Гісторыя Марыі Вайтовіч, якая сустракалася з Качанавай, а потым трапіла ў КДБ

Гісторыя Марыі Вайтовіч, якая сустракалася з Качанавай, а потым трапіла ў КДБ

“Мяркуем, вы чулі пра сям'ю Вайтовіч, якая вельмі шмат чаго рабіла ў Бараўлянах. Марыя балатавалася ў дэпутаты, разам з мужам Іванам выхоўвала прыёмных дзяцей, а потым да іх уварваўся натоўп кадэбэшнікаў і амапаўцаў. Яны былі вымушаныя пакінуць Беларусь. Зараз ім патрэбна дапамога”, — вось такое паведамленне прыйшло на пошту Еўрарадыё.

Марыя Вайтовіч — актывістка з пасёлка Вопытны Бараўлянскага сельсавета. Зусім нядаўна жанчына дамаглася сустрэчы са старшынёй Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай, якая, са слоў Марыі, паставіла яе ў прыклад мясцовым чыноўнікам, сказаўшы, што такім людзям трэба адпавядаць.  

Ці мела размова сэнс, Марыя не даведалася, бо ў ліпені апынулася на Акрэсціна як падазраваная ў “датычнасці да тэрарызму”. Пасля таго як жанчыну выпусцілі, яна з’ехала разам з сям’ёй.

Доўгі час Марыя не хацела размаўляць з журналістамі, бо адчувала небяспеку, але цяпер пагадзілася расказаць сваю гісторыю чытачам Еўрарадыё.

Гісторыя Марыі Вайтовіч, якая сустракалася з Качанавай, а потым трапіла ў КДБ
Марыя і Іван Вайтовічы / архіў

Мне заўсёды хацелася нейкага дзвіжу

— Я — звычайная грамадзянка Беларусі хрысціянскага светапогляду. Я — жанчына, я — маці, я — жонка. Разам з мужам выхоўваем родную дачку-студэнтку і двух прыёмных сыноў шасці і дзевяці гадоў. Пры гэтым мне не ўсё роўна, што адбываецца навокал — побач ці цалкам у грамадстве.

Заўсёды недзе ўдзельнічала. Калі ў 2017 годзе ў Бараўлянах пачаліся грамадскія абмеркаванні горадабудаўнічых праектаў, мы пачалі актыўна ўзаемадзейнічаць з мясцовай супольнасцю: змагаліся за тое, каб не высякалі лясы, падымалі экалагічныя пытанні, а таксама тэму больш рацыянальнага развіцця сацыяльнай інфраструктуры.   

Мне заўсёды хацелася нейкага дзвіжу. На свае сродкі зрабілі валейбольную пляцоўку ля нашага дома. За сем гадоў там збілася добрая валейбольная каманда, якая потым удзельнічала і ў гарадскіх турнірах. 

Таксама я ладзіла сустрэчы з так званымі анёламі: запрашала на адну аграсядзібу розных цікавых людзей. Напрыклад, да нас прыязджалі Зміцер Вайцюшкевіч і гурт “Гарадскі Вал”, таксама ладзілі святы Нараджэння Хрыстовага, праводзілі арт-фестываль “Лес”.

Каб на законным узроўні ўзаемадзейнічаць з уладамі, зрабілі орган самакіравання. 

У 2018 годзе я прымала ўдзел у выбарах дэпутатаў у мясцовыя Саветы. Было сабрана шмат подпісаў, але ў выніку паставілі праўладнага кандыдата. 

Гісторыя Марыі Вайтовіч, якая сустракалася з Качанавай, а потым трапіла ў КДБ
Кандыдаты ў дэпутаты, 2018 год / архіў
Гісторыя Марыі Вайтовіч, якая сустракалася з Качанавай, а потым трапіла ў КДБ
Кандыдытка ў дэпутаты Марыя Вайтовіч / архіў

Сустрэча з Качанавай: “Гаворыць яна вельмі добра” 

— На пачатку чэрвеня 2021 года на сайце Бараўлянаў і ў мясцовых чатах абвясцілі, што да нас прыедзе Наталля Качанава. Я патэлефанавала па нумары, каб запісацца на прыём, агучыла пытанні, якія тычыліся горадабудаўніцтва і таго, што Мінскі райвыканкам не ўзгадняе нам сходы, якія павінны быць пры мясцовым самакіраванні. 

Спачатку мне сказалі, каб я пісала лісты у Мінаблвыканкам. Я адказала, што пісалі і нават звярталіся ў суды, але плёну няма. Мне ўсё роўна адмаўлялі ў сустрэчы. Тады я даволі рэзка адрэагавала, маўляў, нічога новага. Іншага адказу і не чакалі: мы, канешне, ведаем, што ў нашай краіне “ўсё для народа”

Са мною развіталіся і паклалі слухаўку, але праз дзве хвіліны ператэлефанавалі і сказалі, што Качанава гатовая мяне прыняць.

Сустрэча праходзіла ў Бараўлянскім сельсавеце. Каб не ведала, што адбываецца ў краіне, сказала б, што прайшла яна прадукцыйна. Качанава ўважліва слухала і рэагавала. Усім мясцовым чыноўнікам, якія прысутнічалі, яна сказала: “Вось! Глядзіце, якія ў вас людзі. Вы не адпавядаеце ўзроўню вашых людзей, а павінны яму адпавядаць. Раўняйцеся на іх”. 

Смешная была размова праз прызму таго, што адбываецца ў Беларусі. Напрыклад, у мой бок Качанава казала: “Марыя Уладзіміраўна павінна быць на першых радках вашых мясцовых СМІ. У вас павінен быць свой тэлеграм-канал, і хай такія, як Марыя Уладзіміраўна, будуць адміністратарамі гэтага канала. Вы павінны падтрымліваць дваровыя актыўнасці і апірацца на такіх, як Марыя Уладзіміраўна. Бярыце прыклад, размаўляйце з гэтымі людзьмі, і тады ў вас не будзе гарачых кропак, як у Новай Баравой”. Казала, што органы самакіравання павінны развівацца і гэта добрая прафілактыка гарачых кропак на целе Бараўлянскага сельсавета.  

Вось такая размова адбылася трэцяга чэрвеня. Гаворыць яна вельмі добра, канешне, але пісьмовага адказу на свае пытанні я так і не атрымала. Мо і ляжыць недзе ў скрыні які ліст, але пасля мяне пасадзілі, а пазней мы з’ехалі. 

Гісторыя Марыі Вайтовіч, якая сустракалася з Качанавай, а потым трапіла ў КДБ
Марыя і Іван Вайтовічы з прыёмнымі дзецьмі / архіў

Прэтэнзіі пачаліся яшчэ да сустрэчы з Качанавай 

— Наш дом — прыгожы і каларытны, светлы з чырвонай паласой, таксама там вісеў сцяг, таму, канешне, да нас прыходзілі. Але не магу сказаць, што міліцыя ў Бараўлянах імкнулася да нейкай расправы. Усё абыходзілася папярэджаннямі. Мы дамаўляліся, маўляў, прабачце, нічога мяняць не будзем. Памятаю, калі Лукашэнка прыязджаў у дзіцячы анкалагічны цэнтр, дык яны ўсё хваляваліся і прасілі, каб мы перафарбавалі фасад дома. Мы ж папрасілі прабачэння, сказалі, што нам усё падабаецца і наогул у нас тут свята Божага Нараджэння, нічога мяняць не будзем, бо так вырашылі. 

Але потым пачалася чарговая гісторыя. 

У нас ёсць “Хор Вольных Бараўлянаў”. Калі яны спявалі на “Экспабеле”, я была побач і рабіла відэа. Відавочна, што мяне заўважылі: бачыла, што міліцыя ехала за мною, калі вярталася дамоў. 

24 сакавіка мяне затрымалі “за ўдзел у несанкцыянаваным культурным масавым мерапрыемстве”. Выпусцілі праз пяць гадзінаў, на наступны дзень адбыўся суд — мне і дзвюм маім сяброўкам далі штрафы па 30 базавых. 

А так узаемадзеянне з мясцовымі органамі ўлады было добрае. Прыязджала нават праўладная прэса. Калі разрульвалі нейкія мясцовыя канфлікты, мяне заўсёды запрашалі. Яны ведалі, што мая пазіцыя будзе адэкватная — не праўладная, але і з віламі я ні на кога не буду кідацца. 

Тым не менш ціск не скончыўся. Восьмага ліпеня ў наш дом уварваліся таварышы, якія зусім не таварышы.

Гісторыя Марыі Вайтовіч, якая сустракалася з Качанавай, а потым трапіла ў КДБ
Марыя / архіў

Казалі, што забяруць сына ў СПЦ

— Прыехаў бус з амапаўцамі і кадэбэшнікі на дзвюх “Джылі”. Уламіліся, палажылі тварамі ў падлогу. Здымалі. Я яшчэ думала тады: “Не-не, не дачакаецеся ад мяне ніякага пакаяльнага відэа, як любіце”

Калі “госці” пабачылі, што з намі дома 9-гадовае дзіцё, яны выклікалі кагосьці з мясцовага РУВД і інспектара па справах непаўналетніх. Казалі, што забяруць сына ў СПЦ. Дзякуй богу, не забралі. Муж застаўся дома, мяне завезлі на размову ў КДБ, а пасля, “паколькі размовы не атрымалася” — “пасядзець і падумаць” у ізалятар на Акрэсціна. На восьмыя суткі адбыўся допыт і сустрэча з адвакатам.

Чаму столькі ўвагі, не разумею. Гэта накшталт нейкай рулеткі. Думаю, у іх ёсць нейкая база звестак актыўных жыхароў і на каго выпадзе — таго і выцягнуць. Пра той тэракт, датычнасць да якога мне прыпісваюць у пратаколах, я нават не ведала. Але ж у КДБ у мяне ўсё роўна пыталіся, ці ёсць я суполцы Атрадаў грамадзянскай самаабароны, ці ведала пра тэракты. Але больш за ўсё пыталіся пра актывізм Бараўлянаў: ці ведаю мясцовых актывістаў, ці ёсць у чатах, ці з’яўляюся адміністратарам, што ведаю пра “Вольны хор” і “Хор Вольных Бараўлянаў”. Вось такія пытанні, не датычныя да таго, што пішуць у пратаколах.           

Гісторыя Марыі Вайтовіч, якая сустракалася з Качанавай, а потым трапіла ў КДБ
Сям'я Вайтовічаў / архіў

Умовы ў “нумарах” на Акрэсціна і нечаканая свабода

— На Акрэсціна былі моманты, што я сядзела адна ў пяцімесным нумары, а пасля нас было сямёра дзяўчат у трохмесным. Напрыклад, двое палітычных, а астатнія — наркаманкі, якія едуць у ЛПП ці якія кагосьці пабілі — такія сацыяльна небяспечныя дзяўчаты. Ад іх не заўсёды смачна пахла. Святло не выключалі, спалі на голых дошках. У той час было вельмі спякотна: фортка ў нас амаль не адчынялася, паветра не хапала. Вакенца, якое выходзіла ў калідор, нічога не давала. У душ не вадзілі, прыбіральня ў нумары, і за намі заўсёды назіралі. 

Ніякіх кніжак не было. Самае добрае, што ў цябе ёсць, — мыла і туалетная папера. 

Канешне, час у такіх умовах цягнуўся вельмі доўга. Але на восьмыя суткі мяне выклікалі на выхад. Завялі ў бусік разам з двума хлапцамі, сказалі глядзець у падлогу і павезлі на допыт. У салоне з намі сядзелі накачаныя хлопцы, якія жартавалі з майго адзення (я была ў сарафанчыку), маўляў, а вы тут якім лёсам?

На допыце мне задавалі амаль усе тыя ж пытанні, што пры першай размове: пра актывізм, за каго галасавала і што не падабалася ў краіне. Адваката адпусцілі, пачалі нешта пісаць. Думала, што мяне не выпусцяць, але — не: адпусцілі, правялі па чырвоных дыванах прыгожага будынка КДБ, сказаўшы, што далей усё будзе залежаць ад таго, што знойдуць на канфіскаваных у нас камп’ютарах і тэлефонах. Падазрэнні з мяне не знялі, я праходжу па артыкулах 16 і 289 Крымінальнага кодэкса.

Гісторыя Марыі Вайтовіч, якая сустракалася з Качанавай, а потым трапіла ў КДБ
На Акрэсціна / Еўрарадыё

Усе настойліва раілі з’ехаць

— Усе настойліва раілі нашай сям’і не заставацца ў краіне. Спачатку выехала я, а пасля муж з малодшымі сынамі. Пакуль мы на аздараўленні, але я не выключаю таго, што прыйдзецца застацца — уладкоўваць дзяцей у школу і, канешне, шукаць працу. 

Да 2018 года я працавала ў Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз судмедэкспертам, але пасля таго, як паўдзельнічала ў выбарах, мяне “ласкава” адтуль папрасілі сысці. 

Потым, паколькі я медык і зразумела, што звязвацца з дзяржаўнымі ўстановамі больш не хачу, вырашыла рабіць тое, каб ні ад кога не залежаць, і асвоіла прафесію масажыста. У апошнія гады падпрацоўвала і выхоўвала дзетак.

Муж таксама з медыцынскай адукацыяй. Апошняя пасада па спецыяльнасці — галоўны санітарны доктар горада Мінска. У 2013 годзе звольніўся, бо на той момант яшчэ міністр аховы здароўя Беларусі Васіль Іванавіч Жарко пачаў усталёўваць свае парадкі. Карацей, мы добра пакаштавалі гэтую сістэму і вырашылі працаваць кім прыйдзецца, каб не залежаць ад дзяржаўнай палітыкі і быць сумленнымі грамадзянамі.

Цяпер сітуацыя такая: на найбліжэйшы месяц у нас ёсць грошы на арэнду кватэры і трохі, каб пажыць. Ехалі з заплечнікамі, пры сабе маем летняе адзенне і па пары кофтачак з доўгімі рукавамі. Калі надвор’е зменіцца, гэта можа стаць праблемай.    

Тым не менш мы рухаемся далей і шукаем пазітыў і ў гэтых пераменах. У нас няма ў планах застацца і пусціць карані за мяжой. Нам трэба выжыць у гэты час і паглядзець, як жывуць людзі, дзе працуюць законы. Мы спадзяёмся вярнуцца ў Беларусь і прывезці з сабою добры досвед.  

Гісторыя Марыі Вайтовіч, якая сустракалася з Качанавай, а потым трапіла ў КДБ
Марыя і Іван / архіў

Грамадзянская пазіцыя не змянілася

— Я б не сказала, што наша грамадзянская пазіцыя змянілася пасля выбараў. Яшчэ са студэнцтва мы жылі каля сядзібы БНФ і добра бачылі, што адбываецца ў краіне з канца 90-х. Заўсёды чыталі незалежную прэсу, прытрымліваліся нацыянальных каштоўнасцяў, дзеткам чыталі казкі на беларускай мове, ездзілі на вандроўкі, якія ладзілі гісторыкі і краязнаўцы Беларусі. Мы заўсёды былі беларусаарыентаваныя, і нам заўсёды не падабалася тое, наколькі ў нас гісторыя перакрэслівалася на вачах тым, што рабіў Лукашэнка і яго паплечнікі. 

Яшчэ працуючы ў дзяржорганах, мы бачылі, што такое статыстыка, як яна робіцца і як робіцца цкаванне непажаданых уладам, таму мы і сышлі з гэтай сістэмы, бо яна лжывая і там немагчыма заставацца і не крывіць душой. 

Нельга сказаць, што дваццаты год моцна перамяніў нашы погляды. Хутчэй за ўсё, мы проста ўзрадаваліся, што шмат людзей ужо пазбавіліся сваіх страхаў і больш не баяцца. 

Але ж шмат чаго і баліць. 

Гвалт сілавікоў і людзі, якія праз яго пакутуюць. Бацькі — за кратамі, дзеці —  самі па сабе. Баліць і тое, што ўсю гэту брыдоту і няпраўду падтрымлівае не толькі Лукашэнка, але і звычайныя людзі — маленькія вінцікі сістэмы, якія жывуць пад лозунгам “Ну вы ж разумееце”

Я ж не разумею, чым яны сябе апраўдваюць. Мне, з аднаго боку, іх і шкада, бо ўсё роўна суд прыйдзе — і чалавечы, і Божы, але колькі людзей ужо пацярпела з-за сваіх светапоглядаў. І я тыя пакуты бачыла.

Сябры з беларускай дыяспары арганізавалі збор у падтрымку сям’і Вайтовічаў. Надзейнасць збору Еўрарадыё пацвердзіла сама гераіня публікацыі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі