Найбуйнейшага перавозчыка таксі ў Беларусі выключаць з рэестра на паўгода
Таксоўка, ілюстрацыйнае фота
Кампанію "ТАДЕ плюс" на паўгода выключаць з рэестра аўтамабільных перавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах. Праца фірмы будзе прыпыненая з 2 сакавіка па 2 верасня 2026 года.
Як адзначаюць у Асацыяцыі перавозчыкаў пасажыраў аўтамабілямі-таксі, гэта найбуйнейшая кампанія ў Беларусі, яна працуе ў некалькіх буйных гарадах краіны.
Перавозчык у сваім тэлеграм-чаце растлумачыў прычыну: "Два і больш выяўленыя парушэнні вызначанага парадку прыёму сродкаў плацяжу і (або) выкарыстання касавага абсталявання і (або) плацежных тэрміналаў пры выкананні перавозак на працягу 2025 года".
Маецца на ўвазе, што кіроўцы ўзялі аплату гатоўкай пры адсутнасці таксометраў з СКПО (сродкі кантролю падатковых органаў – спецыяльнай прылады, якая ставіцца на касавы апарат).
Выключэнне з рэестра азначае, што паўгода не змогуць карыстацца сваімі аўтамабілямі як таксоўкамі кіроўцы, зарэгістраваныя ў кампаніі-перавозчыка. У "ТАДЕ плюс" кажуць, што паспрабуюць абскардзіць рашэнне ў судзе.