"Зеркало": Пасля знікнення Мельнікава стала ўласніцай дзвюх кватэр у Мінску
Экс-спікерка КР Анжаліка Мельнікава / Еўрарадыё
Зніклая экс-спікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава стала ўласніцай дзвюх кватэр у Беларусі, высветліла выданне "Зеркало". Журналісты заяўляюць, што даведаліся пра здзелкі з афіцыйных дакументаў, якія ёсць у распараджэнні рэдакцыі.
Паводле выдання, у верасні 2025 года Мельнікава стала ўласніцай аднапакаёвай кватэры на праспекце Любімава ў Мінску плошчай 33,8 квадратнага метра. Да таго моманту Мельнікава ўжо каля паўгода не выходзіла на сувязь з былымі калегамі па Каардынацыйнай радзе і НАУ.
А ў студзені 2026 года яна аформіла на сябе яшчэ адну кватэру на вуліцы Пятра Мсціслаўца ў ЖК "Маяк Мінска". Паводле дакументаў, плошча кватэры складае 91,8 квадратнага метра.
З 2016 года Мельнікава разам з мужам валодала яшчэ адной кватэрай у Мінску. У 2024 годзе, паводле крыніцы "Зеркала", гэтую кватэру арыштавалі. Арышт супаў з узбуджэннем крымінальнай справы ў дачыненні да 257 удзельнікаў будучых выбараў у Каардынацыйную раду, у пералік якіх уваходзіла і Мельнікава. У 2026 годзе арышт быў зняты пастановай Следчага камітэта.
Гісторыя знікнення Мельнікавай
Пра знікненне Анжалікі Мельнікавай яе калегі заявілі напрыканцы сакавіка 2025 года. Пазней стала вядома, што за месяц да гэтага яна вылецела ў Лондан, а адтуль — у Шры-Ланку. Пасля гэтага высветлілася, што перад знікненнем Мельнікава зняла (сама або пад ціскам) каля 150 тысяч долараў з рахунку фонду, якім кіравала. У Польшчы ўзбудзілі крымінальную справу па факце яе знікнення.
Пазней журналісты высветлілі, што ў падарожжа яна магла накіроўвацца з маладым ухажорам Аляксеем Гардзеевым (Лабеевым), які аказаўся супрацоўнікам КДБ.
Скрыншот сторыс у інстаграме мінскай трэнеркі з нібыта зафіксаванай на ім Анжалікай Мельнікавай 19 сакавіка выклаў у сваім канале блогер Balaganoff. Дзяўчына, падобная да зніклай экс-спікеркі Каардынацыйнай рады, была сфатаграфаваная ў мінскім фітнес-цэнтры Gym24 у мікрараёне Усход, які адкрыўся ў 2025 годзе.