Расія можа забараніць Лукашэнку ўводзіць новыя пошліны на “барахло”

Пра тое, што нашумелая 100-доларавая пошліна не будзе ўведзеная, Лукашэнка заяўляе на “Дажынках”. Але дадае, што аматараў замежнага шопінгу ў спакоі не пакінуць.

“Таму я і кажу, што трэба шукаць нейкія рычагі, як іншыя дзяржавы гэта робяць. Добра, не будзем з цябе браць сто долараў, але будзеш увозіць шмоткі, як у іншых дзяржавах, заплаціш пошліну. Гэта ж нармальна, цывілізавана”.

Але за ўвоз “шмотак” з-за мяжы ў Беларусь на продаж беларусы і так плацяць пошліну. Гэта вельмі зразумела для ўсіх прапісана ў “Парадку перамяшчэння тавараў фізічнымі асобамі для асабістага карыстання праз мяжу Мытнага саюза”. Згодна з гэтым дакументам, калі мытнікі западозраць нядобрае ў вашых торбах — маюць поўнае права абкласці падаткам любога.

“Норма бяспошліннага ўвозу асабістай маёмасці, якая ўвозіцца ў суправаджальным багажы, складае ў вартасным выразе 1500 еўра, а ў вагавым — 50 кг. Аднак не варта думаць, што цяпер можна прывезці 50 кілаграмаў аднародных тавараў. Па-ранейшаму вызначэнне прызначэння тавараў ажыццяўляецца мытным органам, зыходзячы з заявы фізічнай асобы, характару і колькасці тавараў, а таксама частаты перамяшчэння праз мытную мяжу”.

Супрацоўнікі памежных пунктаў мытнага кантролю гавораць, што дадзеныя аб характары і колькасці задэклараваных беларусамі падчас перасячэння мяжы тавараў — інфармацыя для ўнутранага карыстання. Намеснік старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта Сяргей Барысюк больш шматслоўны. Падчас прэс-канферэнцыі гаворыць журналістам, што беларусы з ЕС вязуць у асноўным вопратку, бытавую тэхніку і аўтамабільныя пакрышкі.

Калі вазіць гэтыя тавары для сябе, паводле слоў мытнікаў, праблем не будзе. А вось схітрыць і вазіць тавар малымі партыямі не атрымаецца. На мяжы вас хутка запомняць, папросяць запаўняць дэкларацыі, а потым абкладуць падаткам.

“Дэклараваць просяць. Калі вы задэкларавалі, то, значыць, паведамілі аб перамяшчэнні пэўнага віду тавару. Дэкларацыя — гэта не значыць, што адразу будзеце плаціць пошліну. Раз запоўнілі яе, другі раз, трэці — і ў мытных органах ужо ёсць інфармацыя, што вы возіце”.

Так што не зусім зразумела, пра якія пошліны на ўвоз тавараў з Еўрасаюза гаворыць Аляксандр Лукашэнка. З аднаго боку, яны даўно існуюць, а з іншага — Беларусь пры ўсім жаданні наўрад ці зможа ўвесці новыя. Прынамсі, у Еўразійскай эканамічнай камісіі Еўрарадыё гавораць, што зрабіць гэта будзе вельмі складана. Наша краіна спачатку павінна падаць адпаведную заяўку на разгляд Расіі і Казахстана. І змены прымуць толькі пасля іх дазволу. І тое не вельмі верагодна. Бо Расія ўваходзіць у Сусветную гандлёвую арганізацыю, а “Правілы перамяшчэння тавараў праз мяжу Мытнага саюза” павінны адпавядаць яе нормам.

Фота topwar.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі