У Беларусі пахаладае, а ў Мазыры нават уключаць ацяпленне
Надвор'е ў Беларусі
У Мазырскім раёне сёння ізноў уключаюць ацяпленне праз раптоўнае пахаладанне. Батарэі ізноў пацяплеюць не толькі ва ўстановах адукацыі, аховы здароўя і сацзабеспячэння, але і ў дамах і кватэрах.
А вось жыхарам Гомеля так не пашанцуе. Сіноптыкі абяцаюць у абласным цэнтры да +8 градусаў, а гэта ніжэйшы парог для таго, каб цэнтралізаванае ацяпленне заставалася выключаным.
Халадае ў Беларусі праз атмасферныя франты і халодную няўстойлівую паветраную масу, што паступае з Балтыйскага мора. Напачатку тыдня будзе воблачна, на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць ападкі. У аўторак, 7 красавіка, магчымы нават мокры снег, а на поўдні чакаюцца навальніцы. У сярэдзіне тыдня, 8-9 красавіка, ноччу і ранкам на дарогах будзе слізка, будзе дзьмуць паўночны моцны вецер.