Вы тут

У Ватыкане з удзелам мітрапаліта Кандрусевіча абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч / vaticannews.va/be

19 кастрычніка ў Ватыкане з удзелам арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі. Ён сустрэўся з кардыналам дзяржсакратаром П’етра Паралінам і сакратаром па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі, арцыбіскупам Полам Рычардам Галахерам, паведамляе vaticannews.va/be. Гаворка ішла і пра планы па вяртанні мітрапаліта Мінска-Магілёўскага на радзіму "для ажыццяўлення служэння сярод сваёй паствы". Ватыкан "прыкладае максімум намаганняў з мэтай хутчэйшага выпраўлення існуючай сітуацыі".

Мітрапаліт Кандрусевіч не змог вярнуцца ў Беларусь 31 жніўня пасля паездкі ў Польшчу. Беларускія памежнікі яго проста не прапусцілі. Толькі ў сярэдзіне верасня стала вядома, што беларускі пашпарт кіраўніка Рымска-Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне быў прызнаны несапраўдным. У МУС высвятляюць, ці не мае Кандрусевіч іншага грамадзянства. Ужо на гэтым тыдні чакаюцца адказы "кампетэнтных органаў шэрагу краін" на запыты з Мінска.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.