Вы тут

Прагулкі ўсляпую: у Беларусі хочуць навучаць сабак-павадыроў для невідушчых

Сабакі-павадыры / @abikoertekeskus

"З ранніх гадоў у той ці іншай меры я маю праблемы са зрокам, і з канца 90-х заняў за сабой званне ва ўсіх афтальмалогіях, куды б ні звяртаўся, "таго самага хлопчыка з цяжкімі вачыма" — так некаторыя лекары рэзюмавалі гісторыі маёй хваробы, якія таўсцелі з году ў год", — расказвае пра сябе Еўрарадыё 27-гадовы студэнт ЕГУ Яўген Балінскі.

Разам са сваёй дзяўчынай — аспіранткай і выкладчыцай БДЭУ Ксеніяй Окрут — хлопец займаецца распрацоўкай важнага праекта, рэалізацыя якога дапаможа невідушчым беларусам адчуваць сябе больш упэўнена ў час прагулак.

 

Ксенія Окрут і Яўген Балінскі / архіў

Маладыя людзі мараць стварыць першы ў Беларусі Цэнтр падрыхтоўкі сабак-павадыроў "Сябар чалавека" для людзей з парушэннямі зроку. Ідэя была прадстаўлена на конкурсе сацыяльных ініцыятыў Social Weekend. Праект трапіў у фінал, але не заваяваў узнагарод. Нягледзячы на гэта, яго аўтары працягваюць шукаць партнёраў і аднадумцаў, якія дапамогуць увасобіць мару ў рэальнасць.

Яўген Балінскі: Ідэя нарадзілася восенню 2020 года ў час універсітэцкага семестра. Студэнтам прапанавалі прыдумаць нейкі хоць трохі жыццяздольны праект і паспрабаваць апісаць яго. Незадоўга да таго мы з Ксеніяй глядзелі ў сеціве запіс фіналу конкурсу Social Weekend і вельмі натхніліся ім. Ну а жаданне дапамагаць людзям з парушэннем зроку з'явілася ў мяне даўно.

Пачатковую школу я правёў у Гродзенскім інтэрнаце для дзяцей з парушэннямі зроку, потым перайшоў на хатняе навучанне. Паралельна катаўся па дзіцячых і потым ужо дарослых вочных лякарнях і кансультацыйных цэнтрах у Беларусі, Расіі і Ізраілі.

У мяне было шмат магчымасцяў знаёміцца з праблемамі іншых людзей з парушэннямі зроку. Мабыць, усё гэта і паўплывала на нараджэнне ідэі пра Цэнтр падрыхтоўкі сабак-павадыроў. Да таго ж па ходзе жыцця і мой зрок падсаджваецца яшчэ больш. Мяне цікавяць усе магчымыя рашэнні сітуацыі на акадэмічным і бытавым узроўнях.

Еўрарадыё: Сабак-павадыроў мы бачым часцей у кіно ці выязджаючы за мяжу. Чаму невідушчыя ў Беларусі не ходзяць з такімі сабакамі?

Яўген Балінскі: Сапраўды, у Беларусі ніколі не было арганізацыі, дзе пастаянна і прафесійна рыхтавалі б сабак-павадыроў. Наколькі мне вядома, і сёння ў нашай краіне няма ніводнага спецыяльна навучанага сабакі. Адзіны шанц у беларускіх невідушчых атрымаць такога гадаванца — заказаць яго навучанне за мяжой, напрыклад у Маскве. Кошт падрыхтоўкі пачынаецца ад 10 тысяч долараў. Таму, увогуле кажучы, у Беларусі іх і няма.

Для параўнання прывяду замежны досвед. Працуючы над праектам, мы размаўлялі з прадстаўнікамі цэнтраў Вялікабрытаніі, Германіі, Эстоніі і Расіі. У многіх выпадках арганізацыі там знаходзяцца на ўтрыманні буйных камерцыйных і некамерцыйных структур, фондаў, прыватных ахвярадаўцаў і даюць сабак тым, хто мае патрэбу, бясплатна.

Пры гэтым цікава: пакуль мы робім першыя крокі да ажыццяўлення нашага плана, за мяжой ужо вырашаюць праблемы, звязаныя непасрэдна з перамяшчэннем невідушчага і яго сабакі ў гарадской прасторы.

Напрыклад, навакольныя людзі не ведаюць, як сябе паводзіць на вуліцы пры сустрэчы з павадыром. Шмат хто ў парыве замілавання перашкаджае сабаку працаваць: гладзяць і збіваюць з панталыку. Таму, дарэчы, там усё часцей навучаюць нетыповых для павадырства нямецкіх аўчарак праз "паліцэйскасць" вобраза і строгі выраз твару. [Смяецца.]

Ёсць і іншы момант: нават у Еўропе, асабліва там, дзе ў сілу рэлігійных і этнічных трансфармацый падвышаецца колькасць устаноў з ісламскім каштоўнасным капіталам, для некаторых людзей сабака "нячыстая" жывёла. Зрэшты, некаторыя ўладальнікі прыватных крам і іншых устаноў ставяцца да павадыроў гэтаксама.

Абапіраючыся на гэты досвед, паралельна з навучаннем мы плануем праводзіць "тлумачальную работу": у першую чаргу на маршрутах першых шчаслівых уладальнікаў, на рабочых месцах, у крамах, ВНУ. Дарэчы, у Магнітагорскім універсітэце ў Расіі існуе спецыяльны пакой, дзе невідушчы студэнт можа часова размясціць павадыра, а пасля вучобы ўзяць сабаку і спакойна адправіцца дадому.

Еўрарадыё: Як навучаюць сабак-павадыроў і што плануеце рабіць вы?

Яўген Балінскі: Працэс падрыхтоўкі аднаго сабакі доўжыцца не менш за паўтара года. Спачатку набываюць шчанюкоў (пажадана дзве-тры штукі, каб пазбегнуць сітуацыі, калі патэнцыйны павадыр акажацца няздольным), "залатым стандартам" тут лічацца лабрадоры.

У ходзе сталення, прыкладна да года, будучы павадыр жыве ў валанцёрскай сям'і, дзе за кошт арганізацыі павінна быць забяспечана харчаванне, медыцынскае абслугоўванне, а таксама базавы курс падрыхтоўкі шчанюка, чым мы і хочам займацца. Існуюць цяжкасці: у Беларусі няма кінолагаў, якія мелі б навыкі спецыяльнага навучання сабак павадырскай справе. Пакуль кінолаг не пройдзе навучанне за мяжой, трэк па падрыхтоўцы першых беларускіх сабак-павадыроў не можа быць запушчаны.

Сабака — сябар чалавека / @abikoertekeskus

Кошт шасцімесячнага навучання аднаго такога кінолага ў Расіі з мінімальным пражываннем — каля 20 тысяч рублёў. Карыстаючыся выпадкам, хочацца звярнуцца да сацыяльна адказных кампаній з просьбай пра сустрэчу і магчымасць прадставіць наш праект, каб разам падумаць, што мы можам зрабіць для запуску Цэнтра і тым самым унесці супольны ўклад ва ўладкаванне інклюзіўнай і сацыяльна ўстойлівай праславутай новай Беларусі.

Еўрарадыё: Як змяняецца жыццё невідушчага, у якога з'яўляецца сабака-павадыр?

Яўген Балінскі: Вы ведаеце, яшчэ ў час вучобы ў Гродне нам, патэнцыйным невідушчым, па-сапраўднаму рэальнымі кар'ернымі магчымасцямі бачыліся, увогуле кажучы, дзве: быць масажыстам або настаўнікам музыкі. З тых часоў у Беларусі многае змянілася: на базе мінскіх каледжаў невідушчыя могуць нават навучыцца праграмаванню.

Сабака-павадыр не ўсемагутны, ён не можа замяніць зрок або чалавека-асістэнта, але здольны падарыць радасць самастойнасці, індывідуальных прагулак, наведвання гэтай самай вучобы, працы са спакойным і лёгкім сэрцам, без страху заблудзіць або ўрэзацца ў слуп.

Сабака-павадыр дапамагае зламаць хоць бы некаторыя перашкоды і шчаслівы быць у гэтым карысным.

Дарэчы, мы правялі некалькі апытанняў сярод непасрэдна невідушчых дарослых і/або бацькоў невідушчых дзяцей у Беларусі.

У выніку высветлілі: 100 адсоткаў апытаных маюць патрэбу ў старонняй дапамозе пры перасоўваннях па-за домам, а 50 адсоткаў лічаць, што сабака-павадыр можа дапамагчы ім у вырашэнні гэтых праблем.

Пры гэтым толькі адзінкі апытаных невідушчых гатовыя самастойна фінансаваць працэс падрыхтоўкі сабакі-павадыра, але многія гатовыя забяспечыць яго далейшае пражыванне ў сябе дома.

Мы палічылі, што падрыхтоўка аднаго сабакі ў Беларусі (прынамсі, на першапачатковым этапе жыцця арганізацыі) будзе каштаваць не менш за 10 тысяч рублёў. Гэта, вядома, на 10 тысяч долараў, як у Расіі, але ўсё роўна дорага. Таму паўтаруся, што падтрымка нам вельмі патрэбная.

Еўрарадыё: Ці ёсць у вас нейкая звышзадача?

Яўген Балінскі: Хочацца стварыць такую арганізацыю, якая была б не проста на штучным жыццезабеспячэнні, але, кажучы сучасна, — дыхала самастойна, хоць бы часткова зарабляла.

Для гэтага, вядома, наўрад ці можна гаварыць сёння пра продаж павадыроў беларусам ці за мяжу, але адкрыццё праз колькі часу дадатковага напрамку каністэрапіі (метад лячэння і рэабілітацыі з выкарыстаннем спецыяльна выбраных і навучаных сабак) унутры Цэнтра цалкам рэальнае.

Сям'я сабакі-павадыра / @abikoertekeskus

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.