Літовец, асуджаны за шпіянаж на карысць КДБ, просіць абмяняць яго на палітвязняў
Мантас Данелюс / P. Peleckio / BNS
Асуджаны ў Літве за шпіянаж на карысць Беларусі юрыст Мантас Данелюс падаў у суд на прэзідэнта Гітанаса Наўседу.
Такім чынам ён абскарджвае адказы офіса прэзідэнта, якія яго не задаволілі, адносна “абмену шпіёнамі” і патрабуе кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры 100 тысяч еўра, піша LRT.
Цяпер Данелюс, які адбывае пакаранне, хоча быць абменены на грамадзян Літвы, якія знаходзяцца ў зняволенні ў Беларусі. З такой просьбай ён ужо звяртаўся да прэзідэнта, Службы турмаў Літвы і іншых устаноў.
“Офіс прэзідэнта прапануе мне падаць прашэнне аб памілаванні праз адміністрацыю турмы, аднак з адказу турмы Правенішкес-2 відаць, што ўстанова адмаўляецца весці перамовы аб абмене шпіёнамі з замежнымі дзяржавамі або іх пасольствамі, паколькі не мае на гэта законных паўнамоцтваў”, — напісаў Данелюс у лісце журналістцы ELTA.
З гэтага ліста вынікае, што асуджаны ўпершыню звярнуўся з просьбай аб абмене да прэзідэнта Літвы ў траўні 2025 года.
Выданне LRT нагадвае, што на дадзены момант у беларускіх месцах зняволення знаходзяцца восем грамадзян Літвы.