Удзельнікаў "Гукання вясны" ў Гомелі выклікаюць на "прафілактычныя гутаркі"

Гуканне вясны ў Гомелі

Гуканне вясны ў Гомелі / відэа з акаўнту ў TikTok

Сталі вядомыя новыя падрабязнасці пра пераслед за "Гуканне вясны" ў Гомелі.

Удзельнікаў народнага абраду выклікаюць у міліцыю на "прафілактычныя гутаркі" і трымаюць у пастарунку па некалькі гадзін. Гэта заўважыла выданне "Флагшток", прааналізаваўшы сайт Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў.

У рубрыцы "Юрыдычная анлайн-кансультацыя" жыхар Гомеля расказаў, што яго дачка ўдзельнічала ў "Гуканні вясны", арганізаваным у рэстаране "Спадчына". Праз некалькі дзён яе з дому забралі міліцыянты "для прафілактычнай работы", сарваўшы працу ў каледжы.

"Пратрымаўшы дачку ў РАУС каля васьмі гадзін, ёй патлумачылі, што яна ўдзельнічала ў несанкцыянаваным мерапрыемстве. Наколькі правамоцныя дзеянні супрацоўнікаў правапарадку?"

Адвакатка Крысціна Якута-Марчук адказала так: "Калі былі падставы, маглі і затрымаць. І растлумачыць таксама маглі. Трэба глядзець, як усё афармлялася".

Мужчына ў каментарах дадаў, што затрыманая дачка шэсць гадзін правяла ў міліцыі ў чаканні і дзве гадзіны з ёй вялі "прафілактычную гутарку".

"Двое супрацоўнікаў з ёй пагутарылі і выдалі даведку аб прычыне адсутнасці на працы. Больш ніякіх дакументаў не далі. Ёй патлумачылі, што яна павінна была высветліць сама, ці ёсць у рэстарана дазвол на правядзенне мерапрыемства. Наколькі правільныя дзеянні супрацоўнікаў міліцыі?"

Гэтае пытанне засталося без адказу.

Раней паведамлялася, што маёр міліцыі Віктар Шыпкоў быў аштрафаваны за ўдзел у гэтым жа "Гуканні вясны".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.