Пераемніца Мадура правяла “чысткі” ва ўладзе — NYT

Дэльсі Радрыгес

Дэльсі Радрыгес / Коммерсантъ

Пад кіраўніцтвам выконваючай абавязкі прэзідэнта Венесуэлы Дэльсі Радрыгес ва ўладзе праводзяцца “чысткі”. Пра гэта, спасылаючыся на ўласныя крыніцы, піша The New York Times.

Пасля таго як сілы спецыяльнага прызначэння ЗША зрынулі прэзідэнта Венесуэлы Нікаласа Мадура, у краіне “пазбаўляюцца” ад ягоных саюзнікаў у палітыцы і сярод алігархаў. Некаторыя былі звольненыя або затрыманыя, іншыя трывожна азіраюцца, баючыся, што могуць стаць наступнымі. Таксама сваякі Мадура адхілены ад бізнес-здзелак і пазбаўлены магчымасці з’яўляцца ў СМІ.

Як піша амерыканскае выданне, гэтыя затрыманні і чысткі ў кіраўніцтве краіны адбываюцца без публічных тлумачэнняў, але часта з адабрэння — а часам і па настойванні — Белага дома. Пра гэта журналістам расказалі людзі, блізкія да ўрада Радрыгес.

Паведамляецца, што за тры месяцы пасля захопу Мадура Радрыгес змяніла 17 міністраў, замяніла ваеннае кіраўніцтва і прызначыла новых дыпламатаў. Яна таксама кантралявала затрыманне як мінімум трох бізнесменаў, звязаных з арыштаваным прэзідэнтам, звольніла некалькіх ягоных сваякоў і пазбавіла большую частку яго сям’і доступу да нафтавых кантрактаў.

На іх месцы яна прызначыла сваіх прыхільнікаў або прасунула бізнесменаў, абавязаных ёй, адначасова адкрыўшы дзверы амерыканскім інвестарам у нафтавай і горназдабыўной сферах.

The New York Times адзначае, што гэтыя змены амаль не прынеслі празрыстасці або плюралізму ў ўрад, які застаецца аўтарытарным. Венесуэльская апазіцыя сцвярджае, што замест вяртання краіны да дэмакратыі Радрыгес умацоўвае сваю ўладу.

Пры гэтым некалькі высокапастаўленых венесуэльскіх чыноўнікаў параўналі кіраванне Радрыгес з кіраваннем “пад дулам пісталета”, бо ЗША не раз пагражалі ім другім уварваннем.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.