Вы тут

Карэктная і аб'ектыўная: РІКВ растлумачыў за методыку падліку балаў на ЦТ

Аўдыторыя для здачы ЦТ / Фота: adukar.by

Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў адказаў на крытыку методыкі падліку вынікаў цэнтралізаванага тэставання. Супраць сістэмы, уведзенай летась, выступаюць многія рэпетытары. Але ў РІКВ яе лічаць правільнай і аб'ектыўнай.

Напісаў ЦТ наўздагад — 34 балы, рыхтаваўся ўвесь год — 90

Адзін з галоўных довадаў крытыкаў — цяпер ЦТ можна напісаць наўздагад і атрымаць прыдатны вынік. Ёсць прыклад: хлопец "у заклад" расстаўляў у тэсце па рускай мове адказы 1, 3 і 5. І набраў 34 балы са 100.

Сяргей Альшэўскі / facebook.com

— Умоўна кажучы, калі чалавек два гады таму напісаў бы ЦТ на 20-30 балаў, то цяпер з такой жа колькасцю правільных адказаў ён атрымае 50 балаў, — таксама знаходзіць "несправядлівасці" іншы выкладчык Сяргей Дубялевіч. Ён звяртае ўвагу на тое, што методыка дазваляе штучным шляхам падняць сярэдні бал.

У РІКВ з такой ацэнкай не згодныя. У адказе за подпісам дырэктара інстытута Юрыя Місюка сказана, што гаварыць пра штучнае падняцце сярэдняга бала ЦТ "проста бессэнсоўна".

Як гэта працуе і чым гэта крута

У 2019 годзе цэнтралізаванае тэставанне ў Беларусі сталі ацэньваць па-новаму. Да гэтага балы за кожнае заданне залежалі ад таго, колькі абітурыентаў яго рашылі: чым менш рашылі — тым больш балаў. А з мінулага года абітурыент стаў атрымліваць за ўсе заданні першасны бал — безадносна іншых удзельнікаў тэставання. А потым зыходзячы з таго, што сярэдні вынік ацэньваецца ў 50 балаў па 100-бальнай шкале вымярэння, яго пералічваюць у выніковы бал.

"Выконваючы ўсе функцыі ранейшай методыкі, гэта значыць ранжыруючы абітурыентаў па выніках тэставання і забяспечваючы адбор найбольш падрыхтаваных абітурыентаў, новая методыка адначасова дазволіла вырашыць і яшчэ адну задачу — аб'ектыўнае вымярэнне ўзроўню ведаў абітурыентаў у абсалютнай велічыні, якая не павінна залежаць ад складанасці тэсту", — хваляць сваю методыку ў РІКВ.

Як вынік — "балы цэнтралізаванага тэставання перасталі быць для абітурыентаў цяжкавытлумачальнымі і нечаканымі", яны "сталі набліжаныя да вынікаў выніковай атэстацыі па навучальных прадметах" і "з добрай дакладнасцю карэлююць з вынікамі рэпетыцыйнага тэставання". Таксама ў інстытуце адзначаюць, што вынікі ЦТ, падлічаныя па новай методыцы, можна карэктна параўноўваць паміж сабой.

Цяпер атрымліваецца, што тэставы бал вызначае становішча кожнага абітурыента адносна сярэдняга ўзроўню падрыхтоўкі, "выражанае ў адзінках сярэднеквадратычнага адхілення на стабальнай шкале нармальнага размеркавання з выбранымі параметрамі". У інстытуце кантролю ведаў сцвярджаюць, што аналагічныя прынцыпы выкарыстоўваюцца пры шкаляванні вынікаў тэставання ў развітых краінах. "Напрыклад, вынікі тэста SAT (ЗША) па раздзеле "Матэматыка" адлюстроўваюцца на шкале N(500;100). Там сярэдні ўзровень падрыхтоўкі ўсіх, хто здае тэст SAT (за некалькі гадоў), адпавядае 500 балам на ўмоўна 1000-бальнай шкале".

А што рабіць з тымі, хто набірае высокі бал, тыцкаючы пальцам у неба?

Сяргей Дубялевіч лічыць, што праблему вырашыла б увядзенне ў ЦТ трэцяй часткі, або "часткі С", калі ў матэматыцы або фізіцы трэба распісаць задачу, а ў моўных тэстах напісаць эсэ. Гэта дапамагло б больш аб'ектыўна ацэньваць веды.

Але галоўнае, што трэба зрабіць, лічыць Сяргей, гэта "вярнуць тую сістэму, дзе лепш падрыхтаваны вучань атрымае істотна больш балаў, чым дрэнна падрыхтаваны вучань".

Пра гэта ж гаворыць і Сяргей Альшэўскі:

— Вяртанне старой сістэмы — гэта проста must have! Можна дадаць трэцюю частку, як у расійскім ЕГЭ, у якой трэба будзе рашаць задачы або пісаць эсэ.

У РІКВ адказваюць, што працуюць над тым, каб знізіць імавернасць выпадковага ўгадвання адказаў у частцы А. У прыватнасці, па шэрагу навучальных прадметаў павялічана колькасць няправільных варыянтаў у заданнях з выбарам адказу.

"Прапрацоўваюцца іншыя варыянты рашэння гэтай праблемы. Тым не менш адмаўляцца ад так званай часткі А тэста не плануецца", — заключаюць у РІКВ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.