Вы тут

Гісторык Ляхоўскі пра стварэнне БНР: Тэлеграма кайзеру — палітычная памылка

Тэлеграма Рады БНР кайзеру, фота з архіва

Пра тое, чаму тэлеграма кайзеру была памылкай лідараў БНР і ці можна было пабудаваць незалежную дзяржаву, маючы ў дзяржаўнай скарбонцы ўсяго 45 рублёў, размаўляем з гісторыкам, кандыдатам гістарычным навук Уладзімірам Ляхоўскім.

Еўрарадыё: Якая, на вашу думку, значнасць БНР? Навошта нам цяпер святкаваць стагоддзе?

Уладзімір Ляхоўскі: Беларуская Народная Рэспубліка — гэта палітычная структура, генетычна звязаная з Усебеларускім з'ездам 1917 года, якая паставіла сабе мэту абвяшчэння і замацавання незалежнасці Беларусі.

Еўрарадыё: На адной са сваіх лекцый вы сказалі, што напярэдадні была абвешчаная незалежнасць Літоўскай рэспублікі, і, магчыма, беларусы трапілі ў гэтую плынь. Ці ўсё ж такі гэта было незалежна ад іншых краін?

Уладзімір Ляхоўскі: Я лічу, што наш варыянт абвяшчэння незалежнасці — гэта прамежкавы праект паміж украінскім і літоўскім варыянтамі. Украінскі нацыянальны рух быў лідарам на тэрыторыі былой Расійскай імперыі, і мы шмат чаго ў іх узялі. Але ў іх была вельмі складаная і ўнутраная, і геапалітычная сітуацыя. Хаця вы ведаеце, што да канца 1918 года Украінская Народная Рэспубліка, украінская дзяржава існавалі як паўнавартасныя дзяржаўныя ўтварэнні, чаго нельга сказаць пра БНР.

Што да Літвы, то яна блізкая нам па розных індыкатарах, але так сталася, што ўся Літва была акупаваная нямецкімі ўладамі. І ўсё ж 26 лютага была абвешчаная незалежнасць Літвы. Перамагла пазіцыя віленскіх беларусаў на чале з братамі Антонам і Іванам Луцкевічамі. Іх ідэя, іх аўтарытэт паўплываў на тое, што 25 сакавіка была абвешчаная незалежнасць Беларусі. Але гэта была дэкларацыя аб намерах, будзем так казаць.

Я лічу, што ўсе гэтыя крокі — абвяшчэнне Трэцяй устаўной граматы, стварэнне правацэнтрысцкага ўраду на чале з Раманам Скірмунтам, а ў прамежку паміж гэтымі падзеямі — тэлеграма кайзеру — вялі да таго. Луцкевічы думалі, што немцы падтрымаюць беларусаў на гэтым шляху, але гэта была палітычная памылка.

Еўрарадыё: Апошнім часам транслюецца шмат вельмі дрэннага стаўлення да гэтай тэлеграмы. Маўляў, яны ледзь не на паклон пайшлі да кайзера.

Уладзімір Ляхоўскі: Па-першае, спачатку на паклон пайшлі бальшавікі, заключыўшы сепаратны мір у Брэсце, аддаўшы велізарную тэрыторыю немцам, частка якой мусіла адысці ці да трэцяга, ці да квазідзяржаў. Па-другое, у пунктах Брэсцкага міру чорным па белым напісана, што гэтая тэрыторыя — зона новай акупацыі. Яна акупаваная да таго моманту, пакуль савецкая Расія не аплаціць кантрыбуцыю. Яшчэ адзін момант — Нямеччына абавязалася не ствараць на гэтай тэрыторыі ніякіх квазідзяржаў. Што тычыцца старой зоны акупацыі, то перамагала лінія стварэння новай літоўскай дзяржавы.

Беларускія палітыкі паказалі сваю недасведчанасць і нявопытнасць. Паглядзіце, як дзейнічалі літоўцы. У Берліне сядзелі два прадстаўнікі літоўскай Тарыбы — Шаўліс і Пурыцкіс, якія адсочвалі крокі і кайзера, і канцлера, і парламента. Яны ўжо ведалі, што цэнтр — правацэнтрысцкія партыі Рэйсхтага, сацыял-дэмакраты — падтрымлівае незалежнасць Літвы. Узамен была проста пэўная палітычная лаяльнасць да Нямеччыны.

Думаю, з боку беларусаў гэта была ў пэўным сэнсе стратэгічная памылка. Усе іх крокі не былі падмацаваныя аналітычным досведам. Калі б яны ведалі, што немцы не падтрымаюць, тэлеграмы не было б.

Еўрарадыё: То бок гэта было ад недахопу кадраў, як сёння кажуць?

Уладзімір Ляхоўскі: Так, не хапала дасведчаных палітыкаў. Абсалютная большасць тых дзеячаў — гэта 1891—1905 гады нараджэння. Ім не было і 30 гадоў. Былі асобныя — Уласаў, іншыя прадстаўнікі Рады БНР — сталага ўзросту, але гэта адзінкі. Не было тых менеджараў, якія маглі праецыраваць новую геапалітычную рэальнасць.

Быў Доўнар-Запольскі, ён стварыў на голым месцы беларускую гандлёвую палату ў Кіеве. Яна фактычна фінансавала ўсе палітычныя, культурныя, выдавецкія праекты БНР цягам усяго 1918 года. Ён адразу сказаў, што акт 25 сакавіка не падлягае ніякай крытыцы і абмеркаванню. Маўляў, ён абвешчаны, і з гэтага трэба зыходзіць. Але паглядзіце, як Запольскі працаваў. Ён не толькі навуковец, але вельмі таленавіты менеджар. Ён сабраў вакол сябе вельмі здатных адміністратараў і інжынераў, гандляроў.

Еўрарадыё: Ці не рызыкоўна было абвяшчаць незалежнасць і пачынаць будаваць рэспубліку, маючы 45 рублёў?

Уладзімір Ляхоўскі: Сапраўды, калі абвяшчалася незалежнасць Беларусі, у скарбонцы Народнага сакратарыята было ўсяго 45 рублёў. Я на сябе навяду шмат крытыкі, я цвёрды прыхільнік незалежнасці, але хачу сказаць, што гэтыя паспешлівыя крокі па абвяшчэнні БНР у прынцыпе зламалі сітуацыю. Калі 26 лютага абвяшчалася незалежнасць Літвы, гэты акт усіх кансалідаваў. Калі мы будзем казаць пра нашу сітуацыю, то 25 сакавіка адбыўся раскол.

Была дамоўленасць, што Рада БНР і Народны сакратарыят папоўніцца прадстаўнікамі мясцовых самаўрадаў, нацыянальных меншасцяў. Дамаўляліся, што Мінская гарадская дума, Мінская земская ўправа падтрымаюць фінансава ўрад БНР і тыя праекты, якія планаваліся. Нават выдаткоўвалася 38 тысяч на будучую арганізацыю Устаноўчага сходу Беларусі. 15 сакавіка мусіла адбыцца агульная канферэнцыя, дзе планавалася абмеркаваць пытанні арганізацыі краёвай улады, усёй вертыкалі. І тут, я паўтаруся, пад уплывам Луцкевічаў адбылося памылковае абвяшчэнне незалежнасці менавіта 25 сакавіка. Калі б яно адбылося ў жніўні, калі была падпісаная дадатковая дамова паміж Нямеччынай і савецкай Расіяй і стала зразумела, што гэтая тэрыторыя ў канцы 1918 года адыдзе да Расіі, то ясна, што прыхільнікаў незалежнасці Беларусі было б значна болей. І не было б такога расколу.

Еўрарадыё: А можна было прадбачыць дамову паміж Нямеччынай і Расіяй?

Уладзімір Ляхоўскі: Прывяду прыклад Пілсудскага, які ў 1917 годзе зразумеў, што Нямеччына прайграе вайну. Яго і ў турму саджалі, але ён цвёрда стаяў на тым, што ніякіх пагадненняў з нямецкім бокам заключаць нельга. Вось прыклад палітычнай прадуманасці. Але ён быў дасведчаным палітыкам. У нас, на жаль, не з'явілася такой фігуры.

Еўрарадыё: Ці быў сярод лідараў БНР чалавек, які патэнцыйна мог стаць беларускім Пілсудскім?

Уладзімір Ляхоўскі: Мне два чалавекі падабаюцца. Там было вельмі шмат таленавітых, БНР была як палітычная школа. Я назаву Мітрафана Доўнар-Запольскага і міністра ўнутраных справаў БНР Кузьму Цярэшчанку. Падчас польска-савецкай вайны ён здолеў арганізаваць беларускія школы, кааператывы і шмат яшчэ розных структур. Другое абвяшчэнне БССР у 1920 годзе было не на пустым месцы. Настолькі грамадства за гэтыя два гады было падрыхтаванае да ідэі самастойнасці Беларусі, што, думаю, у бальшавікоў іншага шляху не было. Проста было б горш, чым з разгонам Усебеларускага з'езду ў 1917 годзе.

Еўрарадыё: Нашыя слухачы пытаюцца: калі б незалежнасць абвясцілі, напрыклад, у жніўні, ці не было б у нас канфлікту з палякамі?

Уладзімір Ляхоўскі: Польска-савецкая вайна пачалася ў лютым 1919 года. Я кажу пра 1918 год. Я думаю, мы шмат надзеяў складаем на Усебеларускі з'езд. Там было кампраміснае рашэнне стварыць краёвую ўладу. Але калі пачытаць першую рэзалюцыю, якую яны паспелі скласці, то там няма нідзе тэрміна "Беларуская Рэспубліка". Толькі ў Кіеве на з'ездзе беларускіх вайскоўцаў паўднёва-заходняга фронту прагучала цвёрдая падтрымка ўтварэння беларускай рэспублікі ў складзе Расіі.

Еўрарадыё: Чаму не атрымалася стварыць сапраўднае моцнае беларускае войска?

Уладзімір Ляхоўскі: У 1917 годзе быў моцны ўсплёск стварэння беларускіх вайсковых арганізацый пад уплывам таго, што царская армія развальвалася. Гуртаваліся і ўкраінцы, напрыклад, і латышы, малдаване нават. А ў 1915 годзе царскі ўрад дазволіў фармаванне польскіх вайсковых арганізацый. У 1916 годзе былі створаныя першыя латышскія дывізіі. Ужо за царскім, за Часовым урадам адбывалася інстытуцыялізацыя вайсковых фармаванняў.

Калі ўзяць украінскую сітуацыю, Заходні фронт (а гэта наша тэрыторыя), то тут ствараецца ўкраінскі вайсковы ўрад на чале з Сымонам Пятлюрам. У кожным батальёне, палку былі ўкраінскія нацыянальныя камітэты. Пад гэтым уплывам пачалося гуртаванне і беларусаў.

Гэта не скончылася, на жаль, тым, што Цэнтральная беларуская вайсковая рада была фактычна згорнутая бальшавікамі. Былі ўжо ўсе падставы стварэння першага беларускага палка ў Мінску. Але не ўдалося.

Потым, калі пачаўся белы рух, былі вайскоўцы, але не было камандзіра. Большасць была прывязаныя да прысягі, якую давала яшчэ ў царскі час. Яны мусілі быць на поўдні Украіны, дзе фармаваліся белыя вайскоўцы. Да таго ж не было сродкаў. Булак-Балаховіч, калі вяліся перамовы аб стварэнні асобнага атрада БНР (на тэрыторыі Эстоніі), пагаджаўся. Але калі ён убачыў рэаліі, убачыў, што ва ўраду БНР не было сродкаў трымаць гэты атрад, ясна, што ён пайшоў на польскі бок, дзе яму абяцалі ўсё.

Еўрарадыё: Вы згадалі, што за два гады прайшла вельмі моцная беларусізацыя. Ці можна браць той вопыт? Як дзейнічалі БНРаўскія настаўнікі, напрыклад?

Уладзімір Ляхоўскі: Па-першае, усе гэтыя працэсы — беларуская выдавецкая справа, беларуская школьная справа, беларускія кааператывы і тэатральныя гурткі, хоры — не фінансаваліся ўрадам БНР. Таму мы павінныя разумець, што беларускі нацыянальны рух шырэйшы за БНР. Беларускія газеты, якія выходзілі ў тыя часы, не фінансаваліся БНР. Іх падтрымлівалі прыватныя асобы, грамадскія суполкі, фонды. Школы, напрыклад, атрымлівалі грошы ад гарадской думы.

Еўрарадыё: Калі б ажыццявіўся той маленькі шанец існавання БНР, што б мы мелі сёння?

Уладзімір Ляхоўскі: Справа тая не пустая. Працэсы, што адбываліся пасля другога абвяшчэння БССР, паказваюць, што шмат напрацовак, напрыклад, аб стварэнні сацыяльнай дзяржавы, былі ўзятыя з БНР. Наркам Прышчэпаў павінен быць разам з айцамі БНР, таму што калі ён узначаліў земляробства ў БССР, пачалася палітыка ўзбуйнення сялянскіх гаспадарак. І калі сюды прыехала партыйная камісія з Масквы, яны схапіліся за галаву. Фактычна, Беларусь ператваралася ў нейкую чырвоную Данію. 

Узлёт і падзенне БНР — вядомыя факты і таямніцы (+відэа)