Вы тут

ЦТ метадам тыку: 25 па рускай, 49 па матэматыцы. Наперадзе кітайская!

Эксперымент: Сяргей Альшэўскі здае ЦТ па чатырох прадметах метадам тыку

Кіраўнік праекта "Народны падручнік" Сяргей Альшэўскі метадам тыку здаў цэнтралізаваныя тэставанні па матэматыцы, фізіцы, рускай і кітайскай мовах. Адны бланкі запаўняў "лесвічкай", іншыя метадам "малой хвалі". Зараз яму пачалі прыходзіць вынікі, і... Сяргей набірае досыць балаў, каб несці дакументы ў беларускія ВНУ!

Сяргей Альшэўскі / facebook.com

"Я вырашыў паказаць, што пры новай сістэме ацэнкі веды наогул не патрэбныя для таго, каб прэтэндаваць у тым ліку на бюджэтныя месцы, — тлумачыць Сяргей. — Кожную раніцу я выязджаў на ЦТ і па дарозе запісваў невялікае відэа, дзе расказваў, на які еду прадмет і як буду яго здаваць".

Многія беларускія выкладчыкі і рэпетытары крытыкуюць новыя правілы ацэнкі вынікаў ЦТ, якія ўвяло Мінадукацыі. У кастрычніку, пасля рэпетыцыйнага тэставання, кіраўнік цэнтра "100 балаў" Яўген Лівянт у адкрытую называў змены дэбільнымі, а іх распрацоўшчыкаў — прафнепрыдатнымі.

На думку рэпетытараў, новая сістэма ацэнкі дае перавагу двоечнікам. Маўляў, можна прыйсці на тэставанне, нічога не ведаючы, і рандомам "натыкаць" на прахадны бал. Педагогі заклікалі Мінадукацыі і Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў перагледзець правілы, але да іх аргументаў не прыслухаліся.

13 чэрвеня Сяргей адправіўся на ЦТ па рускай мове. Здаваць яго ён вырашыў метадам "лесвічкі" (ішоў ад першага задання ўніз: першае пытанне — А1, другое — А2, трэцяе — А3 і гэтак далей). А ў частцы Б — проста прабегся вачыма па заданнях, не ўчытваючыся, паставіў выпадковыя адказы і здаў бланк. І ў выніку набраў 25 балаў!

"Гэтага дастаткова, каб прэтэндаваць на паступленне на філфак БДУ, дзе руская мова — профільны экзамен, — уздыхае Альшэўскі. — Для астатніх спецыяльнасцяў прахадны бал — 10. А ў мяне метадам тыку набрана 25!"

17 чэрвеня Сяргей Альшэўскі здаваў матэматыку. Для гэтага ён выбраў так званы метад малой хвалі. Проста ставіў запар адказы 2-3, 2-3, 2-3... У частцы Б — па парадку: 2, 3, 5. Вынік перасягнуў усе чаканні: за 8 правільных адказаў з 30 магчымых Сяргей атрымаў цэлых 49 балаў са 100!

"Гэта на адзін бал менш, чым сярэдні бал па краіне! — абураецца выкладчык. — Атрымліваецца, што зараз любы чалавек, які нічога не ведае, можа натыкаць на сярэдні бал па краіне. Пры гэтым прахадны бал роўны 20 для першага профільнага іспыту, 10 — для другога".

21 чэрвеня, па дарозе на ЦТ па кітайскай мове, Сяргей Альшэўскі паабяцаў выставіць у першай частцы заданняў у лінеечку адказ "тры". Што датычыцца часткі Б, то выкладчык прызнаецца: па-кітайску акрамя прывітальнага "ніхаа" ён нічога не ведае. Падчас выпрабавання проста перамалёўваў іерогліфы, якія былі ў тэксце заданняў.

"Пасля таго як у сеціве апынуліся мае вынікі па ЦТ па матэматыцы, ад асобы, якой мне няма сэнсу не давяраць, я даведаўся, што нашу "падступную змову" раскрылі. Кажуць, РІКВ шукае спосабы "схаваць" мае вынікі тэсту па кітайскай".

Фізіку 24 чэрвеня Сяргей Альшэўскі здаваў па падобным прынцыпе. У частцы А ў лінеечку выстаўляў чацвёрты адказ, у частцы Б, усюды, дзе трэба было паставіць лічбу, ставіў 5.

Вынікаў гэтага выпрабавання ў выкладчыка таксама пакуль няма. На яго думку, гэта ўжо не важна. Каб зразумець, што сістэма "дзіравая", дастаткова паглядзець на вынік па матэматыцы.

 

"Спадзяюся, што прадстаўнікі кантралюючых органаў ужо звярнулі ўвагу на сітуацыю, — кажа Сяргей Альшэўскі. — Спадзяюся, што пасля гэтага матэрыялу чыноўнікаў з сістэмы адукацыі як мінімум звольняць па артыкуле. Пра якую праверку ведаў ідзе гаворка, калі веды падчас ЦТ цяпер не правяраюцца? У сеціве я знайшоў публікацыю жанчыны, якая аналагічна метадам тыку здала ЦТ па біялогіі і атрымала 44 балы.

Гэта космас! З гэтым трэба тэрмінова нешта рабіць. Як на мяне, лепш няхай вынікі пераправераць па старой методыцы і рэальна ацэняць веды абітурыентаў, чым у ВНУ прыйдуць людзі, якія проста "натыкалі". Пасля іспыту па фізіцы перада мной з аўдыторыі выйшла чалавек пяць, якія здавалі рандомна".