Шумчанка: Сутыкнуліся з тым, што, каб вырашыць праблемы ІП, трэба змяніць уладу

Шумчанка: Сутыкнуліся з тым, што, каб вырашыць праблемы ІП, трэба змяніць уладу

Беларускіх прадпрымальнікаў заклікаюць выйсці на акцыі пратэсту 22 лютага. У панядзелак падчас вулічнай акцыі на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску сотні ІП вырашылі сабрацца і праз тыдзень. Са зваротам да ІП і неабыякавых грамадзян звярнуўся і лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Ён просіць "усіх, каму дазваляе час і магчымасці", выходзіць у панядзелак на плошчу.

Ад пачатку выходзіць на вулічную акцыю пратэсту прадпрымальнікаў заклікаў лідар Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання “Перспектыва” Анатоль Шумчанка. Але потым змяніў планы і тых, хто на прызначаную раней дату 15 лютага выйшаў на вуліцу, фактычна ўзначалілі апазіцыйныя дзеячы Анатоль Лябедзька, Мікалай Статкевіч і Уладзімір Някляеў. Анатоль Шумчанка ў каментары Еўрарадыё кажа, што сёння не важна, хто, дзе і якім чынам вядзе барацьбу за правы прадпрымальнікаў — галоўнае, каб гэтая барацьба ішла.

Шумчанка: “Ці гэта форумы “Перспектыва” праводзіць, ці гэта мы ў рэгіёнах выходзім да выканкамаў, ці дэмакратычныя сілы пачынаюць аказваць маральную ці не толькі маральную падтрымку — усё трэба падтрымліваць. У сённяшняй сітуацыі гэта ў любым выпадку плюс, а не мінус. Сёння, скажу вам шчыра, каб вырашыць пытанне ІП, фактычна мы сутыкнуліся з тым, што трэба змяніць уладу”.

Па словах Шумчанкі, калі раней прадпрымальнікі з нейкай нагоды баставалі, то ўлада “адэкватна рэагавала, ішла на перамовы і вырашала пытанні”. Гэтым жа разам улады не звяртаюць увагі ні на незадаволенасць прадпрымальнікаў, ні на іх шматтысячныя форумы, ні на непрацуючыя рынкі, ні на не сплачаныя падаткі — ісці на саступкі не хоча. І апроч таго, што ў людзей “пачалі адчыняцца вочы на тое, што ў краіне адбываецца”, выніку ад гэтага супраціву няма. І таму сёння любы, хто ў абарону прадпрымальнікаў нешта кажа ці робіць, варты падтрымкі, кажа Шумчанка.

Праўда, на пытанне, ці выйдзе ён сам 22 лютага на вулічную акцыю, лідар “Перспектывы” адказвае нявызначана: “Я ўсёй душой і сэрцам з тымі, хто змагаецца за правы прадпрымальнікаў”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі