На слонімца, у якога затрымалі жонку, пачалі крымінальную справу

Слонімскі блогер Сяргей

Слонімскі блогер Сяргей / фота з сацсетак

На блогера са Слоніма, які заяўляў пра ціск на сям'ю, пачалі крымінальную справу.

Слонімец Сяргей у сакавіку расказаў у TikTok, што яго жонку выклікалі ў Следчы камітэт, пагражалі пазбавіць працы і забраць прыёмных дзяцей з сям'і. Нагодай стала падабайка пад "нядобрай фатаграфіяй" Лукашэнкі ў "Аднакласніках", пастаўленая ў 2016 годзе.  

Пазней стала вядома, што на жанчыну пачалі адміністрацыйную справу, абвінаваціўшы яе ў "распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў". Паведамлялася, быццам у яе знайшлі падпіскі на інтэрнэт-рэсурсы, якія ўлады прызналі "экстрэмісцкімі".

Як заўважыла выданне hrodna.life, на самога слонімскага блогера таксама пачалі справу, але ўжо крымінальную. У яго нібыта знайшлі прадукцыю, якая абражае Лукашэнку. Міліцыя заявіла, што праводзіць праверку.

На міліцэйскім відэа паказалі мужчыну ў кайданках і ў камеры. Сяргей сказаў, што падпісваўся на ўсіх запар і ў гэтую падборку выпадкова трапіла "экстрэмісцкая" інфармацыя.

Канал слонімскага блогера ў TikTok стаў прыватным, і цяпер яго відэа недаступныя.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.