Вы тут

Беларусь уводзіць абавязковую дэзінфекцыю транспарту на мяжы

Дэзінфекцыя на беларускай мяжы / Ілюстрацыйнае фота vk.com/gpkgovby

Беларусь уводзіць абавязковую дэзінфекцыю транспарту на мяжы. Быў падпісаны адпаведны ўказ. Зроблена гэта "у мэтах зніжэння рызыкі ўвозу на тэрыторыю краіны ўзбуджальнікаў небяспечных інфекцый і бактэрый", паведамляе president.gov.by.

З ліпеня 2021-га ў пункце пропуску "Новая Гута" на беларуска-украінскай мяжы праводзіўся эксперымент. Там была абавязковая дэзінфекцыя транспартных сродкаў. Ёй падлягалі аўтобусы, легкавыя і грузавыя аўтамабілі (з замежнага боку). Агулам працэдуру прайшлі больш за 60 тысяч транспартных сродкаў.
 
Дзяржаўная ветэрынарная служба даследавала пробы, узятыя да правядзення дэзінфекцыі. Высветлілася, што частка з іх паказала станоўчы вынік на наяўнасць кішэчнай палачкі і залацістага стафілакока. Па выніках эксперыменту збіралася міжведамственная працоўная група пры Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання, якая "прыняла рашэнне распаўсюдзіць атрыманы вопыт на ўсе пункты пропуску на межах Беларусі". Вось такое тлумачэнне. А на справе — яшчэ адзін варыянт зарабіць грошы на мяжы.

У якасці арганізацыі, якая будзе аказваць паслугі па абавязковай дэзінфекцыі, прызначанае ТАА "БелГлабалГарант". Аплата будзе праводзіцца шляхам набыцця кантрольнай маркі ў Белдзяржстраху і Беларусбанку — у пунктах пропуску праз дзяржаўную мяжу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.