмі дарагія! Іх бы прадаць у рэстараны, але не — спатрэбіліся б дадатковыя праверкі.

Алімпіяда яшчэ не пачалася, а спартыўныя чыноўнікі ўжо сутыкнуліся з вельмі дарагой праблемай. Праз вельмі дарагіх вустрыц.

Паплаціўся вокам за просьбу надзець маску

Медык страціў вока, спрабуючы растлумачыць пасажыру метро, што трэба надзець маску.

Інцыдэнт адбыўся ноччу ў вагоне метрапалітэна ў Мадрыдзе. Нашэнне масак у грамадскім транспарце ў іспанскай сталіцы абавязковае.

Іспанія летась была адной з найбольш пацярпелых ад COVID краін Еўропы. Тады людзі спявалі на балконах і ўключалі ліхтарыкі, падтрымліваючы медыкаў, якія змагаюцца з эпідэміяй. Але небяспека, як высветлілася, ідзе не толькі ад віруса, але і ад агрэсіўных каранаскептыкаў.

На пошукі зламысніка паднялі Нацгвардыю.
 

Каму дастанецца венесуэльскае золата?

Адказ будзе шукаць Вярхоўны суд Брытаніі. Гаворка ідзе пра мільярд долараў венесуэльскага залатога рэзерву, які захоўваецца ў Банку Англіі.

Тут, у англійскім банку, на нейтральнай тэрыторыі, захоўваюць свае зліткі многія цэнтрабанкі. Банку больш за трыста гадоў. За ўсю гісторыю ніхто не змог украсці адсюль ні аднаго злітка.

Але адна рэч — не змог украсці. Іншая рэч — Венесуэла ніяк не можа забраць свае зліткі, хоць звычайна гэта простая працэдура.

Летась у Лонданскі суд паступілі два сустрэчныя пазовы. Прэзідэнт Нікалас Мадура прасіў свае зліткі, каб укласці іх у барацьбу з пандэміяй, накіраваць на куплю лекаў і ежы. Яго апанент Хуан Гуайдо прасіў не аддаваць золата і сцвярджаў, што Мадура ўкладзе яго ў карупцыйныя схемы.

Тады Мадуру адмовілі, хоць сітуацыя з пандэміяй была сапраўды складаная. Аднак суд вырашыў, што Вялікабрытанія не прызнае Мадуру прэзідэнтам, вось і зліткі аддаць не можа.

Гэта было мінулым летам. А восенню апеляцыйны суд адмяніў гэтае рашэнне і прызнаў Мадуру фактычным лідарам Венесуэлы. Магчыма, гэтым разам Венесуэле ўдасца забраць сваё золата. Будзем спадзявацца, яно яшчэ зможа кагосьці выратаваць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.