Беларускага экс-палітвязня судзяць у Літве — рыхтаваў замах на расійскага апазіцыянера

Вадзім Дубойскі

Вадзім Дубойскі / фота з яго сацсетак

У Вільні 9 кастрычніка пачынаецца суд па справе аб падрыхтоўцы забойства расійскага апазіцыянера Руслана Габасава і літоўскага грамадскага актывіста Валдаса Барткявічуса.

Сярод шасці абвінавачаных — грамадзяне Грузіі, Літвы, Украіны, а таксама беларус Вадзім Дубойскі, былы палітвязень. Суд пройдзе ў закрытым рэжыме.

Дубойскаму 36 гадоў, ён гітарыст брэсцкага хардкор-панк-гурта Vagitta. У жніўні 2020 года яго затрымалі пасля пратэстаў у Брэсце і збілі ў пастарунку. Калі ён зафіксаваў пабоі, на яго пачалі крымінальную справу. У кастрычніку 2020-га мужчына выехаў у Расію, а ў красавіку 2021-га яго там затрымалі, калі ён спрабаваў перайсці мяжу ва Украіну, каб папрасіць там прытулку. Яго хацелі экстрадзіраваць у Беларусь, але з дапамогай Еўрапейскага суда па правах чалавека Дубойскага ўдалося вызваліць.

Ён пераехаў у Літву, дзе пэўны час ім апекавалася Наталля Калегава ў "Замку".

"Ён то трымаўся, то зрываўся. Быў неўраўнаважаны, мог нешта ўспрыняць вельмі рэзка, псіхануць. Але я ніколі не бачыла, каб ён кінуўся на чалавека або падняў на кагосьці руку. Ён быў запальчывы, але я не лічыла яго агрэсіўным. Мы ставіліся да яго як да такога заблытанага падлетка. Ён мог пасварыцца, сысці, потым зноў з’явіцца. Але хлопчык ён добры. У нашых людзей у "Замку" ён, наколькі я ведаю, не пазычаў грошы і нікога не падманваў", — кажа Калегава ў каментары "Нашай Ніве".

Яна не верыць, што Дубойскі мог быць звязаны з падрыхтоўкай замаху: "Калі мы даведаліся, у якой справе ён апынуўся, усе былі ў шоку". Паводле Калегавай, маці Вадзіма адмовілася прыязджаць у Літву і ўдзельнічаць у лёсе сына.

Калегава мяркуе, што Дубойскі мог пагадзіцца на нейкую выпадковую аплачаную працу, не разумеючы ўсёй схемы: "Я думаю, што ён некуды ўляпаўся за грошы ці праз падман. Магчыма, яго выкарысталі, магчыма, ён камусьці быў вінен грошы. У яго быў бардак у галаве, ён хапаўся за ўсе падпрацоўкі".

Яна кажа, што гэта не першы выпадак, калі беларускіх палітвязняў выкарыстоўваюць. У жніўні 2026 года каля офіса віленскай кампаніі RSI Europe, якая вырабляе беспілотныя сістэмы і пастаўляе Украіне FPV-дроны, з’явіліся пахавальныя вянкі і партрэт кіраўніка кампаніі з чорнай стужкай. Амаль адначасова такая ж акцыя адбылася каля офіса чэшскай абароннай кампаніі CSG.

У Вільні затрымалі ўкраінца, якога, паводле крыніц літоўскіх медыя, мог наняць беларус. Калегава адзначае, што гэта былы беларускі палітвязень, які знайшоў аб’яву пра падпрацоўку і наняў іншага чалавека, каб той адвёз вянкі да офіса. З дапамогай адваката, нанятага Калегавай, яму ўдалося да суда выйсці з-пад варты. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.