АПК створыць інтэрнэт-партал дапамогі беларусам, якіх вярбуюць на вайну
Свята ў Беларусі / LookByMedia
Прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі Вадзім Кабанчук паведаміў, што на працягу месяца плануецца стварыць інтэрнэт-партал для беларусаў, якія апынуліся ў складанай сітуацыі. Праз яго можна будзе атрымаць кансультацыю і інструкцыі.
Кабанчук выступіў у Варшаве на мерапрыемстве "Беларусь у архітэктуры гібрыднай агрэсіі Расіі: рызыкі, сцэнарыі і меры рэагавання для ўсходняга флангу НАТО".
Па яго словах, галоўнай мэтай зараз з'яўляецца наладжванне каардынацыі ў супрацьдзеянні гібрыднай агрэсіі і вярбоўцы беларусаў на так званую СВА. Гаворка таксама ідзе пра вярбоўку грамадзян Беларусі спецслужбамі Расіі і Беларусі ў Еўропе.
"Мы ўжо даволі даўно гаворым пра пагрозы гібрыднай агрэсіі і фіксуем, што яна фактычна ўжо адбываецца", — заявіў Кабанчук.
Па яго словах, Расія праводзіць гэтыя аперацыі сумесна з Беларуссю. Ён заклікаў пераходзіць да практычных крокаў па супрацьдзеянні і дзейнічаць на апярэджанне.
Кабанчук адзначыў, што такая задача стаіць і перад шырокай беларускай грамадскасцю. На яго думку, калі справа дойдзе да маштабнага крызісу і пад мабілізацыю трапіць шмат мужчын у самой Беларусі, як гэта было на акупаваных Расіяй тэрыторыях Данбасу, Луганска і Крыму, гэта закране амаль кожную беларускую сям'ю.