Вы тут

Рэформы або сімуляцыя: куды вядзе самая вялікая трагедыя сучаснага Казахстана

Толькі паводле афіцыйных звестак у часе пратэстаў у Казахстане загінула 225 чалавек / Руслан Пранікаў / AFP / East News

Пасля пратэстаў у Казахстане прэзідэнт Касым-Жамарт Такаеў набывае ўсё большую ўладу, а Нурсултана Назарбаева пачынаюць забываць.

Суправаджаецца гэта шматлікімі пытаннямі: ці не Такаеў зладзіў пратэсты, як увод войскаў АДКБ паўплывае на адносіны з Беларуссю, ці павялічыць Расія свой уплыў на Казахстан і як сябе адчуваюць звычайныя людзі?

У гэтых пытаннях, а таксама ў тым, чым Беларусь і Казахстан падобныя, Еўрарадыё разбіраецца разам з журналістам і генеральным дырэктарам выдання Vlast.kz Вячаславам Абрамавым.

Еўрарадыё: Мы бачым звальненні сваякоў і набліжаных Назарбаева з ключавых пасадаў. Ці можна гаварыць, што Такаеў заняўся зачысткай клана Назарбаева?

 

Вячаслаў Абрамаў / azattyq.org

В. А.: Мне здаецца, гэта некалькі паралельных працэсаў. Лозунгам тысяч людзей, якія мірна пратэставалі на вуліцах у пачатку студзеня, было: "Стары, сыходзь". Калі ніякай рэакцыі не адбудзецца, гэта будзе як мінімум дзіўна.

Сямейнікі Назарбаева разумеюць, што пара ўбываць са сваіх пасадаў. А з боку прэзідэнта Такаева і яго атачэння таксама ёсць адпаведны запыт. Ачыстка ад людзей, якія перасталі задавальняць грамадства, будзе карысная цяперашняй уладзе.

Думаю, нейкія размовы людзей, якія прымаюць рашэнні ў цяперашні час, з тымі, хто прымаў рашэнні колькі часу таму, адбываюцца. І вынікі гэтых размоваў або перамоваў выліваюцца ў адстаўкі. На працягу кароткага часу мы не ўбачым нікога з прадстаўнікоў сям'і Назарбаева ва ўладзе. Гэта выразны сігнал, які ёсць, хто б гэты працэс ні ініцыяваў.

Еўрарадыё: Вельмі прыкметнае ўзмацненне фігуры Такаева. Ці не звязаны крывавыя студзеньскія падзеі з тым, што ўлада збіраецца ў яго руках?

 

Касым-Жамарт Такаеў / Reuters

В. А.: Існуюць вельмі розныя версіі. Як журналіст, які ў тым ліку займаецца расследаваннямі, не магу сказаць, што нейкая з гэтых версій больш дакладная ці бліжэйшая да рэальнасці. Мы не валодаем цяпер паўнавартаснымі звесткамі пра тое, што адбывалася, нават знаходзячыся ўнутры краіны, нават будучы ў Алматы.

Не ясныя да гэтага часу і не названыя арганізатары гэтых падзей па думку ўладаў. Нам не абвясцілі, хто падтрымліваў "міжнародных тэрарыстаў", пра якіх нам гаварылі з першага дня.

Магчыма, Такаеву ўдалося пазбавіцца ад часткі людзей, якія маглі тэарэтычна яго нерваваць, таму што мелі каласальную ўладу. Але адначасова Такаеў атрымаў траўму цэлага грамадства. Гэта самыя крывавыя падзеі ў 30-гадовай гісторыі Казахстана. Толькі па афіцыйных звестках 225 загінулых.

Не думаю, што хоць адзін чалавек у здаровым розуме гатовы паставіць пад пытанне сваё прэзідэнцтва і пазначыць сваё месца ў гісторыі такога роду падзеямі. Але адказваць адназначна заўчасна.

Еўрарадыё: Такаеў мае падтрымку грамадства?

 

Сцяг Казахстана ў разбітым у часе пратэстаў акне / Reuters

В. А.: Такаеў заўсёды меў падтрымку. Чалавек аўтаматам займеў падтрымку з боку часткі грамадства, якая прывыкла падтрымліваць людзей ва ўладзе.

Але я бачыў па многіх людзях, што яны маюць даволі вялікую сімпатыю да Такаева. Яго ўспрымаюць як вельмі інтэлігентнага, чалавекалюбнага, прыстойнага кіраўніка. Як чалавека, які не гоніцца за грашыма. Вельмі многія людзі да яго яшчэ большую сімпатыю адчулі ў часе пандэміі, таму што ён не саромеўся і маску насіць, і з людзьмі на чалавечай мове размаўляць.

Амаль за тры гады свайго прэзідэнцтва ён заўсёды стараўся адказваць на крытыку, запыты грамадства. Мне здаецца, ён верыць у тое, што ён зрабіў сур'ёзныя палітычныя рэформы, якія, напрыклад, праваабаронцы сур'ёзнымі не назавуць.

Але людзі адзначалі пазітыўна такія рэчы, як чалавечнасць, вялікую адкрытасць. Яе ў апошнія гады былому прэзідэнту не ставала. Гэта была агульная адарванасць ад рэальнасці. Вельмі падобна да таго, што мы назіраем у Беларусі. Калі ёсць маленькае акружэнне і далей гэтага акружэння вока ўжо не бачыць.

 

Думаю, што запал сімпатый да Такаева паступова спадзе. Калі ўявіць, што Такаеў асабіста супраць катаванняў (я ўпэўнены, што ён супраць катаванняў). І ён асабіста вельмі за тое, каб адбыліся эканамічныя, сацыяльныя і, магчыма, нават палітычныя пераўтварэнні, то чыноўнікі застаюцца такімі ж непаваротлівымі. Наўрад ці яны, як ракета, панясуцца наперад, змяняючы краіну.

Таму, калі з'явіцца больш інфармацыі пра катаванні ці калі не выканаюцца нейкія праграмы, сімпатыі крыху ўпадуць.

Еўрарадыё: Лукашэнка заявіў, што місію АДКБ у Казахстан яны з Пуціным распрацавалі ўдваіх літаральна за гадзіну. Як увод войскаў АДКБ быў успрыняты жыхарамі Казахстана і ці змянілася стаўленне да Лукашэнкі і Пуціна?

 

Беларускі вайсковец у Казахстане / Мінабароны Беларусі

В. А.: Было даволі шмат людзей, якія не падтрымалі гэтага рашэння, таму што не было поўнай інфармацыі пра тое, чым будуць займацца міратворцы. Была вельмі вялікая апаска, што яны будуць удзельнічаць у аперацыях супраць людзей на вуліцах, не будуць адчуваць літасці і іншае.

Пратэсты ў Казахстане на пачатку студзеня / AP

В. А.: Сітуацыя непрадказальная. Мы больш не чуем стральбы на вуліцах. Бачым змену твараў, але гэта людзі з сістэмы. І мы бачым расследаванне, якое вельмі нервова ідзе.

Ёсць факты збіцця і жорсткага абыходжання, катаванняў у дачыненні да затрыманых, з якіх выбіваюць прызнанні ў тым, што яны ўчынілі масавыя беспарадкі. Мне здаецца, задача казахстанскага грамадства заключаецца ў тым, каб спыніць катаванні, дамагчыся рэформаў.

Жаданне змен у грамадстве ёсць. Пратэсты адбыліся праз сацыяльную няроўнасць, каласальны разрыў паміж багатымі і беднымі, дыспрапорцыю паміж рэгіёнамі, адсутнасць магчымасці выказаць сваё меркаванне, як бы дзяржава ні дэкларавала, што яна ёсць такой дзяржавай, якая чуе.

Хочацца спадзявацца, што ў найбліжэйшыя тыдні мы ўбачым дэманстрацыю з боку дзяржавы крокаў у бок новай грамадскай дамовы, пра якую гаварыў Такаеў. Але мая журналісцкая рэалістычнасць гаворыць пра тое, што ўсё-ткі не ўбачым. Хутчэй за ўсё, будзе вяртанне кудысьці назад, калі адбываюцца касметычныя рэформы і ёсць нейкія крытыкі, якія дазваляюць сабе казаць, што штосьці не працуе.

І ёсць асноўны фронт — дзяржаўныя структуры, уся работа якіх нацэлена на тое, каб апарат працаваў і сістэма існавала. Куды ў выніку Казахстан зможа прыйсці, сказаць немагчыма.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.