Вы тут

Аперацыю па ўводзе войскаў АДКБ у Казахстан распрацоўвалі Лукашэнка і Пуцін

Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы міратворчага кантынгенту / БелТА

Аперацыя па ўводзе войскаў АДКБ у Казахстан была распрацавана кіраўнікамі Беларусі і Расіі на працягу гадзіны. Аб гэтым заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы міратворчага кантынгенту, які прыбыў з Казахстана. Прамову Лукашэнкі прыводзіць БелТА.

"Была намечана задума. І міністэрствы абароны пад кіраўніцтвам Шайгу і Хрэніна дэталізавалі ў генеральных штабах задуму двух прэзідэнтаў, і ўжо праз некалькі гадзін вылецелі першыя самалёты ў Казахстан. Усё было зроблена хутка і рашуча, без ваганняў", — расказаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, увод войскаў АДКБ не толькі "ахаладзіў запал тэрарыстаў і экстрэмістаў, якія кіруюцца звонку", але паказаў усяму свету "цесныя саюзніцкія сувязі, дзеяздольнасць і патэнцыял Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы".

Місія АДКБ у Казахстане доўжылася некалькі дзён. Ваенныя з Расіі, Беларусі, Арменіі, Кырзызстана і Таджыкістана адправіліся ў Казахстан па просьбе прэзідэнта Такаева, "аказаць дапамогу Казахстану ў пераадоленні тэрарыстычнай пагрозы". Беларускія вайскоўцы ахоўвалі ў Казахстане стратэгічныя аб'екты. 13 студзеня пачаўся вывад войскаў АДКБ з краіны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.