Экс-палітвязню прапануюць вярнуцца ў Беларусь па забраны тэлефон
Аляксей Кірэеў / фота з яго акаўнту ў Фэйсбуку
Экс-палітвязню Аляксею Кірэеву прапанавалі вярнуцца ў Беларусь, каб забраць канфіскаваны некалькі гадоў таму тэлефон. Пра гэта мужчына, які перабывае за мяжой Беларусі, расказаў у сваім акаўнце ў Фэйсбуку.
Кірэеву прыйшоў допіс нібыта ад супрацоўніцы Савецкага суда Мінска, якая назвалася Верай. Яна напісала, што з тэлефона Redmi, забранага амаль 5 гадоў таму, знялі арышт.
"Дзякуй, але ж мне ён не патрэбен, пакінь сабе! І нават Мінск і краіну пакідаю вам! Карыстайцеся!" — адказаў экс-палітвязень па-беларуску.
Як вынікае з перапіскі, "Вера" не зусім зразумела беларускую мову і працягвала настойваць, каб Кірэеў забраў гаджэт. У адказ ён прапанаваў здаць тэлефон у краму канфіскату, "дзе шмат тэлефонаў было пасля 2020 года". Але суразмоўніца сказала, што ў пастанове аб зняцці арышту "напісана перадаць па прыналежнасці" законнаму ўладальніку.
На гэта экс-палітвязень заявіў, што не можа зрабіць нават пры жаданні: ён жыве ў іншай краіне, а тэрмін дзеяння беларускага пашпарта скончыўся год таму.
Аляксея Кірэева затрымалі ў кастрычніку 2022 года і абвінавацілі па "народным" артыкуле 342 КК (арганізацыя і ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). У лютым 2023-га суд прысудзіў яму два гады калоніі агульнага рэжыму. тэрмін ён адбываў у калоніі №15 у Магілёве. На волю Кірэеў выйшаў пры канцы лета 2024 года.