Фірма ў Польшчы набірала ў працоўнае рабства замежнікаў, у тым ліку беларусаў

Аўтобус, ілюстрацыйнае фота

Аўтобус, ілюстрацыйнае фота / Marcin Jakowiak / UM Białystok

У Польшчы затрымалі злачынную групу, якая карысталася працай замежнікаў.

Кампанія наймала кіроўцаў з-за мяжы для працы на гарадскіх аўтобусах. Потым у замежнікаў забіралі пашпарты, не аддавалі частку заробку і падманвалі наконт медыцынскай страхоўкі. Сярод пацярпелых ёсць і беларусы, піша выданне MOST са спасылкай на польскія СМІ.

У пракуратуры кажуць, што гаворка ідзе пра фірму з Бытама. Яна абслугоўвае каля 50 аўтобусных маршрутаў у некалькіх гарадах Верхнесілезскай агламерацыі — Катавіцах, Глівіцах, Тыхах, Хожуве ды інш.

Кіроўцаў з Беларусі, Азербайджана, Грузіі, Індыі, Украіны прымушалі вадзіць аўтобусы па 300-350 гадзін у месяц. Максімальная працягласць працы склала 450 гадзін у месяц. Памяняць працу або вярнуцца дадому кіроўцы не маглі, бо ў іх забіралі пашпарты.

Пракуратура ўжо выявіла 15 пацярпелых, але допыты працягваюцца.

Абвінавачванні па гэтай справе выставілі сямі асобам, у тым ліку ўладальнікам фірмы Кшыштафу П. і яго жонцы Барбары. Да злачыннага бізнесу мелі дачыненні два супрацоўнікі памежнай службы, адзін з якіх — зяць Кшыштафа і Барбары П. Карыстаючыся базай даных, памежнікі даведваліся, хто з замежнікаў хоча атрымаць дазвол на працу ў Польшчы. Гэтыя звесткі выкарыстоўвалі для вярбоўкі кіроўцаў.

Таксама абвінавачанымі па справе праходзяць трое грамадзян Грузіі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.