Вы тут

“Хай песню для “Еўрабачання” выбіраюць людзі, без прафесійнага журы”

Святлана Стацэнка

Сёлетнім пераможцам Еўрабачання стала спявачка з Ізраіля Нэта. Песня “Toy” (“Цацка”) у яе выкананні ў фінале спеўнага конкурсу набрала 529 балаў. Дзяўчына перамагла з вялікім адрывам, дзякуючы галасам тэлегледачоў. Другое месца атрымаў Кіпр, на трэцім — Аўстрыя. Цікава, што беларускае прафесійнае журы Ізраілю паставіла… 0 балаў! У адрозненне ад шараговых беларусаў, якія паставілі Нэту ў сваім галасаванні на трэцяе месца, аддаўшы ёй 8 балаў.

Чаму беларускія прафесіяналы ад музыкі не разглядзелі ў Нэце фаварытку, тлумачыць сябра прафесійнага журы, кіраўнік Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя Мулявіна Святлана Стацэнка.

 

“Недзе ў глыбіні душы было меркаванне, што песня Нэты будзе ў лідарах”

 

Еўрарадыё: Перамога Нэты стала для вас нечаканасцю?

Святлана Стацэнка: Песня выканаўцы з Ізраілю ― гэта не зусім той матэрыял, які мне падабаецца… Але яна запамінальная, яркая, цікавая, троху нефарматная ― нават фрыкавая. Недзе ў глыбіні маёй душы было меркаванне, што гэта песня будзе ў лідарах.

Еўрарадыё: Тым не менш, у фінале наша журы аддало 12 балаў Кіпру, 10 ― Аўстрыі і ніводнага бала ― Ізраілю…

Святлана Стацэнка: Справа ў тым, што прафесійнае журы ацэньвае з пункту гледжання прафесійнага выканання. А дзяўчынка-ізраільцянка спявала відавочна фальшыва. Не ўсе гэта чуюць, але для прафесійных сяброў жыры гэта добра заўважна.

 

“Не магу паставіць высокую адзнаку чалавеку, які спявае фальшыва, выбачайце”

 

Еўрарадыё: “Еўрабачанне”, відаць, нездарма называюць “конкурсам для хатніх гаспадынь” ― можа, варта ўлічваць падчас галасавання густы “спажыўцоў”?

Святлана Стацэнка: Тады трэба і журы называць не “прафесійнае журы”, а “сябры журы з народа” і набраць туды дзяўчат, якія вядуць кулінарныя праграмы, займаюцца фітнэсам і мужчын, далёкіх ад творчасці ― хай яны расстаўляюць балы! Я не магу паставіць высокую адзнаку чалавеку, які спявае фальшыва, выбачайце. Гэта тое ж, калі шэф-повара з крутога рэстарана прывесці ў звычайную сталовую і папрасіць ацаніць стравы. Пачуўшы песню Нэты, я адчула, што народу ў Еўропе яна спадабаецца. Але ацэньвалі мы выступ у фінале, і там было відавочна дрэнна.

 

Еўрарадыё: І меркаванне букмекераў не варта ўлічваць? Яны ставілі Нэту на другое месца?

Святлана Стацэнка: Ну ведаеце! Вы паклікалі прафесійнае журы і хочаце, каб яны ўлічвалі і букмекераў, і што той сказаў, і што іншы?! Я перакананая, калі чалавек лічыцца прафесіяналам, то ў яго павінен быць свой пункт гледжання ― без аніякага там уліку. Калі я буду ўлічваць гэта і гэта, то навошта мяне клікаць, калі там ужо ўсё ўлічанае? Я ацэньваю тое, што я бачу, і мне не трэба нічога ўлічваць. Я ў такія гульні не гуляю. У букмекераў сваё меркаванне ― ім спадабалася. Але прафесійнае журы і сядзяць для таго, каб яно давала сваю адзнаку. Калі аўстрыец спяваў чыста, нумар прыгожы, то ён ад нас і атрымаў. Калі кіпрыётка была на ўзроўні, хоць і хвалявалася, то і яна атрымала балы. Мне вельмі спадабаўся Рыбак, хоць мне і незразумела, чаго ён ўвогуле туды пайшоў. Хаця, яго сёлетняя песня мне спадабалася значна больш, чым песня-пераможца. Песня ў Рыбака проста афігенная!

Еўрарадыё: Чаму ж ён не выйграў?

Святлана Стацэнка: А чаму выйграла ізраільцянка? Яна для мяне не фаварыт ні разу.

Еўрарадыё: Магчыма таму, што яе песня ў рэчышчы сучасных трэндаў?

Святлана Стацэнка: Давайце цяпер скажам, што ў журы сабралі дзядоў і бабуль, якія не разумеюць сучасных веянняў, тэндэнцый і накірункаў! Усё выдатна я разумею. І ўсё я выдатна чую. Але ўсё адно, я б, пры ўсёй павазе, ніколі не дала сваім вучням матэрыял спявачкі з Ізраіля.

 

ALEKSEEV вельмі напалоханы, хваляваўся”

 

Еўрарадыё: Што ў такім выпадку вы скажыце пра прадстаўніка Беларусі на конкурсе?

Святлана Стацэнка: Мне не спадабаўся выступ. Ён быў вельмі напалоханы, хваляваўся. Я разумею цяжар адказнасці, але ж усе былі ў роўных умовах. Асабіста я б яго не выбрала прадстаўляць краіну на гэтым конкурсе. Але ў журы нацыянальнага адбору я не была, і таму пытанне, як яго маглі выбраць, не да мяне. Сярод удзельнікаў нацадбору асабіста мне вельмі спадабаліся Улад Чыжыкаў і Гюнэш.

Еўрарадыё: Але іх не выбралі. І ў чарговы раз Беларусь паказала сябе на “Еўрабачанні” вельмі сціпла. Можа, з такімі вынікамі і сэнсу ўдзельнічаць няма?

Святлана Стацэнка: Вядома, трэба! А чым мы горшыя за іншых? Трэба ісці далей, шукаць музычны матэрыял, набірацца вопыту, спрабавацца, працаваць. Калі ёсць магчымасць, то чаму мы не мусім браць удзел, я не разумею? Людзі расчароўваюцца? Не трэба. Хай перажываюць, балеюць, падтрымліваюць нашу краіну і нашых выканаўцаў, і ўсё будзе ў парадку. Трэба не ад удзелу адмаўляцца, а іншае неабходна прыбраць. Вось, прыехаў наш выканаўца не з тым вынікам, як бы нам хацелася ― падтрымайце яго, а не “лажайце”. Выканаўцы з іншых краін ідуць на конкурс проста каб паказаць сябе, а ў нашых заўжды нейкі цяжар адказнасці цісне на плечы: “А што потым скажуць людзі?”.

Еўрарадыё: А людзі цяпер кажуць: “Народнае журы прагаласавала за пераможцу, а прафесійнае ― не”…

Святлана Стацэнка: Калі вы паклікалі прафесійнае журы, то мы і далі прафесійную ацэнку. А падабаецца яна ці не, мяне асабіста не вельмі хвалюе.

 

Можа, трэба прыбраць у нас прафесійнае журы?

 

Еўрарадыё: Можа, у вас ёсць рэцэпт, як нам выйграць Еўрабачанне?

Святлана Стацэнка: Не, не маю такой формулы… Вось, нпрыклад, выйграла сёлета ізраіліцянка ― я б такі матэрыял не давала, а ён узяў і выйграў. І тое, што яна міма нот спявала перыядычна, гэтаму не зашкодзіла. Калі б яна ўдзельнічала ў вакальным конкурсе, то на яе б нават рэзкасць не навялі, а тут раз ― і яна пераможца… Таму мне цяжка нейкую формулу вывесці. Можа, трэба прыбраць у нас прафесійнае журы і пасадзіць на нацыянальны адбор людзей, якія не займаюцца музыкай прафесійна? Можа, у іх “чуйка” нейкая іншая, і яна лепш спрацуе. Бо людзі не звяртаюць увагі на нейкія музычныя ды вакальныя нюансы, а ацэньваюць агулам. А я не магу так зрабіць ― спецыфіка працы. Мне трэба, каб усё было чыста і правільна. А народ гэтых ляпаў проста не чуе, хоць я і не разумею, як такое можа быць. Таму, нацыянальны адбор, відаць, павінен быць такі ― выбраць павінен народ.

Еўрарадыё: Тут яшчэ пытанне: “А суддзі хто?”, і як людзі трапляюць у журы?

Святлана Стацэнка: Мяне запрасілі з Белдзяржтэлерадыёкампаніі: патэлефанавалі і спыталі, ці цікава мне паўдзельнічаць. У гэтым складзе журы была выдатная вакалістка Іскуі Абалян, Алекс Набееў з гурта “Атлантыка”. Ну, а чыноўніца Мінкульта (Таццяна Пархамовіч, ― Еўрарадыё)… Мы ж не ведаем, можа, у яе таксама добрая музычная адукацыя ёсць! Але сапраўды: я таксама заўжды задаю такое пытанне, калі адбіраюць дзяцей ― у нас на любым конкурсе ў журы шмат людзей, якія вельмі далёкія ад таго, каб ацэньваць. Але ж нехта іх запрашае…