Вы тут

"Ламаць не трэба, і так зламанае". Разважаем пра будучыню аховы здароўя Беларусі

Лекарка Лідзія Тарасенка / архіў

У часе нядаўняй гутаркі Святланы Ціханоўскай з медработнікамі былі агучаныя праблемы сучаснай беларускай медыцыны.

Лекары абмеркавалі прававую неабароненасць спецыялістаў, калі пацыент не задаволены якасцю аказанай яму дапамогі; перапрацоўку; пастаянны адток кадраў; бюракратыю, якая вядзе да падаражэння імпартных лекаў і складанасцяў у закупцы якасных замежных камплектуючых і тэхнікі.

Эксперты таксама адзначылі, што мэта аховы здароўя ў Беларусі цяпер не ў выратаванні людзей, а ў рэалізацыі плана, дзеля чаго Мінздароўя змушае фальсіфікаваць статыстыку ў інтарэсах прапаганды.

Ці ёсць магчымасць паўплываць на сітуацыю ў краіне сёння і што можна зрабіць для паляпшэння якасці медыцыны ў будучыні? Пра гэта і шмат што іншае мы гаворым з прадстаўніцай Фонду дапамогі беларускім медыкам, лекаркай-эндаскапісткай і гастраэнтэролагам Лідзіяй Тарасенка.

Лекары / profi.travel

Еўрарадыё: Ці магчыма рэанімаваць сістэму аховы здароўя Беларусі?

Лідзія Тарасенка: Сёння практычна ўсе сацыяльныя інстытуты ў нашай краіне разбураныя. Таму думаць пра тое, што цяпер існуюць нейкія рычагі глабальнага ўздзеяння на працэсы, якія адбываюцца ў тым ліку і ў медыцыне, мабыць, няправільна. 

Калі год таму яшчэ былі нейкія механізмы ўплыву на ўнутраныя працэсы ў Беларусі, то цяпер на іх уздзейнічаць практычна немагчыма. Рэанімаваць сістэму аховы здароўя, напэўна, можна было б, калі б доктара пусцілі да цела.

Цяпер усе намаганні людзей, якія маюць нейкія рычагі ўздзеяння, накіраваныя на закопванне гэтай сістэмы. Калі раней спрабавалі хоць бы зрабіць выгляд, што гэта не так, то сёння нават выгляду не робяць.

Мы замахнуліся на такую складаную штуку, якую нельга назваць поўнамаштабным планам рэформаў — хутчэй, гэта стратэгія таго, як можна будзе дзейнічаць сістэме аховы здароўя ў будучыні. Мы выдатна разумеем, што невядома, у якім стане будзе эканоміка аховы здароўя, калі ўсё скончыцца, таму планаваць нешта канкрэтнае было б саманадзейна. 

Тым не менш ацэньваць сітуацыю, збіраць статыстыку і глядзець на досвед іншых краін, распрацоўваць прынцыпы і кірункі працы — гэта тое, што мы можам рабіць ужо цяпер. На першай сустрэчы мы толькі пачалі гэтую працу: далі магчымасць агучыць праблемы, якія хвалююць лекараў, і заклікаем уключыцца ў далейшае абмеркаванне ўсю грамадзянскую супольнасць.

 

Еўрарадыё: Давайце зазірнём у будучыню і трохі памарым пра тое, што можна будзе памяняць, калі ў нас усё-ткі з'явіцца такая магчымасць.

Лідзія Тарасенка: З добрых навін: ламаць нічога не трэба, таму што ўсё і так ужо зламанае. Сістэма фактычна развалілася, таму не трэба марнаваць час на перабудову. Вельмі многія рэчы трэба будзе пачынаць з нуля.

Рэформы ў ахове здароўя шмат у чым залежаць ад эканомікі. Немагчыма ўжыць нават самыя лепшыя гуманныя прынцыпы, калі на гэта няма грошай. Мы спадзяёмся, што медыцына будзе, вядома ж, гуманнай і арыентаванай на чалавека. 

Мы выдатна разумеем, што грошы на гэта раптам не з'явяцца, грамадства, якое прызвычаілася дзесяцігоддзямі жыць у адным асяроддзі, раптам не зменіцца, спецыялісты не пачнуць раптам пісаць сумленную статыстыку, таму што баяцца. Яны прывыклі, што за адхіленне ад паказчыкаў, няхай і зусім ідыёцкіх, яны трапляюць пад нейкія рэпрэсіі, таму будзем працаваць з тым, што маем. 

Тым не менш важна для аховы здароўя збіраць рэальную статыстыку: каб чымсьці кіраваць, трэба гэта вымяраць. Нам патрэбна адэкватная ацэнка сітуацыі, таму што нават гэта цяпер недаступна: у нас фактычна няма паказчыкаў, якім можна давяраць. Гэта датычыцца нават колькасці медыцынскіх работнікаў, якія працуюць у краіне. Дакладна падлічыць немагчыма.

Еўрарадыё: У часе гутаркі са Святланай Ціханоўскай спецыялісты, зыходзячы з набытага досведу, дзяліліся сваімі ідэямі на выпадак, калі магчымасць рэанімаваць сістэму аховы здароўя ў Беларусі аднойчы з'явіцца. Давайце абмяркуем некаторыя прапановы. Адна з іх — "прапісаць у законе паняцце аб лекарскай памылцы і ўскладненні". Для чаго гэта трэба і якую праблему можа вырашыць?

Лідзія Тарасенка: У Беларусі, Расіі і некаторых іншых постсавецкіх краінах беспрэцэдэнтная сітуацыя ў плане неабароненасці медыцынскага работніка. За кожны неспрыяльны вынік у дыягностыцы і лячэнні існуе імавернасць крымінальнай адказнасці датычных да лячэння медработнікаў. Незалежна нават ад таго, ці ёсць прычынна-выніковая сувязь паміж іх дзеяннямі і вынікам. 

Немагчыма гарантаваць поспех у ста адсотках выпадкаў. Часам гэта залежыць наогул не ад чалавечага фактару, хоць часам і ад яго. Такая крымінальная адказнасць — велізарны тормаз у развіцці сістэмы аховы здароўя. У тых краінах, дзе яе няма, гэтае пытанне хоць і не вырашаецца лёгка, але існуе значна больш стройная сістэма вырашэння, якая дазваляе выходзіць са складаных сітуацый куды больш бязбольна.

Натуральна, гэта тое, што турбуе лекараў, асабліва хірургаў, таму што не бывае стаадсоткавай гарантыі поспеху ва ўсіх аперацыях. І гэта драйвер таго, што памылкі хаваюцца, фальсіфікуецца статыстыка. Гэта на самай справе вельмі сур'ёзная, важная, глабальная праблема ў нашай ахове здароўя. Існуюць механізмы хай і не поўнага яе вырашэння (ужо занадта складаныя бываюць сітуацыі), але аптымізацыі, калі, па-першае, гаворка не ідзе пра крымінальную адказнасць.

Наогул у нашых законах вельмі размытае паняцце лекарскай памылкі. Напрыклад, у выпадку няўдачы павінны быць механізмы грашовай кампенсацыі пацыенту — не нейкай умоўнай, а той, якая дапаможа спраўляцца з ускладненнямі, аплаціць рэабілітацыю. Вядома, гэта адразу цягне за сабой пытанне, як будзе працаваць эканоміка. Для лекараў гэта важна, таму нядзіўна, што яны гэта агучылі.

Цэлыя структуры павінны займацца ўнутры сістэмы аховы здароўя разборам неспрыяльных вынікаў. Гэта куды больш здаровы падыход у плане вырашэння праблем, таму што, калі праблема не агучаная, памылкі не адпрацаваныя, яны будуць паўтарацца. Гэта складаны працэс, які павінен быць пабудаваны, але — добрая навіна: існуюць прыклады, як гэта працуе ў іншых.

Пратэст медыкаў Беларусі / Еўрарадыё

Еўрарадыё: Мабыць, у тым ліку для гэтага лекары і прапаноўвалі стварыць незалежныя камісіі па разборы спрэчных выпадкаў.

Таксама ў часе вышэйзгаданай гутаркі прагучала прапанова зняць бар'ер для імпарту ў выглядзе неабходнасці рэгістрацыі і перарэгістрацыі пры наяўнасці сертыфікатаў ЕС і допуску на рынак Еўропы. Што тут маецца на ўвазе?

Лідзія Тарасенка: На сёння ў Беларусі існуюць структуры, якія займаюцца сертыфікацыяй абсталявання і расходнікаў — менавіта "жалеза", якое выкарыстоўваецца ў ахове здароўя. Сістэма вельмі грувасткая, з пункту гледжання лекараў зусім незразумела, навошта наогул гэта ўсё трэба. Ёсць думка пра тое, што, прызнаючы еўрапейскія сертыфікаты, мы значна паскорым працу па закупцы абсталявання і расходнікаў. 

А не так, як цяпер, калі на працягу часам нават некалькіх гадоў адбываецца закупка патрэбнага, а часам і непатрэбнага абсталявання і расходнікаў. Мы пазбавімся ад памылак у гэтым працэсе, таму што цяпер ён шматфактарны і бывае так, што на выхадзе атрымліваем зусім не тое, што планавалі першапачаткова, праз тое, што занадта шмат звёнаў у гэтым ланцужку. Ідэя пра тое, як можна спрасціць гэты працэс і сэканоміць грошы. 

 

Еўрарадыё: У будучыні лекары прапануюць дадаць працу па спецыяльнасці на эміграцыі ў працоўны стаж.

Лідзія Тарасенка: А гэта пра тое, як у будучыні можна паспрабаваць вярнуць у краіну спецыялістаў, якія выехалі за мяжу. Тыя, хто выехаў дзесяць гадоў таму, наўрад ці вернуцца, а вось тых, хто выехаў на хвалі апошняй эміграцыі, можна паспрабаваць вярнуць. Мы маем шмат зносін, і я бачу, што настрой жыць і працаваць на радзіме пакуль у шмат каго ёсць.  
 

Еўрарадыё: Чаму лекары прапануюць у будучыні рэарганізаваць работу хуткай дапамогі?

Лідзія Тарасенка: У Беларусі хуткая вельмі часта ўспрымаецца як таксі. Выезд хуткай на адзін выклік можна прыраўняць дзесяці адсоткам заробку лекара. Гэта значыць, дзесяць выклікаў — гэта заробак лекара. Хуткая ездзіць з розных прычын — часам проста памераць ціск.

Часам злоўжыванне паслугай звязанае не толькі з пацыентамі, але і законамі ў краіне, калі, напрыклад, нельга выпісаць наркатычны анальгетык людзям з анкалагічнымі або іншымі сур'ёзнымі захворваннямі. Дзяржава чамусьці баіцца, што гэтыя людзі раптам стануць наркаманамі, а лекарам даводзіцца па тры разы прыязджаць на хуткай, каб зрабіць укол. Такіх сітуацый вельмі шмат.

Вядома, працу хуткай трэба аптымізаваць. На сёння існуе тэлемедыцына, магчымасць дыстанцыйнай камунікацыі, калі можна замяніць часткова вось гэтыя непатрэбныя візіты зносінамі анлайн. Таксама можна было б пачаць людзям выпісваць нармальныя, сапраўды неабходныя ім анальгетыкі. Нюансаў шмат: часта пакутуе абсталяванне, часта — падрыхтоўка людзей, якія працуюць у хуткай.
 

Еўрарадыё: Размаўляючы са Святланай Ціханоўскай, лекары асобна абмеркавалі пытанне рэфармавання судова-медыцынскай экспертызы. Яны расказалі, што судова-медыцынская экспертыза хоць і не наўпрост, але ўскосна падпарадкоўваецца праваахоўным органам. Гэта цягне за сабой пэўныя наступствы ў плане кантролю.

Лідзія Тарасенка: Гэта вельмі балючае пытанне, асабліва цяпер, на фоне таго, што адбываецца пасля жніўня 2020 года. Усе ўспомнілі, што судовая медыцына — гэта менавіта медыцына, хоць яна і не падпарадкоўваецца цяпер Мінздароўя. Пытанне яшчэ больш сур'ёзнае, чым тое, што датычыцца хуткай.

Ці павінна судовая медыцына падпарадкоўвацца МУС, Мінздароўя ці ўвогуле нікому не павінна падпарадкоўвацца? Гэта вельмі складана. Але ні адно з гэтых пытанняў не будзе вырашацца кулуарна або групай з пяці чалавек. Мы працягваем абмяркоўваць праблемы аховы здароўя ў Беларусі і думаць, як будзем іх вырашаць у будучыні.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.